Хочаце апынуцца на месцы герояў роліка? Мы абвяшчаем новы конкурс, дзе суперпрызам — эксклюзіўная дзвюхгадзінная трэніроўка ў шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Віталя Гуркова.

hurkou

Умовы простыя.

1. Вы прынамсі адзін дзень ад рання да вечара размаўляеце па-беларуску. Усюды: у хаце, на дварэ, у краме, на працы, з сябрамі і г.д.

2. Апісваеце ў пісьмовай форме свае ўражанні, рэакцыю людзей, свае радасці і цяжкасці.

3. Калі маеце акаўнт у сацсетках — вывешваеце гісторыю туды з хэштэгам #янебаюсяспрабаваць

4. Дасылаеце гэтую гісторыю + сваю фотку + колькі словаў пра сябе + свае кантакты нам на [email protected] да 15 верасня ўключна. Апроч тэкста (гэта абавязковы фармат) можаце дадаць відэа, аўдыё, здымкі і г.д.

 

Пасля мы запрашаем Віталя Гуркова, чытаем разам з ім усе гісторыі ды выбіраем пераможцаў. Найлепшыя будуць запрошаныя на трэніроўку ва ўзгоднены з Віталём час. Калі нас уразіць адна гісторыя — гэта будзе трэніроўка для аднаго чалавека. Калі пяць — то гэта будзе групавая трэніроўка для пяці чалавек.

Апроч суперпрыза, мы падрыхтавалі для вас шэраг іншых падарункаў — кнігі “Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы”, нашыя фірмовыя саколкі, кубкі і бранзалеты.

Спрабуйце — і перамагайце!

—————————————

Дасылаючы матэрыялы на конкурс, вы даяце згоду на іх апублікаванне ў публічнай прасторы: на сайце movananova.by, у сацыяльных сетках, у прэсе.

У конкурсе могуць удзельнічаць і людзі, якія ў штодзённасці і так размаўляюць па-беларуску. Вашыя ўражанні таксама важныя!

Калі вы хочаце стаць фундатарам конкурса — заснаваць свой прыз — то запрашаем ліставаць на [email protected] У такім разе інфармацыя пра ваш прыз з’явіцца ва ўсіх допісах пра конкурс з нашага боку. 

movananova.by

[supsystic-social-sharing id="1"]