Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Карціны Якава Балглея перададзены ў дар Музею гісторыі горада Брэста

Карціны мастака Парыжскай школы ўраджэнца Брэст-Літоўска Якава Балглея ўпершыню папоўнілі фонды Музея гісторыі горада Брэста, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

000027_700234_big[1]

Графічныя работы La Priere (“Маленне”) і Le couple (“Пара”) у дар музею 28 верасня перадаў ганаровы консул Францыі ў Брэсце Леанід Стаецкі. Карціны выкананы вугальным алоўкам і сангінай і ўяўляюць ранні і позні перыяды творчасці мастака. Доўгі час яны знаходзіліся ў калекцыі дачкі майстры Бланк Балглей, а затым – у вядомай парыжскай галерэі мадам Шапіра, дзе іх набыў Леанід Стаецкі. Разам з карцінамі ён перадаў музею сертыфікаты, якія сведчаць аб сапраўднасці работ.

0232[1]

Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук, які прыняў удзел у цырымоніі, падзякаваў за падарунак. Мэр назваў падзею знакавай у жыцці культурнай сталіцы Беларусі. “З’явіўся добры прэцэдэнт вяртання работ у наш горад, выхадцы з якога па ўсім свеце пакінулі сур’ёзную культурную спадчыну. Я вельмі рады, што ў нашым горадзе ёсць неабыякавыя заможныя людзі, якія гатовыя гэта ўсяляк падтрымліваць – і арганізацыйна, і фінансава. Думаю, што гэта толькі пачатак вялікага шляху “, – сказаў Аляксандр Рагачук.

0331[1]

Сапраўдныя працы Якава Балглея ўпершыню прадстаўлены на гістарычнай радзіме мастака. Арыгіналы яго палотнаў у асноўным знаходзяцца ў Францыі, больш за тое, на рынку іх практычна няма. “Мне ў гэтым дапамаглі французскія таварышы. Лічу, што нам проста пашанцавала, – падкрэсліў Леанід Стаецкі, адмовіўшыся весці размову аб кошце работ. – Я заўсёды лічыў і лічу, што трэба нешта рабіць для горада, у якім ты нарадзіўся. Акрамя таго, мне хацелася звязаць горад Брэст з Парыжам, якіх у культурным плане многае аб’ядноўвае”.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, работнікі музеяў, творчая інтэлігенцыя, грамадскасць горада.

0427[1]

Якаў Балглей нарадзіўся ў Брэст-Літоўску ў 1891 годзе. У маладыя гады некаторы час вывучаў медыцыну ў Санкт-Пецярбургу, затым вучыўся на архітэктурным аддзяленні Адэскай рысавальнай школы. З 1911 жыў у Парыжы, дзе навучаўся архітэктуры і філасофіі. Часта наведваў знакамітую камуну мастакоў “Вулей”, сярод насельнікаў якой было нямала яго суайчыннікаў: Шагал, Суцін, Цадкін, Кікоін і іншыя. Пры жыцці Якаў Балглей правёў персанальную выставу ў 1924 годзе. У 1925 выканаў 21 афорт для альбома “Незавершаныя эцюды”. Мастак памёр ад сардэчнага прыступу ў 1934 годзе, пахаваны на могілках Пэр-Лашез. Яго рэтраспектыўныя выстаўкі адбыліся ў розныя гады ў парыжскіх галереях.

budzma.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *