Выстава “філасофскіх партрэтаў” брэсцкай мастачкі Марыі Рэдзько адкрылася 10 ліпеня ў Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці.

На сваёй персанальнай, чацвёртай па ліку, выставе Марыя Рэдзько прадставіла 24 карціны. На палатне тушшу, алеем або акрылам напісаны жывапісныя партрэты, маляўнічыя нацюрморты і пейзажы. На іх яна адлюстравала на першы погляд звычайныя рэчы, але якія маюць глыбокі сэнс. Усе без выключэння свае працы брэстаўчанка называе “партрэтамі”. Дрэвы, хаты, прадметы яна надзяляе эмоцыямі і характарамі асобы.

Маладая, але неверагодна таленавітая мастачка, стварае карціны па перыядах. Напрыклад, у яе паўстала нейкае глыбіннае пытанне. Адказ у сваіх палотнах яна можа шукаць на працягу года. У дадзены момант Марыя Рэдзько як раз знаходзіцца ў працэсе пошуку, таму выстава і не мае назвы. Цяпер яе цікавіць, як у звычайным свеце жывуць людзі, якія захапляюць і натхняюць іншых, як паміж сабой ўзаемадзейнічаюць непрымірымыя супярэчнасці.

Брэстаўчанка піша свае творы толькі з натуры. “Калі цесна працуеш з мадэллю, паміж табой і тым, хто пазіруе, узнікае нейкая касмічная сувязь, нешта трэцяе. Менавіта яно і пераносіцца на палатно. Гэта невялікая магія. Я гэтым зараджаюся і спрабую раскрыць у чалавеку тое, што ён сам у сабе не бачыць “, – прызналася Марыя Рэдзько.

Зараз брэсцкая мастачка, вядомая далёка за межамі Брэста і Беларусі, працуе над аўтарскім праектам “Горад у асобах”. Яна прапанавала намаляваць на сценах дамоў партрэты вядомых дзеячаў горада. Гэтую ідэю Марыя Рэдзько мае намер рэалізаваць сумесна з жыхарамі абласнога цэнтра напярэдадні чарговай гадавіны горада над Бугам. Зусім хутка, у жніўні, споўніцца 996 гадоў з дня згадвання ў летапісах старажытнага Бярэсця.

Карціны Марыі Рэдзько выстаўляліся на міжнародных вернісажах ў Венгрыі, Германіі, Польшчы, Швецыі і Расіі. Берасцейцам яна таксама вядомая, як таленавіты дызайнер, ілюстратар і рэжысёр.

budzma.by

[supsystic-social-sharing id="1"]