Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Топ-6 неадкапаных таямніцаў Беларусі

Да Міжнародны дня археалёгіі адмыслова беларускі археоляг Максім Чарняўскі склаў аўтарскі рэйтынг 6 мясьцінаў Беларусі, усё яшчэ таямнічых для археолягаў.

Максім Чарняўскістарэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.

Максім Чарняўскі

Максім Чарняўскі

Сучаснае гарадзішча на рацэ Менцы ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёну афіцыйна лічыцца «прарадзімаю» гораду, хоць і разьмешчана прыблізна за 15 км ад яго цэнтру. Аднак у першай пісьмовай згадцы Менску пад 1067 годам, у «Аповесці мінулых гадоў», досыць дзіўна апісаны кірунак руху войска Яраславічаў пасьля разбурэньня Менску (як мяркуецца, згаданага гарадзішча) — яны пайшлі «к Нямізе», як раней прыйшлі «к Менску». Калі б ішлі да ракі, то хутчэй напісалі б «на Нямігу». А ісьці «к» нечаму — так казалі пра горад. Дык што гэта: апіска старажытнага летапісца ці Менск стаіць на месцы гораду Нямігі, які зьмяніў імя?

Навагарадак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага

І, згодна зь легендай, месца супачынку ягонага першага князя — Міндоўга. Ён пахаваны пад вялізным курганам, сёньня вядомым як гара Міндоўга.

Юравічы

Гэта адзін з найранейшых археалягічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. Доўгі час лічылася, што гэта першая стаянка, а значыць, месца жытла першабытных людзей. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што, магчыма, археолягі выявілі не стаянку, а месца забою і наступнай разьдзелкі ўпаляваных мамантаў.

Мядзельскі замак

Ён стаяў на паўвысьпе возера Мястра на ўскрайку сучаснага горада Мядзела. Ягоная мініятура на старажытнай мапе паказвае магутныя муры, якія атачаюць цэнтральную вежу-данжон. Аднак усе археалягічныя дасьледаваньні пакуль дазволілі выявіць толькі гэтую вежу-данжон, а іншыя каменныя ўмацаваньні замку або пасьпяхова ўхіляюцца ад сустрэчы з археолягамі, або іх проста не было, а сярэднявечная мініятура — фантазія старажытнага аўтара.

Старажытнае Берасьце

Яго, празь яго разьмяшчэньне на астравах ракі Буг, называлі «Літоўскай Вэнэцыяй». Тое Берасьце было зьнішчана ў 1835 годзе на загад расейскага цара Мікалая І дзеля пабудовы Берасьцейскай крэпасьці — адной з новых заходніх фартэцыяў імпэрыі. Хоць найранейшыя напластаваньні дасьледаваныя і музэефікаваныя, большая частка зьнішчанага гораду яшчэ хавае свае скарбы ў чаканьні дасьледнікаў.

Месца бітвы пад Улай

Бітва адбылася 26 студзеня 1564 году і была адной з найславутых перамогаў нашых продкаў, калі было разьбітае ўдвая большае войска захопнікаў. Паводле сучасьнікаў падзеі, на месцы бою палеглі каля 9 тысяч ваяроў, у тым ліку нямала патанула ў рацэ. Месца бою дагэтуль невядомае.

svaboda.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *