Як забаўлялася модная моладзь у 19 стагоддзі? Што такое лендлер? Як танцаваць польку і Контрданс?

Аб гэтым 8 жніўня берасцейцам раскажуць і пакажуць прадстаўнікі клуба культурна-гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа» з Віцебска. Арганізатарамі бясплатнай вечарыны выступілі АРР «Дзедзіч» і кампанія «Наша мова». Запрашаюцца ўсе жадаючыя!

На мерапрыемстве рэканструктары спачатку распавядуць гісторыю ўзнікнення і асаблівасці бальнай культуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Наведвальнікі даведаюцца, як праводзіла вольны час шляхецкае саслоўе ў 19 стагоддзі, і якія танцы былі тады папулярныя.Затым удзельнікаў чакае танцавальны майстар-клас, дзе лёгка і хутка можна будзе навучыцца танцам «Пачатак кахання», «Сэр Роджэр дэ Коверлі», «Парсючок», і пасля кава-паўзы і гульнятэкі прымяніць атрыманыя веды на практыцы.Чым яшчэ забаўляліся нашы продкі акрамя полькі і кадрылі?Гулялі ў настольныя гульні! Госці з клуба «Паўночная вежа» падрабязна раскажуць аб настолках 19 стагоддзя і прапануюць удзельнікам сустрэчы паспрабаваць сілы ў гульнях «Да бою», «Флірт кветак», «Польскія шашкі», «Канатаходзец». А завершыцца вечар, вядома ж, танцамі!

Калі і дзе: 8 жніўня, субота, 16:00, г. Брэст, вул. Маякоўскага, 46-1. vk.com

Даведка:

Кампанія «Наша мова» стартавала ў Брэсце ў 2014 годзе крэатыўнымі праектамі: стварэнне паштоўкі «Кахай па-беларуску», «Берасцейскі вершнік», конкурс «Фотамаўленне», Акцыя «Мова дзеткам» і іншыя. У 2015 годзе кампанія працягнула праводзіць цікавыя конкурсы і мерапрыемствы, тым самым прыцягваючы брэсцкую моладзь да актыўнага грамадскага жыцця.

Праект «Шляхецкі баль» заснаваны ў 2008 годзе клубам культурна-гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа», які з 2010 года дзейнічае пры культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола г. Віцебска «Дзвіна «. Тут вывучаюць танцы эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, 19 стагоддзя і адаптуюць старажытную танцавальную культуру да сучасных традыцый.

mail12 [supsystic-social-sharing id="1"]