Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
ГісторыяГрамадства

13 плюсаў і мінусаў дэнамінацыі

Дэнамінацыя ў Беларусі мае адбыцца 1 ліпеня. Ад цэнаў і зарплат адкінуць чатыры нулі, дзесяць тысяч стануць адным рублём. Новыя рублі ўжо гатовыя да выкарыстаньня, яны ўжо захоўваюцца ў банках і тэстуюцца адмыслоўцамі.

Рамантыка і фантаны

бросить-монету-в-фонтане-треви

З манэтамі ў сьвеце зьвязана шмат традыцыяў, адна з самых вядомых сярод іх — кідаць манэткі ў фантаны ці рэкі ў вандроўках, каб пазьней вярнуцца. Некаторыя кладуць манэты пад дыванок ля дзьвярэй дома, каб нібыта прыцягнуць у дом удачу. Да таго ж, з манэткамі ёсьць шмат гульняў. Нарэшце, Беларусь была адзінай краінай Эўропы, дзе не было манэтак, апрача юбілейных і калекцыйных: нават непрызнаныя Прыднястроўе і Нагорны Карабах чаканяць свае.

Вам цяжка перавучыцца? Ня вам адным

Перавучыцца на новыя цэны можна было б прасьцей, калі б дэнамінацыя праводзілася ў маштабе 1:1000, але дзяліць на 10 тысяч кропельку цяжэй. Таму цэны ўжо пішуць у старых і дэнамінаваных рублях.  Як справяцца касіры ў крамах з адначасова новымі і старымі цэнамі і купюрамі, цяжка сказаць. Ды перавучвацца давядзецца ня толькі фізычным асобам, але і юрыдычным, якім пісаць справаздачы і плаціць падаткі, і арганізацыям, якім абнаўляць ці перарабляць праграмнае забесьпячэньне для падлікаў без чатырох нулікаў.

Крытычныя рашэньні — падкінуць манэтку

coin-flip-21-xupsw

Калі цяжка прыняць нейкае рашэньне, прынята падкідваць манэтку, абяцаючы зрабіць адно, калі выпадзе «арол» (у беларускім выпадку — афіцыйны герб), і іншае, калі рэшка (намінал). Напрыклад, такая традыцыя выкарыстоўваецца ў футболе, каб абраць, хто гуляе на якім боку поля. А яшчэ манэткамі можна сьціраць абарончыя стужкі на лятарэйных білетах ці картках з пін-кодамі, адкрываць шкляныя бутэлькі з газіроўкай. І заточваць манэткі (ня скажам, навошта, бо гэта наўрад ці плюс).

Вялікія купюры — ня трэба насіць кучу грошай

Намінал найбольшай купюры цяпер значна вырас, у 25 раз. Новыя 500 рублёў — старыя 5 мільёнаў (сярэдняя зарплата — 1,4 «пяцісоткі»). На адну купюру цяпер можна купіць, напрыклад, цэлы смартфон, калі раней на той жа смартфон давялося б несьці цэлы стос паперы. Праўда, першы час купюры ў 200 і 500 рублёў у абарот ня выпусьцяць. Ды і 100 новых рублёў (код — BYN) гэта мільён недэнамінаваных (код — BYR).

Гаманцы ўсё роўна пацяжэюць

Купюраў у гаманцы мо і стане меней, але манэты дададуць і вагі, і таўшчыні гаманцам. Магчыма, шмат каго нават будзе раздражняць, што гаманец перастане ўлазіць у кішэню. Ад гаманцоў-«прышчэпак» дык наогул прыйдзецца адмовіцца. Хіба для манэтак можна выкарыстоўваць маленькую кішэньку, якую часта робяць над правай пярэдняй кішэняй джынсаў.

Вялікія купюры — добра для злачынцаў

1018367961

Пакуль Беларусь уводзіць купюры буйных наміналаў, Эўропа ад іх адмаўляецца — Эўрапейскі Цэнтральны банк абвясьціў, што спыніць выпуск банкноты наміналам 500 эўра з канца 2018 году. Прадстаўнікі праваахоўных органаў мяркуюць, што існаваньне буйных купюраў, магчыма, дапамагае злачынцам і тэрарыстам хаваць незаконныя апэрацыі.

Радасьць фальшываманэтчыкам (пакуль не пасадзяць)

Новыя, малазнаёмыя купюры могуць пачаць актыўна падрабляць. Абароненыя яны, магчыма, і някепска, ды людзі не адразу вывучаць, як адрозьніць падробку ад сапраўдных грошай.  Ды можна спадзявацца, што праваахоўнікі будуць гатовыя да такога і якраз з нагоды дэнамінацыі змогуць злавіць шмат фальшываманэтчыкаў.

Іншае ўспрыманьне цэньнікаў. Магчыма, неэканомнае

1021423003

Ці купляць шакалядку за 20 000 рублёў? Ці купляць за 2 рублі (адна манэтка)? Цалкам верагодна, хоць і не гарантавана, што беларусы пасьля дэнамінацыі стануць ахвотней траціць наяўныя грошы. І траціць меней паперы на даўжэзныя цэньнікі.

Манэткі губляюцца. Да даляра за раз

Згубіць манэтку прасьцей, чым згубіць купюру. Закаціцца пад канапу, выпадзе ў люк — і адразу мінус даляр, калі выпала самая вялікая манэтка. Магчыма, на беларускіх пляжах нават зьявяцца людзі з мэталашукальнікамі, якія будуць зарабляць на тых, хто губляе манэткі. Трэба трэніраваць дробную маторыку пальцаў!

Зноў купюры аднолькавых колераў

488a7f3e87ce2e23ceb9639611a64280

Карыстальнікі цяперашніх рублёў, бывае, блытаюць купюры ў тысячу і 50 тысяч, бо тыя аднолькавых колераў. Так, на іх выразна напісаны намінал, але калі чалавек сьпяшаецца, бывае, глядзіць толькі на колер. А ў новых купюрах амаль аднолькавы колер у 10 і 100, а то і 200 і 500 рублёў. Крыўдна пакінуць у краме 50 тысяч замест тысячы, а 5 мільёнаў замест 100 тысяч… Лепей адразу вучыцца арыентавацца па наміналах ці ўмоўных піктаграмках у левым ніжнім вуглу на «твары» купюры.

Беларусы больш не мільянэры (прынамсі, большасьць)

Праўда, і перад турыстамі не атрымаецца пахваліцца тым, што цэлая краіна — мільянэры (як гэта паўплывае на колькасьць турыстаў, тым больш невядома). Наўрад ці ж многія турысты езьдзілі ў Беларусь, каб сфатаграфаваць фантан, поўны купюраў, кінутых «каб вярнуцца». Дарэчы, каб стаць мільянэрам у новых дэнамінаваных рублях, сярэднестатыстычнаму беларусу давядзецца атрымаць 1413 зарплат.

Прыбытак вырабнікам гаманцоў і капілак

Ðàçáèòü êîïèëêó

Затое добрыя зарплаты могуць атрымаць тыя, хто вырабляе аксэсуары з разьліку на манэты — гаманцы, капілкі, талерачкі для манэтак на касах… Таксама падзарабіць змогуць пастаўшчыкі і наладчыкі, напрыклад, кававых аўтаматаў, бо давядзецца абнавіць праграмнае забесьпячэньне, а дзе-нідзе і сам мэханізм прыёму манэт, якім раней у Беларусі не карысталіся. Між іншым, капілкі папоўняць і асартымэнт сувэніраў турыстам (уявіце капілку ў форме Нацыянальнай бібліятэкі), бо цяжка прадказаць, як попыт беларусаў на капілкі суаднясецца з дэвальвацыйнымі чаканьнямі.

І гэта ня талеры

Новыя беларускія грошы ўсё ж трошкі старыя: яны засталіся рублямі, не займеўшы ўнікальнай назвы. Хоць і беларускія, але гэта рублі, і хоць з «домікамі», але без партрэтаў выбітных беларусаў.

svaboda.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *