Дзедзіч & Ко

У Берасці адбылася сустрэча з Віктарам Марціновічам

У пятніцу, 31 кастрычніка, грамадская кампанія “Будзьма Беларусамі” пры падтрымцы Дзедзіча зладзіла сустрэчу з вядомым сучасным беларускім пісьменнікам і гісторыкам Віктарам Марціновічам.

UxRVEH0OCKs

Вечарам, на Хэлоўін на офісе Дзедзіча разгарнулася гарачая дыскусія на тэму таго, што азначае быць беларусам, дакладней, быць свядомым беларусам і ці трэба для гэтага ведаць і шанаваць нацыянальных герояў.

Размову пачаў Віктар Марціновіч аповедам пра Марка Шагала, якога доўгі час не лічылі беларусам і які, больш за тое, сам сябе ніколі ім не лічыў. Аднак, у творчасці мастака вельмі бачныя матывы Віцебску, горада, дзе нарадзіўся мастак. Дарэчы, хутка выйдзе ў свет кніга пісьменніка “Марк Шагал. Радзіма”.

Пытанне паўстала само сабой, чаму беларусы так доўга выракаліся свайго славутага на ўвесь свет земляка? Чаму не адстойвалі яго ў расейцаў і французаў. І чаму гэтая гісторыя паўтараецца зноўку і зноўку з іншымі выбітнымі асобамі нашай зямлі?

Нажаль гэтыя пытанні так і не маюць адказаў. Затое сапраўды горача стала тады, калі адзін з слухачоў выказаў думку, што не так ужо нам і патрэбныя гэтыя нацыянальныя героі: “Чаму нельга проста сказаць я беларус – і ганарыцца гэтым? Навошта ўспамінаць нейкіх домрачавых, мірных, шагалаў?” Аднак, нельга не пагадзіцца, што адчуваючы гонар за Алексіевіч, Караткевіча – любога знакамітага беларуса, ты адчуваеш гонар быць таксама беларусам.

YEeB7faJPkE

“Праблема ў тым, – кажа Віктар Марціновіч, – што ў часы СССР склаўся своеасаблівы “пантэон” беларускіх дзячоў культуры, сярод якіх Купала, Колас, тыя ж Песняры, шмат хто, нават Алексіевіч. Пасля распаду Саюза ў нас, у адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, новага культурнага “пантэону” не склалася”.

Не абыйшлася сустрэча і без жартаў. Адзін з гасцей сустрэчы распавёў напаўпрыказку-напаўпраўду пра розніцу менталітэту трох усходнеславянскіх народаў (гісторыя прывезена з Грузіі): “Як паводзяць сябе яны пасля святаў і адпачынку? Рускія – пакінулі пасля сябе смецце, украінцы – нешта скралі, а беларусы – прыбралі пасля сябе.

Мерапрыемства адбылося ў межах праекту “ЁСЦЬ РАЗМОВА”. У хуткім часе плануюцца новыя сустрэчы з вядомымі людзьмі, сачыце за інфармацыяй на сайце dzedzich.org і ў суполках Дзедзіча ў “Укантакце”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *