Медыя

Лэйблы, шмаравідла ды імпартазамяшчэнне. Як бы выглядалі брэнды на роднай мове

На мінулым тыдні інтэрнэт вельмі горача абмяркоўваў шмаравідлу – першы беларускі лубрыкант. У сувязі з гэтым, binkl.by вырашыў трохі пафантазіраваць і ўявіць, як бы выглядалі знаёмыя, а часам новыя для незалежнай Беларусі брэнды.

Багоўка

Biedronka_logo-1024x635

Менавіта так магла называцца культавая сетка польскіх крамаў “Biedronka”, калі б з’явілася ў Беларусі. Толькі сабе ўявіце: навокал адныя “Багоўкі”, а спявачка Валерыя разам з генеральным дырэктарам у лядовым палацы разыгрывае двухпакаёвую кватэру не ў Менску, а ў Беластоку ці Варшаве! Казка, адным словам. А спецыяльна для жыхароў Тэрэспаля і Бяла-Падляскі ў берасцейскую “Багоўку” хадзіў бы бясплатны аўтобус з беларускім кіроўцам – аматарам песень Вікторыі Цыгановай і кінафільмаў з удзелам Міхаіла Парэчэнкава.

 

Ажына

blackberry-passport-3_2040-1-1024x1024

Шмат хто ведае канадскую кампанію “Blackberry”, якая займаецца вытворчасцю смартфонаў бізнэс-класу. Але ў апошні час справы ў кампаніі складваюцца не лепшым чынам, а амаль ўсе стандартныя дадаткі на іх “blackberry OS” не падтрымліваюцца ў Беларусі. Таму самы час адкрыць франшызу, каб выпускаць айчынныя смартфоны бізнэс-класа. Тым больш, што такі досвед у айчынных распрацоўшчыкаў ужо быў: тэлефоны Veon ды Snami. Але гэта ўсё было несур’ёзна ды з налётам на кітайскую таннасць. А вось паяўленне якога-небудзь “Ажына Passport” з платформай “Ажына OS”, qwerty – клавіятурай ды прадусталяваным Viber-ам – самае то, што трэба саліднаму беларускаму бізнэсмэну.

 

Наедак

Snickers_wrapped

Файны энергетычны батончык, які даў бы пад карак усялякім снікерсам ды марсам. І навошта ўсялякія твікерсы, калі можа быць “Наедак” – вельмі смачны пачастунак, калі хочацца есці, а на гэта няма часу. “Наедак” мусіў складацца з першакласнага малочнага шакаладу, цудоўных беларускіх лясных гарэхаў і добраякаснага мёду(замест гэтай вашай нугі). Канкурэнтаздольны кошт і высокая якасць прадукта маглі б зрабіць гэты батончык адзіным на рынку ўсялякіх прысмакаў. Але пакуль што гэта мары і слоган “Няма часу на сабойкі? Трымай “Наедак” застаецца толькі ў нашых галовах.

 

Вада спатольная

san_pellegrino_plastic

Зараз у крамах знаходзіцца безліч розных відаў вады пад усялякімі назвамі: ёсць “Минская”, “Боровая”, “Брестская”, а вось такой, каб спаталяла смагу – няма. Таму Бінокль” усімі рукамі і нагамі за тое, каб у нашай краіне з’явілася вада пад брэндам “Спатольная”. Не, лепей вось так: “Spatolnaja”. Бо, менавіта гэта слова азначае нішто інакш, як спаталяць смагу. Назва ўжо ёсць, застаецца справа за малым: вырыць артэзіянскую скважыну дзе-небудзь у экалагічна чыстым месцы і пампваць сабе прышпільную вадзічку. Ну і, канешне, маркетынг, куды ж без яго. Таму першым тварам вады і амбасадарам брэнду будзе Аляксандр Саладуха – самы шчыры спявак беларускай эстрады і майстар лагодных усмешак.

 

Жабурынне

banki-1024x852

І толькі ад Санта Брэмар. Эксклюзіўная ікра ад берасцейскіх жаб магла б стаць хітом продажаў, а кампанія стаць яшчэ больш прыбытковай і паспяховай. Тым больш, што пакуль яны, як і «Савушкин» ігнаруюць родную мову, а вось выпуск такога жабурэння магчыма прывяло б да з’яўленння новых спажыўцоў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету. Застанецца толькі зрабіць якасную рэкламу, каб яна вызвала слінкі нават у веганаў. Глядзіш і замест чырвонай і чорнай ікры на Новы Год мы будзем есці жабурынне. Ды так, што аж за вушамі будзе трашчаць.

 

Аліва

ect

Нарэшце тавар для сапраўдных мужыкоў. Маторная аліва зберажэ рухавіх і астатнія дэталі вашага аўто ад зносу і пашкоджаняў. Ідэальна спалучаецца і супрацоўнічае з такім аўтамабільным брэндам як «Geely» і не дае вашаму прыгожаму аўто ў хуткім часе ператварыцца ў вялікі кавалак іржавай ламачыны. Так як брэнд беларускі ды з яскравай тутэйшай назвай, то яго б няблага было б прадаваць на запраўках «A-100» ды і ўвогуле ва ўсіх крамах нашай прыгожай краіны. Танны кошт ды восокая якасць дазволіла б брэнду сфармуляваць вось такі слоган: «Навошта табе Shell, калі ёсць «Аліва?».

 

Баваўнянка

Zara2-1024x587

У нашай краіне ёсць шмат якасных тавараў і прадуктаў, але вось паўнацэннага брэнда адзежы няма. Таму, было б няблага стварыць якасную марку вопраткі, якая была б як мінімум канкурэнтаздольнай, а як максімум дала б фору ўсялякім «Zara» ды «H&M», якія пакуль не прадстаўлены ў нашай краіне. «Баваўнянка» — актуальная і стылёвая назва, якая сведчыць, што ўвесь тавар робіцца выключна з бавоўны і без усялякіх акрылаў ды іншай сінтэтыкі. Галоўнае — гэта набраць маладую і крэатыўную каманду, якая будзе хварэць сэрцам і душой за сваю справу.

 

Гумавічок

1649_zheltye-rezinovye-sapogi-shu--1024x1024

Самы час падумаць і пра дзетак. Усе ведаюць, што як толькі на вуліцы пройдзе дожджык, дзеці адразу ж пачынаюць бегаць па лужынах. А пасля хваробы, насмарк, кашаль, ды шмат патрачаных грошай на лекі. Каб гэтага не здарылася, варта было б запусціць калі не брэнд, то хаця б лінейку дзіцячых гумовых ботаў пад назвай «Гумавічок». Яркія і цікавыя прынты мусяць прывабіць чуллівых матуляў сваёй арыгінальнасцю, а кошт не будзе біць па гаманцу, як напрыклад дарослыя гумовыя боты ад «Белшыны».

Аўтар: Вадзім Барысевіч.

binkl.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *