У публічнай прамове “Нацыянальная самасвядомасць” з цыклу Urbi et Orbi, Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл па запрашэнні Лятучага ўніверсітэту і Галерэі TUT.BY дзеліцца разважаннямі пра адметнасць нацыянальнай самасвядомасці сваёй краіны і спрабуе яшчэ раз агучыць тыя акцэнты, пытанні, якія лічыць важнымі як для брытанцаў, так і для беларусаў.

Што аб’ядноўвае Беларусь і Вялікабрытанію сёння? Ніколі не здагадаецеся, што гэта праблемы нацыянальнай самасвядомасці. Для беларусаў пытанне ідэнтычнасці — адно з тых, асабліва балючых і вострых, на якія няма адназначных адказаў. Нам нават можа падавацца, што ў гэтым спецыфіка толькі беларускага кантэксту і прыкмета недафармаванасці нашай нацыі, што ёсць краіны, дзе гэтае пытанне не мае ў сабе такога праблемнага складніка. Напрыклад, Вялікабрытанія — з яе багатым гістарычным досведам краіны, што спалучыла ў адным каралеўстве мноства этнічных, рэлігійных, канфесійных, сацыякультурных і іншых ідэнтычнасцяў. Як у палітычнай прасторы, так і на семантычным ўзроўні там дасягнуты выразны кансэнсус і сфармавана даволі акрэсленая ідэнтычнасць. З гэтага пункту гледжання Вялікабрытанія выглядае даволі шчасна. А што скажуць на гэта самі брытанцы? Ці для іх пытанне нацыянальнай самасвядомасці ўжо вырашанае і састарэлае? У пошуках адказаў звернемся да асобы, аўтарытэт якой не выклікае сумневу – Амбасадара Яе Вялікасці спадара Бруса Бакнэла, чалавека, які не толькі дасканала ведае сваю гісторыю і культуру, але і не завочна знаёмы з беларускай.

У адмысловым блогу “4 o’clock з Брусам Бакнэлам”  на сайце Грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі” шчыры і адкрыты да дыскусій спадар Бакнэл, спрабуючы тлумачыць беларусам Брытанію, разважае таксама і над пагрозамі нацыянальнай ідэнтычнасці ангельцаў. Сёння яна размываецца пад уплывам працэсаў глабалізацыі, а нацыянальныя сімвалы Брытаніі сталі настолькі прывабнымі і растыражаванымі, што ўжо перасталі належыць толькі знакавай прасторы Вялікабрытаніі – яны забруджаныя іншымі канатацыямі. І тут немагчыма не задацца пытаннямі: на чым сёння базуецца нацыянальная ідэнтычнасць Аб’яднанага Каралеўства? Як паставіцца да жыхароў “туманнага Альбіёну” – гэта набор розных нацыяў, аб’яднаных тэрытарыяльна – брытанцаў, шатландцаў, валійцаў? Ці гэта ўсё адна велікабрытанская нацыя? Ці магчыма мульцікультурная ідэнтычнасць як адказ на выклікі глабалізацыі?

 Анлайн трансляцыя лекцыі будзе дасяжная на старонцы, а сама лекцыя адбудзецца 20 лістапада а 18.30 у Галерэі TUT.BY (Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57). Уваход вольны!

Крыніца: ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

[supsystic-social-sharing id="1"]