Арганізатары фестывалю «Камяніца» які адбудзецца 5 верасня пад Мінскам пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ», абвесцілі імёны артыстаў, якія выступяць на галоўнай сцэне.

Замежнымі гасцямі фестывалю ў гэтым годзе стануць Dzikie Jablka (Польша), Trad Attack! (Эстонія), «Дримба Да Дзига» (Украіна).

Фота: Юра Сідун, Generation.by

Фота: Юра Сідун, Generation.by

Фолк-фестываль «Камяніца» адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найвялікшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддняў.

Аснову музычнай праграмы, як і ў мінулыя гады, складуць лепшыя беларускія фолк-калектывы. Гледачоў «Камяніцы 2015» парадуюць «Стары Ольса», «Альтанка», гамельчукі «Ягорава гара», а таксама гурт Vuraj, чый дыск «Раёк» сёлета перамог у намінацыі «Лепшы фолк-альбом» на музычных узнагародах Experty.by. Адным з заключных акордаў фестывалю гэтага года стане выступ легендарнага гурта Znich, які грае фолк-метал.

Традыцыйна прадстаўнічым будзе склад замежных гасцей. Упершыню на «Камяніцы» выступіць прадстаўнік Эстоніі – за паўтары гады існавання фолк-гурт Trad Attack! ужо стаў сенсацыяй на радзіме, а таксама зачараваў гледачоў у дзясятку іншых краін, у тым ліку Нямеччыне, Малайзіі, ЗША. Польшчу будзе прадстаўляць калектыў Dzikie Jablka, уладальнік гран-пры прэстыжнага фестывалю Mikolajki Folkowe, які спалучае народны матэрыял з афрыканскімі рытмамі. Украіну – гарачыя фолк-рокеры «Дримба Да Дзига».

– Фестываль захоўвае дэмакратычнасць, але пры гэтым яго праграма робіцца ўсё больш эксклюзіўнай. На адной сцэне сустракаюцца розныя краіны і традыцыі, розныя гучанні і падыходы да народнага матэрыялу. Гэта асалода для ўсіх – і гледачоў, і саміх музыкаў, – лічыць Алег Хаменка, сябра аргкамітэта фестывалю.

Істотным складнікам «Камяніцы 2015» таксама будзе вялікі кірмаш нацыянальнай культуры з народнымі рамёствамі, танцамі, гульнямі і выставамі. Акрамя гэтага на фестывалі будзе працаваць другая сцэна, дзе будуць выступаць студэнцкія і аматарскія фолк-калектывы. Замовы на ўдзел у кірмашы і другой сцэне прымаюцца да 25 жніўня на адрас [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Квіткі на фестываль ужо можна набыць праз сайт і касы аператара ByCard. Кошт дарослага квітка 100 тыс. руб., школьнікі да 12 лет – 50 тыс. руб. Дашкольнікі, а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Час правядзення фестывалю – з 12.00 да 22.00. Інфалінія: (044) 517 08 12.

generation.by

[supsystic-social-sharing id="1"]