Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Закрытыя закуткi – сакральная прастора горада

Міхал Анемпадыстав разам з газетай  “Вячэрні Брэст”  пешшу прайшоў вулiцамi нашага амаль што 1000-гадовага Брэста i выказаў меркаванне, якое ўражанне пакідаюць тыя куткi, да якiх мы або прызвычаiлiся з часам, або толькi зараз прыглядаемся. 

Новы тэатр лялек

2

Ну, вы i самi бачыце, што ён несувымерны навакольнаму асяроддзю нi па памерах, нi па аб’ёму, нi па архiтэктурнаму стылю. Тут, на невялiкiм кутку, тры стылi – тэатр драмы з манежам побач, новазбудаванае кафэ «Маяк», ды яшчэ тэатр лялек у трэцiм стылi… Ён нейкi гiганцкi.

Тэатр драмы

Узор нармальнай гарадской архiтэктуры. Пабудова вельмi традыцыйная, цалкам гэтую традыцыю захоўвае. Прыбудова (што выходзiць на лёгкаатлетычны манеж. – Аўт.) абсалютна граматная, пакідае вельмi прыемнае ўражанне сцiпласцi, прастаты – тых першапачатковых якасцяў, з якiх паўставаў класiцызм.

Лёгкаатлетычны манеж на вул. Ленiна

Такiя будынкi, такi нясмелы канструктывiзм, функцыяналiзм нават, яны таксама выклікаюць высокую цiкавасць: як мiнiмальнымi сродкамi зрабiць функцыянальны будынак.

Жылы дом на вул. Ленiна, 62

1

Стварае прыемнае ўражанне, як i ўсе падобныя дамы, бо яны людскiя, буржуазныя, у iх няма iдэалогii, пампезнасцi, ёсць толькi камфорт i якасць жыцця – тое, чаго нам усiм бракуе. Яны пабудаваны для таго, каб у iх жыць. Глядзiце, як класна выраслi туi па суседству, яны таксама ствараюць гарадскую прастору. Ужо старыя, яны выглядаюць як частка гэтага краявiду. У тым дамку, здаецца, вельмi прыемна i ўтульна жыць…

Можа, я закранаю зараз не саму архiтэктуру, а нейкi пачуццёвы складнiк. Такiя закрытыя тэрыторыi, закуткi, куды мы не можам зайсцi проста пагуляць, а толькi зазiрнуць з-за плота цi праз шчылiну, – гэта такая сакральная прастора горада, гэта вельмi класна! У Вiльнi, у Парыжы такога вельмi шмат. Палова Парыжа знаходзiцца ў дварах, куды турыст не патрапiць! А ў нас праблема таго ж Гродна – у тым, што там усё “напрастрэл”. Усе агароджы, муры, брамы – усё гэта знесена, горад бачны наскрозь, як на далонi. Гэта ненармальна, горад павiнен мець вось гэтую закрытую прастору.

Банк БелВЭБ / Банк развiцця

5

Для мяне важна, што гэта польская гiмназiя цi вучэльня была дзяржаўнай установай i пры паляках, i пасля, яна выконвала нейкую функцыю, але потым з гэтай функцыяй ужо не спраўлялася i непазбежна была перабудавана, калi раней не стала гiсторыка-культурнай каштоўнасцю. Кепска цi добра яна надбудавалася – гэта ўжо пытанне прафесiяналiзму архiтэктараў.

Музычная школа № 1 (дзе быў да 2008 года фасад з плюшчом)

У нас жа плюшч (менавiта плюшч, а не дзiкi вiнаград) выжывае i расце на тэрыторыi Беларусi толькi ў Брэсце i Гродне, гэта iх вiзiтоўка. Далей на ўсход яго няма, клiмат для плюшча непрыдатны. А цяпер гляджу, яго на тутэйшых вулiцах няма. Iдзе барацьба з так званым вертыкальным азеляненнем. I ў Мінску дзiкi вiнаград абразаюць. Вiдаць, у Брэсце таксама… А гэта лёгкi, просты, танны i эфектны спосаб ачалавечыць горад, зрабiць яго больш камфортным, больш утульным. Дарэчы, тая самая амяла – на захадзе краiны мы яе бачым, а далей на ўсход няма, таму ў Брэсце заўсёды фатаграфую дрэвы з шарамi амялы.

Музей «Выратаваныя мастацкiя каштоўнасцi»

4

Пабудова побач (упраўленне статыстыкi. – Аўт.) адразу парушае маштабнасць гiстарычнага будынка, стварае для яго новы фон, уводзiць для яго новы кантэкст, i гэты маленькi будынак, а я памятаю яго яшчэ з 80-х гадоў, пачынае выглядаць абсалютна па-iншаму. Яны абсалютна нiяк не прывязаны адзiн да другога, памiж iмi няма нiякай гармонii. Нi на нюансе, нi на кантрасце – папросту два абсалютна розныя будынкі.

Гарадскi сад на скрыжаваннi Ленiна i Машэрава

53

Iдэя нармальная, да таго ж ёсць нейкi гiстарычны бэкграўнд. Толькi вiтаць можна такую тэндэнцыю дэцэнтралiзацыi месцаў прыцягнення для гараджан.

Праспект Машэрава ў напрамку крэпасцi

5

Тут ёсць горадабудаўнiчая макрапраблема: крэпасць адарвана ад цэнтра, нiяк не iнтэгравана ў гарадскую прастору, а такiя адлегласцi, пераходныя зоны памiж часткамi горада – ненармальна. Неабходная задача – наблiзiць людзей да крэпасцi, неяк ажывiць яе. Чыста iдэалагiчны аспект: крэпасць нейкiм чынам дамінуе над горадам, i, што б тут нi рабiлася, як бы нi старалiся, крэпасць сваiм аўтарытэтам як бы пераважвае горад. I тут з гадамi патрэбна будзе дэсакралiзаваць крэпасць, успрымаць яе як гiстарычны аб’ект, якi мае шматузроўневыя, шматсэнсавыя напластаваннi…

Брэсцкая крэпасць

…Я ўдзельнiчаў на пачатку распрацоўкi праекта «Брэст-2019» (па iнiцыятыве маскоўскага бiзнесмена Уладзiмiра Мiкулiка. – Аўт.) i бачыў на свае вочы, як маскоўскiя метадолагi ўзялi ўсё гэта ў свае рукi, як яны кiравалi працэсам. Яны падрыхтавалi гiстарычную даведку для ўсiх удзельнiкаў, бо там былi i англiчане, i аўстрыйцы… А даведка такая: вось розныя нацыянальнасцi, народы, i што для iх азначае Брэсцкая крэпасць. Вельмi добра, я толькi за. А там i палякi, i яўрэi, i лiтоўцы, i немцы, i расiяне ёсць – толькi беларусаў няма ўвогуле. I ўся гэта iдэалогiя пра фарпост, цвердзь i iнш. – яна адразу закладаецца ў канцэпцыю. А для нас жа крэпасць – гэта нешта iншае. Хоць бы таму, што з яе будаўнiцтвам быў знiшчаны адзiн з самых прыгожых гарадоў Беларусi, адзiны, што стаяў на выспах, былi знiшчаны помнiкi архiтэктуры. А другое, што гэтая крэпасць будавалася супраць нас, гэта быў фарпост Расiйскай iмперыi з кругавой абаронай…

1

З iншага боку, сталася, што з пераносам горада дзякуючы тагачасным расiйскiм архiтэктарам тут паўстала рэгулярная, зручная, нармальная гарадская архiтэктура. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. У гэты iмперскi класiцызм з яго прамымi лiнiямi, аднастайнасцю палякi ўнеслi такую жывасць гэтымi катэджамi, больш грамадзянскай архiтэктурай, i ў вынiку ў цэнтры Брэста атрымалася такая прыемная прастора, адна з найлепшых у Беларусi.

Вул. Дзяржынскага

6

Вось дамок i дзверы – такая гарадская фактура; гiстарычнай каштоўнасцi яны, безумоўна, не ўяўляюць, але ўсё разам – нiякi архiтэктар гэтага не мог прадбачыць, яно толькi само магло ўзнiкнуць, гэта i ёсць сапраўднае гарадское асяроддзе…

Вул. Савецкiх Пагранiчнiкаў

87

Гэты рад дамоў (абласны архiў, клiнiка «Новы зрок» i далей. – Аўт.) няблага пафарбаваны, абсалютна еўрапейскi стыль балкончыкаў, здаецца, нiчога асаблiвага, але вельмi душэўна. Нейкае арт-дэко, адважуся сказаць.

Вулiца прапарцыянальная чалавеку, яна не цісне. Яе шырыня адпавядае вышыні будынкаў. Шмат прыемных, граматных архiтэктурных рашэнняў. Вось, напрыклад, скос на рагу жылога дома, мiнiмальны дэкор… Адгалоскi сусветнага стылю 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, арт-дэко цi стрымлайн.

7

А вось гэта (абрэзанае дрэва. – Аўт.) – тыпова беларускае рашэнне, уся Беларусь такая вось. Не ведаю, хто iх навучыў такiм чынам дрэвы «амалоджваць». Прыязджаеш у нейкi раённы цэнтр – ён увесь у такiх вось «стаўпах», i гэта называецца «амаладжэнне».

Дом на пр. Машэрава

7

Адразу вiдаць, што гэта пазнейшая дабудова 80-х гадоў, так званая эксперыментальная архiтэктура таго часу, але вельмi акуратна зроблена, не парушана паверхавасць*. Звычайна такiя будынкi прызначаліся для супрацоўнiкаў ЦК, АК, ГК цi падобных.

6

А вось гэта жах. Будынак сучасны, а гэтыя цаглінкі-“падстарыначкi” тут з’явiлiся невядома чаму такiмi кавалкамi вакол дзвярэй. Звычайна так рабiлася, бо не хапала грошай, каб цалкам дакласцi, вось яны тут у нас паадпадалi, а тут засталося. Нефункцыянальна, нелагiчна, што ёсць важным патрабаваннем да дызайну. Павiнна быць нейкая ўнутраная логiка, што гэта з гэтага выходзiць, гэта з гэтым спалучаецца. Гэта так, таму што гэта так. А тут проста захацелася – i зрабiлi.

Вул. Савецкая

Павiна быць такая пешаходная вулiца, асаблiва калi яна функцыянуе як цэнтр прыцягнення. Тут з гэтым, здаецца, усё нармальна.

Двары на Савецкай (за аркай «1929 р.»)

4

Такiя занядбаныя двары таксама ствараюць атмасферу, асаблiва калi яны захоўваюцца. Тут жа не такiя вялiкiя iнвестыцыi патрэбны, але гэта непарадная частка, сюды начальства не зазiрне.

«Берасцейскi пасаж», «Гасцiны двор»

1

Гэты навадзел як мiнiмум нецiкавы з архiтэктурнага пункту гледжання, бо такое мы бачылi i ў Менску, i ў Гароднi, i дзе заўгодна. Брукаванкай таксама не здзiвiш нiкога. Дрэвы маленькiя, кволыя – таксама знаёма. Лiхтары не гiстарычныя, якiя прыдумалi – такiя i паставiлi.

Рэкламы таксама не ўпiсаныя, не iнтэграваныя ў архiтэктуру. Але тут пытанне, цi ўвогуле яна патрабуе гэтай iнтэграцыi, бо яна сама па сабе такая дзiўнаватая…

Калi там (на Савецкiх Пагранiчнiкаў. – Аўт.) былi прыемныя каларыстычныя рашэннi, то тут (фасад «Гасцiнага двара». – Аўт.) ужо пачынаецца такая «вкусовщина». Гэтыя два колеры – персiкавы i фiялетавы – абсалютна не спалучаюцца, вызываюць непрыемнае, «болезненное» ўражанне. Зялёны колер увогуле тут невядома чаму. Ён прысутны i на даху. Адкуль ён там? Часткова мне зразумела. Гэта традыцыйны колер дахаў для губернскiх гарадоў Расiйскай iмперыi. Iм спачатку фарбавалiся толькi дзяржаўныя установы. А цяпер па ўсёй Беларусi пачынаюць фарбаваць дахi ў зялёны колер, абсалютна для нас не традыцыйны. У нас былi дахоўка, гонта альбо нефарбаваная бляха, а калi фарбавалi – то сурыкам, чырвона-карычневай фарбай, аксiдам жалеза. Яна пасуе i да дрэва, i да металу, iмiтуе дахоўку – чарапiцу.

Помнiк 1000-годдзю

Гэта абсалютна не беларускi стыль. Нават калi там прысутнiчаюць гэтыя постацi – Вiтаўт, Радзiвiл, то стылiстычна помнiк абсалютна чужародны. Ён пампезны, iмперскi, нагадвае манумент 1000-годдзю Русi ў Ноўгарадзе. Ну, Iллiча няма, i дзякуй Богу!

1

Iншы бок, што сваёй школы, сваёй традыцыi помнiкаў у нас няма. Хiба што вiленскi класiцызм i Ян Глаўбiц – тое, што ён рабiў. Увогуле помнiк, манумент – гэта iмперская з’ява, маркiроўка сваёй тэрыторыi.

Участак ад Маякоўскага да Пушкiнскай

1

Усе гэтыя «новадзелы», нават малыя формы на купалах – усё каштуе грошай, нятаннае ўпрыгожванне. Вось гэты мармур пад нагамi – ён надта ўплывае на ўспрыманне прасторы? Не. Малыя формы з сумнеўнымi мастацкiмi якасцямi – таксама каштуюць будзь здароў! Распыленне дзяржаўных грошай на нiшто. У той жа час там, дзе патрэбна якасная дэтальная архiтэктурная прапрацоўка будынка – там гэтага няма, бо грошай не стае…

vb.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *