Кампанія“Наша мова” працягвае творчы конкурс сярод берасцейцаў, якія ў паўсядзённасці не гавораць па-беларуску, але хочуць паспрабаваць.

Конкурснае заданне заключаецца ў тым, каб цэлы дзень размаўляць па-беларуску, а пасля апісаць свой эксперымент у эсэ.

Да ўдзелу запрашаюцца берасцейцы, якія звычайна не размаўляюць на беларускай мове. Гэта дапаможа ім папрактыкавацца, лепш зразумець свае адносіны з беларускай мовай, пераадолець бар’еры і атрымаць новы вопыт.

Творчая справаздача (дзённік) павінна быць таксама на беларускай мове. Не трэба саромецца і перажываць, нават калі ўзровень мовы ў канкурсанта не высокі або пісьменнага вопыту замала. Няхай атрымаецца і не без памылак, затое з душой!

Што менавіта пісаць, вырашаюць самі канкурсанты: апісанне сваіх дасягненняў за гэты дзень, эмоцый і адчуванняў, думак, высноў і меркаванняў. “Як эксперымент паўплываў на мяне? Спадабалася мне ці не? Ці паўплывае гэта ў далейшым на маё жыццё?”— пра гэта і многае іншае могуць расказаць удзельнікі, прычым у любым стылі і жанры, без абмежаванняў па аб’ёме.

Журы адбярэ тры лепшыя працы, а пераможцу вызначыць анлайн-галасаванне ў суполцы «Наша мова» 21-22 красавіка.

Фіналістаў чакаюць прызы:

  • 1 месца: powerbank (партатыўны акумулятар) CANYON 10000 mAh;
  • 2 месца: Dual USB Drive 3.0 16 Gb (флэшка можа выкарыстоўвацца адначасова і для кампутара і для смартфона);
  • 3 месца: слухаўкі Philips SHE 7000 WT.

“Дзённікі”трэба даслаць да 20 красавіка на эл. пошту [email protected].

[supsystic-social-sharing id="1"]