Верасень і кастрычнік — гэта месяцы, калі выходзіць найбольшая колькасць тэлевізійных серыялаў. Пачынаюцца новыя праекты, працягваюцца старыя. Разабрацца ва ўсіх навінках — не такая ўжо простая задача. Вось міні-гайд па найлепшых серыялах апошніх тыдняў.

«Нарка» (Narcos)

Крымінальная драма, біяграфія. ЗША, 2-і сезон

Адзнака на IMDB: 8,9 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13964-Narki-2-season.html

У цэнтры серыяла асоба славутага калумбійскага наркагандляра Пабла Эскабара. Галоўную ролю пераканаўча сыграў бразільскі акцёр Вагнер Моўра. Амерыканскія агенты УНБ (упраўлення па барацьбе з наркотыкамі) Мёрфі і Пенья трапляюць у Калумбію, каб прыкрыць трафік какаіна ў Маямі. У Паўднёвай Амерыцы яны сутыкаюцца са спецыфікай рэгіёну, яго жорсткасцю і прадажнасцю.

Пабла Эскабар — гэта легендарны наркабарон. Ён стварыў вялізную нелегальную імперыю і стаў адным з найбагацейшых людзей планеты. Эскабар настолькі адчуваў сваю беспакаранасць і усемагутнасць, што нават выношваў планы стаць прэзідэнтам Калумбіі. Калі на яго палітычнай кар’еры паставілі крыж, то ён пераключыўся на крывавы тэрор. Адны лічылі яго забойцам і пачварай, іншыя, наадварот, узносілі да нябёс.

Эскабар быў недасяжны для паліцыі, паўсюль былі ягоныя людзі, якія папярэджвалі пра небяспеку за крок ад раскрыцця. Пабла ў серыяле не выклікае толькі негатыўных пачуццяў. Стваральнікам атрымалася паказаць яго абсалютна розным чалавекам: і бязлітасным забойцам, і добрым бацькам. Вы ўбачыце Эскабара ў зеніце яго славы, але і ў хвіліны поўнай бездапаможнасці. Хто ён такі? Вырашаць вам самім.

Серыял бярэ найперш сапраўды вельмі моцнай гісторыяй, ён не зацягнуты і дынамічны. Як мінус крытыкі адзначалі толькі адсутнасць персанажаў, якім хочацца спачуваць.

«Адрыў» (The Get Down)

Драма, мюзікл. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,5 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13936-Otzhig.html

Бронкс 1970-х — гэта нібыта і частка Нью-Ёрка, але ён жыве па сваіх правілах. Раён заселены чарнаскурымі і лацінасамі. Вуліцамі правяць банды, прадаюцца наркотыкі, начамі моладзь адрываецца на легальных і падпольных дыскатэках. Ніякіх перспектываў і ніякай будучыні для сябе ніхто не бачыць.

Выйсце застаецца толькі ў творчасці. Школьнік Іезэкіль Фігуэра піша цудоўныя вершы. Аднак таксама не ведае, што рабіць і куды падацца. Ягоная сяброўка і каханне Мілена Круз марыць стаць папулярнай поп-спявачкай, у яе першакласныя дадзеныя, але таксама ёсць бацька-пастар, які супраць таго, каб дачка ішла ў шоу-біз.

«Адрыў» — гэта серыял пра тое, як зараджаўся рэп, ды-джэйства, поп-музыка, культура графіці. Тыя рэчы, без якіх ужо не ўспрымаецца сучасны свет. Фільм атрымаўся вельмі густоўным, усё гэтае незвычайнае адзенне і прычоскі 70-х, дух часу перададзены на выдатна. Ну а пра музычнае суправаджэнне серыяла ўвогуле казаць няма чаго — яно на вельмі высокім узроўні.

«Экзарцыст» (The Exorcist)

Жахі. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,3 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13963-Izgonyayushij_d_yavola.html

Айцец Тамас Артэга — адзін з самых перспектыўных каталіцкіх святароў Чыкага. Ён здольны выклікаць прыхільнасць людзей, размаўляць з імі на адной і той жа мове. Яго парафія не самая багатая, але ў ёй жывуць набожныя людзі. І ўсе ў захапленні ад айца Тамаса.

Такая пастаральная карціна ў свеце святара існуе роўна да таго моманту, пакуль адна з прыхаджанак не прыходзіць да яго з спецыфічнай размовай. Жанчына лічыць, што ў яе дачку ўсяліўся д’ябал. Айцец Тамас спрабуе разупэўніць суразмоўцу, што нячыстая сіла — гэта толькі прыдумкі. І д’ябал не можа наўпрост забраць цела чалавека. Аднак вельмі хутка ён пераконваецца, што не меў рацыі.

Уласнымі сіламі айцец Тамас не здольны справіцца з дэманам, на дапамогу яму праходзіць дасведчаны экзарцыст айцец Маркус. Дачакацца дапамогі ад інстытута Касцёла яны не могуць. У той самы час, калі ў Чыкага чакаецца візіт Папы, у горадзе пачынаюць рабіцца абсалютна невытлумачальныя рэчы…

«Найміт Куоры» (Quarry)

Крымінальная драма, трылер. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,3 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13942-Naemnik_Kuorri-0000-sezon.html

Салдат Куоры вяртаецца з В’етнама пасля другой камандзіроўкі на вайну. Яго не сустракаюць кветкамі, не лічаць героем. Наадварот, бацька просіць нейкі час не з’яўляцца дома, бо яму будзе сорамна перад суседзямі. Мужчыну ніхто не бярэ на працу, бо баяцца запляміць рэпутацыю. Куоры падазраюць у забойствах мірнага насельніцтва, у тым ліку дзяцей.

Гэта тыпаж падобны да герояў «Цынкавых хлопчыкаў» Алексіевіч. Ён ваяваў, бо лічыў, што гэта патрэбна краіне. Але замест падзякі атрымлівае толькі пляўкі ў спіну. Толькі вельмі сумнеўныя персанажы прапануюць Куоры працу наёмнага забойцы. Спачатку салдат адмаўляе, але пагаджаецца ягоны бліжэйшы сябра і саслужбовец.

Гэта загадкавы амерыканскі поўдзень. Мемфіс, штат Тэнэсі. Пяць гадоў перад гэтым тут забілі Марціна Лютара Кінга. І цяпер квасныя патрыёты выступаюць супраць таго, каб чарнаскурыя вучыліся ў адных школах з белымі. Пытанне адносін паміж расамі стаіць вельмі востра.

«Найміт Куоры» — гэта не самы імклівы серыял, падзеі ідуць дастаткова марудна. Аднак тут цікава іншае: што ж робіцца ў душы чалавека, прафесія якога забіваць.

«Чанс» (Chance)

Псіхалагічны трылер. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,2 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-14469-SHans_2016.html

Доктар Хаўс вярнуўся! Не зусім так, вярнуўся акцёр Х’ю Лоры, які выканаў ролю ўсімі любімага Хаўса. На гэты раз персанаж Лоры зноў доктар — псіханеўролаг з Сан-Францыска Элдан Чанс. Ён працуе з цяжкімі выпадкамі псіхалагічных расстройстваў.

Ягонае жыццё мяняе мілая бландзінка Жаклін — у яе адбылося раздваенне асобы пасля выпадкаў хатняга гвалту. Жаклін нібыта падае сігналы трывогі і просіць яе выратаваць.

Не чакайце ад Элдана Чанс цынізму і жартаў на мяжы фола, як было ў «Хаўсе». Гэта зусім іншы персанаж, якога рвуць знутры сумневы і няўпэўненасць. Ён знаходзіцца ў скаладаных маральных выбарах. А ў жыцці Чанса нямала таямніц.

«Прызначаны пераемнік» (Designated Survivor)

Палітычны трылер. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,1 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13957-Poslednij_kandidat-0001-sezon.html

Апакаліптычная карціна: тэрарыстамі да рэшты знішчаны вашынгтонскі Капітолій. У будынку загінуў прэзідэнт ЗША, а таксама ўсе парламентары і ўрадоўцы. На такія выпадкі ў патаемнае месца вывозяць аднаго члена ўрада, які і становіцца кіраўніком ЗША, калі іншыя прэтэндэнты не ў стане заняць пасаду. Такога чалавека называюць «назначаным пераемнікам».

У ноч знішчэння Капітолія такім чалавекам стаў міністр жыллёвага будаўніцтва і гарадскога развіцця Том Кіркман. Ён абсалютна нічым не выбітны чыноўнік, у яго няма палітычных амбіцый. Кіркмана службы бяспекі прывозяць позна ўначы ў Белы Дом, дзе ён прыносіць прысягу прэзідэнта ЗША.

Краіна ў хаосе, ніхто не бярэ на сябе адказнасць за тэракт, бунтуе штат Мічыган, вайскоўцы непадкантрольныя, разабрацца ва ўсіх хітрасцях сістэмы Кіркману будзе няпроста.

Варта асобна адзначыць выдатную ігру выканаўцы галоўнай ролі Кіфера Сазерленда.

«Люк Кейдж» (Luke Cage)

Супергеройскі баявік. ЗША, 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,0 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13961-Lyuk_Kejdzh.html

У пантэоне амерыканскіх герояў папаўненне. Сустракайце, знаёмцеся, любіце — Люк Кейдж. Гэта двухметровы здаравяк-афраамерыканец, якога не бяруць кулі. Яны проста адскокваюць ад яго, як тэнісны мячык ад сценкі. Кейдж набыў свае здольнасці дзякуючы… стоп, гэта спойлеры.

Кейдж працуе прыбіральшчыкам у невыразным барбер-шопе ў нью-ёркскім Гарлеме. Абмяркоўвае са сваім начальнікам гульні баскетбалістаў «Нікс», а па вечарах падпрацоўвае мыццём посуду. Люк не хоча высоўвацца, і на гэта ў яго ёсць тысяча прычын.

На долю Люка Кейджа выпадзе «ачыстка» Гарлема ад бандыцкіх кланаў. За ім будуць паляваць усе — і паліцыя, і гангстэры. «Я не герой», — паўтарае Кейдж амаль кожную серыю. Ён не хоча быць героем, але будзе.


nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]