Серыялы сталі неад’емнай часткай сучаснага жыцця. Людзі нярэдка ў сацыяльных сетках задаюцца пытаннем, што б паглядзець новага, калі сканчваецца іх любімы серыял.  Топ 7  найлепшых серыялаў гэтага лета.

«Вельмі дзіўныя рэчы» (Stranger Things)

Навуковая фантастыка, трылер, ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 9,1 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13913-Ochen__strannye_dela.html

Безумоўна, найлепшая прэм’ера гэтага лета. У глухой амерыканскай правінцыі, штаце Індыяна, робяцца зусім невытлумачальныя рэчы. Раптоўна знікае 12-гадовы хлопчык Уіл Баерс. Расследаванні кожны сам па сабе пачынаюць сям’я Уіла, сябры, паліцыя. Кожны з іх выходзіць на вельмі значныя сляды ў гэтай справе…

Галоўную ролю ў фільме выканала славутая Вайнона Райдэр, але асабліва варта звярнуць увагу на ігру выканаўцаў дзіцячых роляў. Асабліва 12-гадовай брытанкі Мілі Бобі Браўн, якая сыграла дзяўчынку па імені Адзінаццаць. Вы сапраўды будзеце ўражаныя.

Чаму «Вельмі дзіўныя рэчы» выклікалі такі энтузіязм гледачоў? Па-першае, бо гэта вельмі пранізлівы фільм. Па-другое, гэты фільм поўны ўсялякіх цытат і перайманняў. Ён адначасова нагадвае вельмі многія фільмы і кнігі і разам з тым не падобны ні на што іншае.

Калі пачнеце глядзець, то памятайце, што серыял зацягвае, і што можаце не заўважыць, як праглядзелі ўсе 8 серый сезона.

«Містэр Робат» (Mr. Robot)

Тэхнатрылер, ЗША. 2-і сезон

Адзнака на IMDB: 8,8 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13775-Mister_Robot-2-season.html

Эліят Алдэрсан — малады кібер-інжынер, які працуе на кампанію па інфармацыйнай бяспецы днём, а ўначы займаецца хакерствам, забяспечваючы ахову сваіх блізкіх і простых жыхароў. Эліят пакутуе ад дэпрэсіі, параноі і нарказалежнасці, што ўвесь час ускладняе ягонае жыццё. Псіхааналітык маладога хакера спрабуе даведацца, якой мэты хоча дасягнуць падлетак, не здагадваючыся пра ягоныя праграмісцкія здольнасці.

Галоўны герой верыць у тэорыю змовы. Аднойчы, патрапіўшы ў хакерскую суполку, ён разам з камандай спрабуе ўзламаць усю сістэму самай буйной карпарацыі, дзеля вызвалення ўсіх жыхароў ад крэдытаў і пазык…

«Містэр Робат» уражвае непрадказальным і заблытаным сюжэтам. Кожная серыя ўяўляе з сябе асобную гісторыю. Серыял спадабаецца праграмістам і анархістам — імкненне людзей да змагання супраць падману карпарацый і ўлады ярка падкрэсліваецца ў сюжэце.

«Прапаведнік» (Preacher)

Чорны гумар, драма, ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,3 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13522-Propovednik-1-season.html

Адразу адзначым, што пачынаць глядзець серыял варта чалавеку падрыхтаванаму ў чорным гумары. Напрыклад, вы глядзелі фільм «Догма»? Калі не лічыце яго блюзнерскім, то бярыцеся смела за «Прапаведніка».

Джэсі Кастэр з’яўляецца прапаведнікам у невялічкай тэхаскай царкве. Ягоны прыход у заняпадзе, сам Кастэр жлукціць віскі і сябруе з вампірам. Ён у кроку ад таго, каб усё гэта кінуць і з’ехаць куды-небудзь далёка-далёка, але яго стрымлівае абяцанне бацьку, а таксама вера ў Бога. І, як тое бывае ў серыялах, у адзін цудоўны дзень усё мяняецца…

«Прапаведнік» з’яўляецца адаптацыяй аднайменнага комікса. Гэта ўжо не першая спроба яго экранізацыі, але дакладна самая ўдалая.

«Тыран» (Tyrant)

Драма, ЗША. 3-і сезон

Адзнака на IMDB: 7,9 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13856-Tiran-3-season.html

У выдуманай мусульманскай дзяржаве Абудзін нечакана памірае стары дыктатар. Прэзідэнтам становіцца ягоны сын Джамаль аль-Фаед. Ягонаму брату Басаму, які адарваўся ад Абуддзіна, працаваў лекарам у ЗША, не падабаюцца метады кіраўніцтва Джамаля. Ён марыць пра дэмакратычную будучыню сваёй радзімы.

У гэтым фільме мноства адсылак да падзей нашага часу: арабская вясна, Ісламская дзяржава і г.д. Фільм дазваляе крыху зразумець механізмы дыктарскіх дзяржаваў і які цяжкі пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі.

«Завучы» (Vice Principals)

Камедыя, ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 7,8 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13911-Zavuchi-001-sezon.html

Суворыя школьныя будні ва ўсёй красе. У дырэктара адной з школ Алабамы смяротна хворая жонка, ён вырашае сысці з працы, каб прысвяціць ёй час. Двое ягоных намеснікаў — Ніл Гэмбі і Лі Расэл — не без падставаў мяркуюць, што зоймуць крэсла дырэктара. Аднак у апошні момант у школу запрашаюць спецыяліста звонку.

Гэмбі і Расэл, якія ненавідзяць адзін аднаго, заключаюць часовы саюз, каб звергнуць новага дырэктара. Яны часта трапляюць у зусім анекдатычныя сітуацыі.

Варта адзначыць, што «Завучы» — гэта бескампрамісны і жорсткі гумар. Магчыма, не кожнаму ён прыдзецца да спадобы.

«Уэйвард Пайнс» (Wayward Pines)

Трылер, ЗША. 2-і сезон.

Адзнака на IMDB: 7,6 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-13640-Uejuord_Pajns-02-sezon.html

Аматарам культавага «Твін Пікса» гэты фільм павінен спадабацца. Агент спецслужб Ітан Бёрк прыязджае ў гарадок Уэйвард Пайнс, штат Айдаха. Гэта вам не зразумелыя Нью-Ёрк і Лос-Анжэлес, гэта загадкавая амерыканская глыбінка, дзе можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

Бёрк вельмі хутка разумее, што ў гарадку адбываюцца страшныя рэчы. Агент спрабуе збегчы, каб не загінуць у Айдаха. Нічога не атрымліваецца — горад з усіх бакоў акружаны сцяной. Толькі бліжэй да канцоўкі першага сезона вы зразумееце, у чым тайна гэтага гарадка ў соснах.

Сезоны атрымаліся вельмі розныя ў сваёй танальнасці. Першы сезон «Уэйвард Пайнса» атрымаўся містычным, другі — жорсткая антыўтопія. Працяг будзе.

«Паміж» (Between)

Навуковая фантастыка, драма, Канада. 2-і сезон

Адзнака на IMDB: 5,9 з 10

Глядзець анлайн: http://seasonvar.ru/serial-11764-Mezhdu.html

У малым гарадку нечакана пачынаюць паміраць усе, хто старэйшы за 21 год. Жыхарамі застаюцца толькі дзеці і падлеткі. Горад узяты ў аблогу людзьмі з аўтаматамі, улады палохаюцца, што загадкавы вірус можа перапаўзці на астатнюю частку краіны.

Сюжэт амаль як у нобелеўскага лаўрэата Жазэ Сарамагу. У ягоных «Слепаце» і «Перабоях у смерці» людзі таксама пастаўленыя ў экстрэмальныя ўмовы. У такія моманты з кожнага персанажа пачынае лезці ягоная сутнасці: хтосьці становіцца героем, хтосьці — нягоднікам.

Як выжываць у свеце, калі ты ведаеш, што дзень 22-годдзя стане апошнім?
nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]