Брэсцкая “Мова Нанова” з дзіцячым водгукам.

24 студзеня ў Брэсце прайшлі чарговыя заняткі «Мова Нанова». У праграме — беларускамоўны «дзіцячы садок», незвычайны батл і спецыяльны госць.

Ужо амаль год брэсцкія аматары роднай мовы збіраюцца на сустрэчах, якія з’яўляюцца самымі масавымі ў свеце курсамі беларускай мовы. Кожны жадаючы можа далучыцца да заняткаў, якія да таго ж праводзяцца бясплатна.  Дарэчы, праект быў названы «Падзея года 2014» на V фестывалі нефармальнай адукацыі.

Даведка: V фестываль нефармальнай адукацыі арганізаваны Асацыяцыяй дадатковай адукацыі, Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Йоханесса Рау і Прадстаўніцтвам Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва Асацыяцыі народных універсітэтаў Германіі, праводзіца з 2006 года.

Курсы пашыраюцца

«Мова Нанова» пачала свой суботні вечар з асобных заняткаў для дзяцей. Гэта новы праект, дзякуючы якому аўдыторыя курсаў павялічылася амаль удвая. “Мова Нанова дзеткам” стартавала на мінулым тыдні. Курсы вядзе Алеся Грынь:

«Я працую настаўніцай пачатковых класаў і сутыкаюся з тым, што дзеці не любяць беларускую мову па адной прычыне:ім складана. Яны не чуюць яе ў побыце, таму што ўжо няма бабуляў і дзядуляў, якія былі носьбітамі гэтай мовы. А тое,што складана, заўсёды не вельмі цікава рабіць. Гэтыя заняткі —спроба адысці ад акадэмічных урокаў беларускай мовы і давесці, што вывучаць мову можна цікава і займальна. На ўроках мы бавімся, гуляем, смяемся, будзем і песні спяваць, і танчыць. Разам з гэтым, канешне, мы вывучаем мову».

1-nggid041358-ngg0dyn-0x0x100-00f0w010c010r110f110r010t010

«У далейшым, калі стане цяплей, мы плануем правесці беларускамоўны квэст па Брэсцкай крэпасці. Ёсць ідэя беларускамоўнай экскурсіі. Абавязкова будзе занятак, звязаны з музыкай. Я ведаю, што шмат бацькоў і дзетак валодаюць музычнымі інструментамі. Таксама мы чакаем “Лямцавую батлейку”, якая прывязе міні-спектакль на беларускай мове. Хочацца неяк разнастаіць заняткі, каб і дзецям, і дарослым было цікава».

Не так, як у школе

Тэмай першых дзіцячых заняткаў сталі свойскія жывёлы. У маленькіх навучэнцаў была магчымасць прывесці сваіх любімцаў і расказаць пра іх. Так, дзесяцігадовы Глеб распавядаў нам пра свайго сабаку: “Завялі Пудзю, каб жылося весялей”.

1-5-nggid041362-ngg0dyn-0x0x100-00f0w010c010r110f110r010t010

Акрамя гэтага нагадалі пра колеры, разучылі лічылку, правялі некалькі гульняў, у тым ліку, з удзелам бацькоў. Бачна прынцыповая розніца з заняткамі ў школе: за час, праведзены з дзецьмі, здаецца, не было і хвіліны без усмешкі. Усе адчувалі сябе нязмушана і з цікавасцю ўдзельнічалі ў працэсе.

1-9-nggid041366-ngg0dyn-0x0x100-00f0w010c010r110f110r010t010

Дарослыя на змену дзецям

Пасля заканчэння дзіцячых заняткаў памяшканне хутка запоўнілася дарослымі. Тут была як моладзь, так і людзі сталага ўзросту. Адна з арганізатараў Воля Малафеечава адзначыла:

«Можна сказаць, што 50 адсоткаў аўдыторыі — гэта адны і тыя ж людзі, якія негледзячы на тое, што мы мяняем месца правядзення заняткаў, усе роўна прыходзяць і ўдзельнічаюць. І прыкладна кожны раз прыходзяць каля 8-10 новых людзей.»

На пачатку заняткаў адзін з наведвальнікаў курсаў Уладзімір Саланец прэзентаваў унікальную калекцыю музычных дыскаў. Іх аўтары запісалі беларускую музыку ад паланэзаў да джазу. З’явілася шмат зацікаўленых.

Незвычайны батл

У гэты раз вядоўцы Іна Хоміч і Максім Хлябец прапанавалі пагаварыць пра тарашкевіцу і наркамаўку. На занятках разабралі правапіс, знайшлі прынцыповыя адрозненні, а таксама вызначылі, каму што бліжэй.

1-3-nggid041360-ngg0dyn-0x0x100-00f0w010c010r110f110r010t010Пасля гэтага адбыўся сапраўдны батл. Усіх падзялілі на каманды, незалежна ад іх поглядаў. Кожная з каманд павінна была прыводзіць аргументы на карысць свайго правапісу. Пераможцы атрымалі прыемныя падарункі за большасць доказаў. Але па выніку выявіць лепшы правапіс так і не змаглі.

«Мне цяжка казаць, які правапіс мне бліжэй, таму што я ведаю толькі наркамаўку. Тарашкевіца таксама мяне цікавіць, і калі б я яе больш ведаў, то таксама карыстаўся бы». Спадар Мікалай
«Для мяне больш прыемны правапіс наркамаўка, таму што я вывучала яго ў школе і карыстаюся зараз на працы. Таксама ўсе дакументы раблю толькі на наркамаўцы. Не ведала ўсіх акалічнасцей тарашкевіцы, таму тэма была вельмі цікавай для мяне«.  Спадарыня Ірына

Цікавы госць

1-6-nggid041363-ngg0dyn-0x0x100-00f0w010c010r110f110r010t010

На прыканцы заняткаў выступіў запрошаны госць Валер Булгакаў — беларускі філолаг, галоўны рэдактар часопісу “ARCHE”. Ён прэзентаваў новы расійска-беларускі слоўнік і распавёў шмат цікавага з нашай гісторыі і культуры. Усе жадаючыя мелі магчымасць набыць часопісы і кнігі “ARCHE”.

«Госць цікавы. Пабольш бы такіх гасцей, якія могуць цікава паведамляць і нешта прынесці. З задавальненнем хаджу на заняткі. Падабаецца іх атмасфера». Спадар Уладзімір

Наведвальнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі:

«Курсы “Мова Нанова”— гэта не толькі прыйсці, паслухаць і сябе як-небудзь у суботу пацешыць, а таксама і пашырыць веды на навуковыя тэмы. Напрыклад, сёння быў цікавы выступ, ён нам даў шмат гістарычных лекцыйных ведаў».

«Только я буду пока говорить по-руссски .Потому что я еще язык не развязала. Я второй раз на занятиях. Очень интересно, сама идея замечательная, великолепная форма занятий. Я родилась в Литве и совершенно не учила белорусский язык. Но сегодня я все понимала по-белорусски. Откуда ко мне это пришло? Я слушала радио и смотрела белорусские передачи, которых к сожалению очень мало на белорусском языке».

«Крэатыўная форма заняткаў. Так больш адкладаецца ў галаве».

litary.net

[supsystic-social-sharing id="1"]