Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Медыя

5 фактаў пра «Багач» — першую эканамічную настолку па-беларуску

З 1930 году эканамічныя гульні сталі найбольш папулярнымі настолкамі ва ўсім свеце. На сённяшні дзень беларускамоўных настольных гульняў існуе вельмі мала, і амаль усе яны прадстаўлены на symbal.by.

эканамічна-гістарычная гульня «Багач»

Аўтары настолкі «Багач», пачаўшы праект па збору сродкаў на выданне гульні на платформе Talaka.by, хочуць вырашыць гэтую праблему, стварыўшы цікавую і займальную гульню з нацыянальным каларытам.

«Багач» — гэта эканамічна-гістарычная гульня па-беларуску і пра Беларусь, зробленая ў супрацы з гісторыкамі, дызайнерамі і мастакамі пад кіраўніцтвам каманды «Арт Сядзібы».

Эканамічны складнік гульні навучыць вас фінансавай грамаце і правільнаму размеркаванню грошай на выдаткі, а гістарычная частка пакажа, якім быў Мінск у мінулых стагоддзя, якія вуліцы і шляхі давалі шанец тагачасным жыхарам набіваць свае скарбонкі і кішэні талерамі.

Настолка будзе складацца з гульнявога поля з назвамі старадаўніх вуліц Менску, гістарычнай мапы гораду, картак на маёмасць і камунальныя прадпрыемствы, адмысловых грошаў «Талераў», фішак і дзвюх гральных касцей.

5 цікавых фактаў пра настольную гульню «Багач»: 
1. Асоба «Багача» — прэзідэнт Рады БНР 

На вокладцы гульні «Багач» мы намалявалі не прыдуманага героя, а рэальную асобу. Прататыпам гэтага персанажа стаў беларус Пётр Антонавіч Крачэўскі — выбітны палітычны дзеяч і гісторык, дэлегат І Усебеларускага Кангрэсу, сябра Рады БНР.
З красавіка па травень 1918 ён з’яўляўся міністарам фінансаў БНР. У снежні 1919 года быў абраны прэзідэнтам Рады БНР.

Рада БНР

Пётр Крачэўскі ў верхнім шэрагу, другі злева

Пётр Крачэўскі казаў: «Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».
Ён выконваў абавязкі прэзідэнтам Рады БНР да канца жыцця ў эміграцыі, пасля прыходу бальшавікоў на нашыя землі.

2. Правапіс гульні — Тарашкевіца

Каб дасягнуць большай гістарычнай рэалістычнасці і адпаведнасці атмасферы XVIII стагоддзя, у гульні «Багач» выкарыстоўваецца беларускі класічны правапіс — Тарашкевіца. Гэтая моўная сістэма з’яўляецца першым унармаваным правапісам беларускай мовы.

Першая нармалізацыя беларускага правапісу і граматыкі была зроблена Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе. «Тарашкевіца» афіцыйна ўжывалася да рэформы беларускага правапісу 1933 года.

гульня Багач

3. Горад «Багача» — Менск

У гульні «Багач» вуліцы Мінску носяць свае спрадвечныя назвы, існуе конка, працуе рамізнае (прыватнае) возніцтва і два чыгуначныя вакзалы. Турма знаходзіцца ў замку, які захаваўся і да нашага часу. Горад абнесены старадаўнім земляным валам, а млыны на рацэ Свіслач мелюць зерне.

Гульня Багач Менск

4. Валюта гульні — Талеры

У гульні «Багач» вы плаціце і атрымліваеце прыбытак не рублямі, а талерамі. На Беларусі талеры ўпершыню пачалі адбівацца ў 1564 годзе на Віленскім манетным двары. У незалежнай Беларусі спрабавалі вярнуць талеры да ўжытку, але гэтая задума не ажыццявілася. У гульні мы ўвялі талер, як нацыянальную валюту, і прыдумалі для яго валютны сімвал «Ŧ».

100 талераў гульня Багач

 

5. Сімвалы «Багача» — Пагоня, Шасціканцовы крыж, Калюмны і Васміканцовая зорка

 

Гульня Багач Талеры

Адмыслова для скрынкі гульні быў распрацаваны патэрн з асноўнымі нацыянанальнымі сімваламі: Пагоня, Шасціканцовы крыж, Калюмны і Васміканцовая зорка. Усе гэтыя сімвалы калісьці былі выбраныя людзьмі ў народным галасаванні на сайце «Арт Сядзібы».

Спадарожнымі прадуктамі гульні стануць цішоткі, торбы, наборы налепак і паштоўкі. Выданне наклада гульні плануецца напачатку зімы да Калядаў, яна стане выдатным святочным падарункам для ўсіх беларусаў. Зімовым вечарам у коле сяброў, ці летам на прыродзе з бацькамі, настольная гульня «Багач» дапаможа цікава і прыемна правесці вольны час, таму варта паўдзельнічаць у ажыццяўленні праекта!

Першая эканамічная настолка па-беларуску Багач

У вас ёсць магчымасць спрычыніцца да стварэння і выдання першай беларускай эканамічнай настольнай гульні, а таксама стаць фундатарам, першым уладальнікам гульні, па спецыяльным кошце, атрымаць дадатковыя прадукты з малюнкамі «Багача».

Падрабязней даведацца пра праект і падтрымаць яго можна на платформе Talaka.by.

budzma.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *