Сёлета набор на дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ будзе крыху меншым, чым летась, паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш 11 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта звязана са скарачэннем месцаў па пэўных кірунках і спецыяльнасцях. «Напрыклад, па будаўнічым, эканамічным і прававым профілях у нас цяпер дастаткова спецыялістаў, у той жа час павялічаны набор на навучанне ў галіне аховы здароўя і педагогікі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі», — сказаў ён.

Выпуск са школ у гэтым годзе большы, чым у мінулым, прыкладна на 800 чалавек, зыходзячы з гэтага фарміруецца план прыёму на далейшае навучанне, адзначыў Богуш.

У прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі плануецца прыняць 32,6 тыс. чалавек, у сярэдне-спецыяльныя ўстановы — каля 40 тыс. чалавек, у ВНУ па ўсіх формах навучання — больш за 63 тыс. чалавек.

Намеснік міністра паведаміў, што ў гэтым годзе абнавіліся спецыяльнасці ва ўстановах адукацыі. У ПТВ з’явілася каля 100 новых, у каледжах — адна (аперацыйная дзейнасць лагістыкі), у ВНУ — шэсць, у асноўным педагагічных.

Парогавая адзнака першага ўступнага прадмета па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі — 15 балаў, для гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі і замежных моў, а таксама для рускай і беларускай моў, калі яны з’яўляюцца профільнымі прадметамі, — 20 балаў. Для тых спецыяльнасцяў, дзе мовы профільнымі прадметамі не з’яўляюцца, парогавае значэнне ўстаноўлена на ўзроўні 10 балаў, для другога профільнага прадмета дзейнае значэнне паніжана на 5 балаў.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]