Сярод моладзі з’явілася новая модная тэндэнцыя — прысвячаць сябе валанцёрству. Гэта не толькі дапамога хворым дзеткам і людзям сталага ўзросту. Весела і цікава можна правесці час, робячы любімую справу на карысць грамадству.

Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» дае магчымасць актыўным берасцейцам рэалізаваць сябе ў новым праекце “Будзь валанцёрам”, што стартаваў у красавіку гэтага года. Нельга заставіць без увагі аднаго з яе ўдзельнікаў, грамадскую кампанію “Без візы”, якая таксама мае патрэбу ў ініцыятыўных памочніках.

 

2

Пра іх дзейнасць, мэты і валанцёрства пагутарылі з удзельніцай кампаніі — Аленай Каховіч.

— Раскажы, як была створана арганізацыя і чым вы займаецеся?

— Наша кампанія называецца “У Беларусь і Еўропу без візы”, што поўнасцю супадае з існуючым дэвізам. Яна была створана арганізацыяй «BelarusWatch« ў 2010 годзе. Тады яшчэ ніхто не закранаў візавае пытанне. Проста думалі, што гэта такая “сцяна ”, з якой нічога нельга зрабіць. Насамрэч, гэта вялікая праблема: людзі трацяць шмат нерваў і грошай каб зрабіць нарэшце візу і кудысьці паехаць. Мы вырашылі заняцца гэтай “балючай” тэмай, скасаваць візавы рэжым паміж Беларуссю і Еўразвязам. Таксама мы займаемся адукацыяй, адказваем на пытанні як атрымаць візу самастойна і не плаціць вялікія грошы пасрэднікам. Наша бліжэйшая мэта — спрашчэнне візавага рэжыму (фасілітацыя), якога ўжо даўно дамагліся суседнія краіны.

— Якія найбольш заўважныя праекты кампаніі ты можаш вылучыць?

— Мы першыя, хто паднялі пытанне шматгадовай візы. Раней нават ніхто не ведаў, што такое можа быць. Ствараем адукацыйныя праекты, каб людзі ведалі, што насамрэч усё рэальна. Таксама актыўна падымаем тэму танных вандровак. Напрыклад, ужо некалькі разоў праводзілі фестываль “Самаход”. У гэтым годзе ён прайшоў і ў Берасці. Робім кватэрнікі, канцэрты, розныя канферэнцыі і круглыя сталы.

3

— Ці існуюць якія-небудзь цяжкасці?

— Так, цяжкасці існуюць. Па-першае праблема ў саміх людзях, якія думаюць, што нерэальна самастойна атрымаць візу. Калі мы ездзім па іншых гарадах, то бачым, што ўвогуле мала ў каго гэтыя візы ёсць. Напрыклад, нядаўна ў Гародні была інфармацыйная сустрэча, дзе з 30 чалавек ні ў аднаго не было візы. Хаця гэта заходні горад, недалёка ад Польшчы. Гэта нас вельмі ўразіла. Па-другое — стаўленне беларускіх уладаў. Мы дасылаем вельмі шмат зваротаў да іх, проста каб з намі пайшлі на дыялог і адказалі на пэўныя пытанні, як гэта робяць еўрапейскія чыноўнікі ў дачыненні да нас.

Якія мерапрыемствы запланаваны на бліжэйшы час?

—Зараз мы гатуемся да Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца ў кастрычніку ў Коўна (Літва). Гэта наш рухавік у больш навуковым накірунку. Яшчэ мы плануем арганізаваць тэматычны кватэрнік у Менску з танцамі ліндзі, круглы стол з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў. Хутка адбудзецца фестываль “Басовішча”, да якога мы таксама плануем далучыцца.

— Колькі чалавек аб’ядноўвае кампанія “Без візы”?

— Асноўная частка нашай каманды — гэта валанцёры. Іх больш за 250 чалавек. Але актыў складаецца прыкладна з 20 чалавек, палова з каторых — арганізатары.

4

— Чым будуць займацца валанцёры?

— Валанцёры нам патрэбны, каб падрыхтаваць мерапрыемствы, дапамагчы прасоўванню ў сацыяльных сетках. Было б добра, калі валанцёры самі былі ініцыятарамі стварэння чагосьці новага. Але не пужайцеся, бо мы дапамагаем, праводзім адукацыйныя трэнінгі, развіваем валанцёрскі рух у нашай кампаніі.Даем свабоду валанцёрам, намагаемся каб яны рабілі тое, што сапраўды цікава. Вось у нас быў такі прыклад. У чалавека ўзнікла ідэя зрабіць “бязвізавыя” шпакоўні. Мы дапамаглі, у Маскве нават замаўлялі гэтыя шпакоўні, пасля размалявалі і зараз некаторыя вісяць у Гародні, астатнія ў Батанічным садзе ў Менску.Было б толькі жаданне!

5

— Якіх людзей вы чакаеце ў каманду “Без візы”?

— Пажадана, каб чалавек быў камунікабельны, таму што праца звязана з людзьмі. Ну і канешне адэкватны. Само сабой патрабуецца падтрымліванне нашай ідэі — адмены віз. А яшчэ гэта павінен быць проста вясёлы чалавек.

— Колькі часу будзе адымаць валанцёрства?

— Канешне ўсё залежыць ад чалавека. Ёсць час — зладзіў мерапрыемства з нашай дапамогай і можна на лаўрах пачываць! Але кожны месяц мы ладзім у Менску клуб валанцёраў, аплачваем праезд, робім упіску. Раз на паўгады мы робім бонусныя паездкі ў Вільню для самых лепшых валанцёраў.Таксама хутка у нас будзе летнік, таму хто паспее да нас далучыцца, зможа ў ім паўдзельнічаць.

— Як ты лічыш, чаму валанцёрскі рух набірае папулярнасць? Што можа даць валанцёрства ў “Без візы”?

—У людзей ёсць больш-менш вольны час у які не ўсім ужо хочацца сядзець у сацыяльных сетках. Гэта ўжо не крута. Нехта хоча той жа фан атрымаць. Мы, напрыклад, гэты фан і прапаноўваем. Пры гэтым можна займацца чым заўгодна, як культурнымі мерапрыемствамі , так і адукацыйнымі даследаваннямі. Да таго ж кампанія агульнабеларуская, што дазваляе ладзіць праекты не толькі ў Берасці. А гэта шмат новых знаёмстваў.

— Якой ты ўяўляеш арганізацыю праз некалькі год?

— Калі глядзець у больш далёкі час, то будзем мадэляваць сітуацыю, што быццам скасавалі візавы рэжым і нам няма чаго рабіць. Але насамрэч, вельмі доўгі працэс ад фасілітацыі да самой адмены візавага рэжыма. Гэта можа заняць каля дзесяці год. Сістэма змяняецца, кожны месяць выходзяць новыя візавыя навіны. На мой погляд, адукацыя — менавіта тое, чым мы маглі б далей займацца. Каб людзі сапраўды сталі мабільнымі!

6

Больш актуальнай і карыснай інфармацыі можна атрымаць на афіцыйнымсайце.

Таксама далучайцеся ў сацыяльных сетках:

УКантакце: vk.com/bez_vizy

Facebook:У Беларусь і Еўропу — Без Візы! / VisaFree

Twitter:twitter.com/bez_vizy

Зрабі свой уклад для вандровак без перашкодаў!

 

Фота: афіцыйны сайт “БЕЗ ВІЗЫ”.

Даша Басалай

[supsystic-social-sharing id="1"]