19 лютага АРР «Дзедзіч» працягвае праводзіць бясплатныя сустрэчы ў рамках праекта «Ёсць Размова». У гэтую пятніцу вы даведаецеся, як разумна можа працаваць гарадскі транспарт і як у яго «наладзе» могуць паўдзельнічаць жыхары горада.

Тэма лекцыі «Навошта атрымліваць веды пра мабільнасць і транспарт гарадскім жыхарам, актывістам і чыноўнікам?».

Мабільнасць і транспарт вывучаюцца сёння цэлым шэрагам спецыялістаў: энергетыкамі, планіроўшчыкамі, сацыёлагамі. Кожная дысцыпліна робіць акцэнт на тым ці іншым аспекце работы транспарту — уплыў на навакольнае асяроддзе, кошт абслугоўвання, прыязнасць да карыстальнікаў. Пры гэтым у асобна ўзятым горадзе транспартныя рашэнні становяцца прадметам канфлікту, дзе сама пастаноўка пытання паказвае на няведанне жыхарамі і чыноўнікамі пра сувязь грамадскага і асабістага транспарту з экалагічнай сітуацыяй, гарадскім развіццём і сацыяльным укладам. У лекцыі будуць названы прычыны цікавасці тэмы перамяшчэння для шырокіх колаў гараджан, а таксама кірункі, па якіх варта назапашваць і папулярызаваць веды пра мабільнасць. Мы абмяркуем тыповыя прыклады неразумення паміж гарадскімі чыноўнікамі і мясцовымі жыхарамі, а таксама паспяховыя справы, дзе ўсе працавалі разам.

Што: Лекцыя «Навошта атрымліваць веды пра мабільнасць і транспарт гарадскім жыхарам, актывістам і чыноўнікам?»

Дзе: вул. Маякоўскага 46-1

Калі: 19 лютага (пятніца), 19:00

Хто: Андрэй Вазьянаў. Антраполаг, PhD студэнт Інстытута даследаванняў Усходняй і Паўднёва-усходняй Еўропы Універсітэта Рэгенсбург, Германія, аўтар даследавання пра грамадскі транспарт у Украіне і Румыніі.

Уваход вольны!

Даведка:

«Ёсць Размова» — праект агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», у межах якога берасцейцаў чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі (эканамістамі, гісторыкамі, падарожнікамі, літаратарамі, музыкамі і інш.) і займальныя лекцыі. Гэтыя бясплатныя мерапрыемствы накіраваны на развіццё інтэлектуальных зносін у Брэсце, на фарміраванне ў публікі больш аб’ектыўных поглядаў на гісторыю, культуру, эканоміку Беларусі і палепшаныя ўмовы грамадзянскай актыўнасці.

[supsystic-social-sharing id="1"]