Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Будаўнікі раскапалі ў Брэсце могільнік готаў

Навукоўцы змаглі даследаваць толькі восем магіл, астатнія былі знішчаны будаўнічай тэхнікай.

1017871791[1]

Магільныя ямы ў брэсцкім мікрараёне «Кавалёва» выпадкова выявілі будаўнікі — на двух гектарах археолагам удалося даследаваць восем ацалелых пахаванняў. На месцы будучай жылой забудовы навукоўцы выявілі попел і фрагменты керамікі.

«Гэта рэдкасць, калі ў горадзе знаходзяць такія старажытныя помнікі з найменш вывучанага перыяду», — паведаміў карэспандэнту Sputnik дацэнт кафедры славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.С. Пушкіна Аляксандр Башкоў.

Выпадковая знаходка

У «Кавалёве» рыхтуецца да жылой забудовы новая пляцоўка, могільнікі знайшлі падчас зняцця ўрадлівага пласта глебы.

«Выявілі магільныя ямы са слядамі трупаспалення — перапаленымі косткамі, камянямі і вуглём», — распавёў Башкоў.

Пры даследаванні пахаванняў навукоўцы знайшлі фрагменты керамічных гаршкоў і адно цэлае донца. Па словах супрацоўнікаў універсітэта, гліняны посуд асабліва цікавы — ён мог быць як элементам дароў памерлым, так і часткай пахавальнага абраду.

1017871915[1]

Магільных ям на двух гектарах шмат, аднак цалкам захавалася толькі восем — астатнія былі значна пашкоджаны будаўнічай тэхнікай.

«Віны будаўнікоў у гэтым няма. Хто ведаў, што там будуць гэтыя пахаванні. Зрэшты, прэцэдэнт створаны. У далейшым пры будаўніцтве трэба быць больш уважліва», — пракаментаваў сітуацыю Башкоў.

«Ёсць пэўная загадка»

Пакуль дакладны ўзрост і прыналежнасць знаходак навукоўцы ідэнтыфікаваць не могуць. Мяркуецца, што магілам каля дзвюх тысяч гадоў.

«Мы мяркуем, што магільнік звязаны з германскімі плямёнамі», — сказаў Башкоў, удакладніўшы, што дзве тысячы гадоў таму тут ішлі сур’ёзныя міграцыйныя працэсы — менавіта германцы нароўні з вандаламі, балтамі і славянамі перамяшчаліся ў свой час па тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці.

«Ёсць пэўная загадка, мы маем стракаты рэгіён з разнастайнымі знаходкамі», — адзначыў дацэнт.

Знойдзеныя пахаванні, спадзяюцца ў БрДУ, дапоўняць карціну вывучэння складанага перыяду.

Дзе готы, там і германцы

Могільнік у «Кавалёве» не першы, знойдзены ў Брэсце: у 1960-х у Трышынскіх могілках археолагі даследавалі старажытнае паселішча племя готаў. З ім у свежых знаходак шмат агульнага — навукоўцы кажуць аб падобных элементах у пахавальным абрадзе. Аднак Трышын быў больш значным аб’ектам — паселішча даследавалі чатыры гады, а цяпер у археолагаў быў толькі месяц.

«Тут будуюць новы мікрараён, таму трэба было спяшацца. Але мы ў чарговы раз убачылі, што Брэст насычаны старажытнымі помнікамі і наша тэрыторыя ў гэтым сэнсе самая цікавая», — дадаў Башкоў.

nn.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *