Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Незвычайныя ўніверсітэты свету

Падборка незвычайных універсітэтаў свету. Абірайце ўнівер для душы!

detail_633c692613eff94e1850ec77fdbbc550

Інстытут папулярнай музыкі

Нягледзячы на тое, што Інстытут папулярнай музыкі не дае дыплома, праграма навучання ўразіць любога меламана: курсы пачынаюцца ад пачатку джаза да прагрэсіўнага року 70х гадоў. Акрамя асноўнай праграмы, ладзяцца выступы на такія тэмы, як “Класічная музыка для людзей, якія ненавідзяць класічную музыку: Артур Фідлер і Boston Pops”, “Хіп-Хоп дыпламатыя: магчымасці і выклікі”, “Дамы любяць кантры-хлопцаў: гендэрныя наратывы і значэнне музыкі кантры”. На сайце Інстытута прадстаўлены відэа-матэрыалы лекцый, некаторыя курсы можна прайсці анлайн.

Эльфійская школа ÁLFASKÓLINN ў Рейк’явіку

Насельніцтва Ісландыі ставіцца да эльфаў сур’езна. Таму ў Рэйк’явіку ўжо 26 год працуе школа, дзе можна атрымаць усебаковыя веды па гэтым таямнічым прадмеце. Напрыканцы навучання наведвальнікі атрымліваюць афіцыйны сертыфікат спецыяліста па эльфах, які дзейнічае прынамсі ў Ісландыі. Зрэшты, няма сумневаў, што такі сертыфікат дадасць вагі вашаму жыццярысу для ўладкавання ў любую буйную кампанію свету 🙂

Інстытут Роберта Манро

Калі вы добра арыентуецеся ў нашай фізічнай прасторы і жадаеце атрымаць вопыт вандравання у іншых сусветах, вас сардэчна вітае інстытут Роберта Манро. Інстытут прапануе шмат класаў, сярод якіх “Брама Падарожжа”, для тых, хто хоча падарожнічаць па-за межамі цела і “Выкарыстанне гіпнозу, каб перажыць мінулыя жыцці”, для тых, хто цікавіцца мінулым. У добры шлях!

Акадэмія вольнага бегу і паркура

У сонечнай Каліфорніі існуе месца мары для сапраўднага трэйсера. Акадэмія знаходзіцца пад кіраўніцтвам каманды “Бура” з Лос-Анджелесу – гэта група прафесійных free runners, якія працуюць у кіно і здымаюцца ў тэлевізійнай рэкламе. Навуковае асяроддзе – гэта прастора, поўная сцен і пандусаў, дзе можна даведацца пра ўсё, пачынаючы ад асноў паркура да самых смелых выкрутаў фрырана. Далучайся да сваёй банды, Hardcore Parkour і Goldfish Gangsta адчынены для цябе! TRÜ FREEDOM THRÜ MOVEMENT!

Школа Санта-Клауса

У 1934 Чарльз Ховард, абразіўшыся іншымі Сантамі ў пацёртых касцюмах і танных бародах, якія да таго нe ведалі як абыходзіцца з аленямі, заснаваў школу Сантаў. З тых часоў у школе мала што змянілася. Заняткі ўключаюць вывучэнне гісторыі Санкт-Ніка і Санта-Клаўса, правільнае адзенне і макіяж, мову Санта-жэстаў, аленевыя звычкі і ўрокі Санта-рэйсаў. Нягледзячы на тое, што школа знаходзіцца ў Мідландзе, штат Мічыган, паводле амерыканскай сеткі CBS, гэта «Гарвард Санта-школ». Таму калі вы прагнеце найлепшай адукацыі ў Санта-працы, вам сюды.

Якуцкі Інстытут Мерзлатаведання

У горадзе Якуцк ужо 50 гадоў дзейнічае адзіны ў свеце Інстытут Мерзлатаведання. ВНУ рыхтуе спецыялістаў па ахове і рацыянальнаму прыродакарыстанню раёнаў вечнай мерзлаты. Дыплом мерзлатаведа, безумоўна, дапаможа растапіць сэрца любой Снежнай каралевы.

Carpigiani Gelato University – yніверсітэт марозіва ў Балоньі

Універсітэт таксама связаны з холадам, але на гэты раз холад салодкі і смачны. Студэнты вучацца рабіць марозіва як са звыклымі смакамі шакалада, карамелі, ванілі, так і з незвычайнымі смакамі сыру, рыбы, базіліка, чырвонага віна. Курсы па вырабу тортаў-марозіва, сарбетаў і садавіна-араматызаванага марозіва можна таксама прайсці анлайн. Салодкі дыплом універсітэта Карпіджані – добрая падстава для адкрыцця ўласнага кафэ-марозіва.

Японскі кібер-універсітэт

Паступіць і навучацца ў гэтай ВНУ магчыма толькі праз інтэрнэт (і толькі калі вы ведаеце японскую мову – прым.аўт.). Ва ўніверсітэце дзейнічаюць два факультэты: факультэт «Інфармацыйных тэхналогій» і факультэт «Сусветнай спадчыны» – апошні вывучае захаванне сусветных каштоўнасцяў. Праз чатыры гады навучання студэнты атрымліваюць сапраўдны дыплом, які дзейнічае не толькі ў кібер-прасторы.

adukacyja.info

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *