Сёння калегі прыслалі спасылку з просьбай паўдзельнічаць у апытанні наконт Стратэгіі ўстойлівага развіцця Берасцейскай вобласці. Гучыць грунтоўна, таму, адчуваючы пэўную адказнасць за будучыню, я прысвяціў 2 гадзіны вывучэнню гэтага дакумента.

У маім разуменні Стратэгія развіцця — гэта ключавы, асноватворны тэкст, якім кіруюцца ў распрацоўцы планаў, бюджэтаў, у прыняцці рашэнняў па размеркаванні сродкаў і іншых рэсурсаў. Таму, натуральна, распрацоўку дакумента можна даверыць толькі кампетэнтным, высокаадукаваным і абазнаным у мясцовай праблематыцы спецыялістам.

Праект Стратэгіі размешчаны на сайце пад назвай «Поддержка регионального и местного развития в Беларуси». Паведамляецца, што праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага саюза і ажыццяўляецца міжнародным кансорцыўмам, які ачольвае кампанія ECORYS Nederland BV. Зноў такі гучыць няблага: Еўрасаюз кепскага не параіць, за стратэгію можна быць спакойным. Таксама паведамляецца, што «нацыянальным партнёрам праекта з’яўляецца Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь». Але ўсё ж такі цікава пачытаць, што ж мы будзем устойліва развіваць пасля сімбіёзнай працы заходніх экспертаў з беларускімі чыноўнікамі.

Хачу падзяліцца з чытачамі сваімі заўвагамі ад чытання Стратэгіі і магчыма заахвоціць іх да больш дэтальнага азнаямлення з ёй. Акрамя гэтага, заклікаю абавязкова прыняць удзел у анкетаванні (тут спасылка), бо гэты механізм тут сапраўды працуе і да вашых заўваг абавязкова прыслухаюцца.

Як вядома з тэорыі і напісана ў прадмове да праекта Стратэгіі, устойлівае развіццё прадугледжвае гарманічнае суіснаванне трох кампанентаў развіцця — эканамічнага, экалагічнага і сацыяльнага. Так званая трыяда «чалавек–навакольнае асяроддзе– эканоміка».

1

 

У пытаннях эканомікі і экалогіі не лічу сябе дастаткова падрыхтаваным экспертам (хаця таксама выклаў некалькі прапановаў у анкеце), таму вырашыў засяродзіць сваю ўвагу на першым і галоўным кампаненце трыяды: чалавек.

Вось тут і пачынаецца самае дзіўнае. Чалавек, як суб’ект стратэгіі, фактычна адсутнічае. Затое прысутнічае як аб’ект. Для чалавека плануецца паляпшаць якасць медычнага абслугоўвання, павышаць узровень яго адукацыі, а таксама павышаць яго экалагічную свядомасць.

3

 

І гэта ўсё. Прычым, у прадмове да Стратэгіі прыгожа пішацца пра «пераход да развітай грамадзянскай супольнасці», што, на маю думку, забяспечваецца не толькі здароўем, адукацыяй і экалагічнай свядомасцю.

2

 

Фактычна аўтары Стратэгіі вырашылі абысці дыпламатычным маўчаннем праблему адарванасці грамадзян ад удзелу ў прыняцці рашэнняў, якія тычацца іх жыцця.

Я ўзгадаў шматлікія скандалы з высяленнем, адабраннем зямлі, ушчыльненнем забудовы, якія перажывалі берасцейцы і зразумеў, што па меркаванні аўтараў Стратэгіі, жыхары Берасцейшчыны па-ранейшаму будуць даведвацца пра рашэнні ўладаў, калі пабачаць у сваім двары новы плот і экскаватары. Па-ранейшаму грамадскія слуханні і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (так званы ОВОС) пры будаўніцтве шкодных вытворчасцяў будуць праводзіцца фармальна, для птушачкі ў пратаколе.

А гэта не толькі няправільна, але і супярэчыць прынцыпам устойлівага развіцця, пра якое пішуць аўтары. Таму падчас запаўнення анкеты я прапанаваў аўтарам дадаць у прыярытэтныя задачы яшчэ дзве:

1.4. Уключэнне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні.

Рэкамендаваў бы аўтарам перачытаць главу 27 Павесткі ХХІ, на якую яны спасылаюцца ва ўводзінах да Стратэгіі. Яна называецца «Узмацненне ролі няўрадавых арганізацый: партнёры ў працэсе забеспячэння ўстойлівага развіцця».

1.5. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці, развіццё валанцёрства.

Гэты пункт лагічна выцякае з прынцыпаў усеагульнай адказнасці і ўзаемазалежнасці, пра якія пішуць аўтары ў прадмове да Стратэгіі. Супольнасць адказных грамадзян, якія маюць і актыўна ўжываюць традыцыі валанцёрства і ўзаемадапамогі (па-беларуску «талака») здольная больш эфектыўна вырашаць праблемы сваёй тэрыторыі, чым здаровыя, адукаваныя і экалагічна свядомыя адзінкі.

У цэлым праект Стратэгіі робіць добрае ўражанне. Менавіта як праект, а не як канчатковы дакумент. Зараз аўтарам варта было б вынесці яго на шырокае грамадскае абмеркаванне, не абмяжоўваючыся толькі фармальным анкетаваннем у інтэрнэце.

P.S. Пытанне густу, але шматкроць у тэксце сустракаецца слова «насельніцтва», якое ўжываюць аўтары Стратэгіі ў дачыненні да жыхароў Берасцейшчыны. Гэта нейкі атавізм з савецкіх часоў, калі для ўлады былі патрэбны не грамадзяне, а безасабовая маса. Дзякуй, што хоць не «пагалоўе». Можа варта памяняць гэты тэрмін хоць бы на «жыхароў», а яшчэ лепей — «грамадзянаў».

P.P.S. Зноў жа пытанне густу, але тэкст Стратэгіі напісаны па-расейску. Пра развіццё нацыянальнай культуры і мовы (а гэта значны складнік устойлівага развіцця) у тэксце не згадваецца нічога. Можа быць аўтарам усё роўна, якое «насельніцтва» будзе ўстойліва развівацца на гэтай тэрыторыі — грамадзяне еўрапейскай краіны, ці насельнікі аграрнай ускраіны «русского мира»?

Дзмітрый Шыманскі

bcff43 [supsystic-social-sharing id="1"]