Калі запытацца у чалавека, нават у аматара гісторыі, “колькі было каралёў Літвы”, большасць, хутчэй за ўсё, машынальна выправіць “Не каралёў Літвы, а вялікіх князёў Літоўскіх і каралёў Польскіх”. І не будуць мець рацыі.

Так, у Рэспубліцы Абодвух Народаў быў адзіны гаспадар. Але ён кіраваў у Каралеўстве Польшча як кароль, а у ВКЛ як вялікі князь – каралём ВКЛ ён не быў. Але існаваў і тытул Караля Літвы – за ўсю гісторыю яго насілі толькі тры чалавекі. Што цікава, ніводны з іх каралём Польшчы не быў.

Міндоўг

Першым каралём Літвы быў заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг, які каранаваўся як Міндоўг I. Зразумела, што для яго тытул караля быў не спробай падняць самаацэнку, а сродкам выжыць у цяжкай барацьбе з крыжакамі – таму ён з лёгкасцю адмовіўся ад яго, калі тытул стаў не патрэбны. Але прэцэдэнт быў створаны, і праз колькі гадоў другі кароль Літвы ужо хацеў захаваць за сабой карону любым чынам.

Гэтым каралём быў адзін з найвялікшых князёў ВКЛ, пераможца пад Грунвальдам, майстар дыпламатыі Вітаўт. Гэтаму дзеячу каралеўская карона, можна сказаць, снілася па начах. Чаму ж?

Усё проста. У феадальным грамадстве чалавек ад нараджэння да смерці займаў пэўнае месца у іерархіі. Пачынаючы з прыгоннага селяніна і заканчваючы імператарам, усе людзі ў еўрапейскіх краінах знаходзіліся на лесвіцы аднаго з трох саслоўяў – тых, хто ваюе, тых, хто моліцца, тых, хто працуе. І любы сярэднявечны шляхціц мог лёгка адказаць, што імператар вышэйшы за караля, князь вышэйшы за барона, а граф вышэйшы за рыцара.

Ну вось, згодна з гэтай іерархіяй, вялікі князь, якой бы магутнай ні была яго дзяржава, заўсёды быў ніжэйшым за караля, нават малаважнага. То бок пры існуючай сістэме ўладар ВКЛ заўсёды з’яўляўся малодшым партнёрам караля Польскага. А ў выпадку, калі троны Польшчы і ВКЛ займаў адзін чалавек, Княства займала ў дзяржаве месца малодшага партнёра ў адносінах да Кароны. І Вітаўт, як практычны чалавек, імкнуўся гэтую сістэму зламаць.

Вітаўт

Дарэчы, жадаючы зрабіцца каралём, Вітаўт быў не адзін. У розныя часы ўсе моцныя князі імкнуліся атрымаць каралеўскі тытул, адпаведны моцы іх дзяржавы. Адзін з найвялікшых князёў Русі Даніла Галіцкі здолеў зрабіцца Каралём Русі. Жорсткі і таленавіты вялікі князь Маскоўскі Іван IV скончыў жыццё з тытулам цара (то бок цэзара – нават не караля, а імператара, роўнага рымскаму). Эрцгерцагі, то бок вялікія князі, Габсбургі таксама прыйшлі да поспеху – зрабіліся імператарамі Аўстрыі, курфюрсты Брандэнбурга зрабіліся каралямі Прусіі, а потым імператарамі Германіі. Карацей кажучы, вялікім князем досыць доўгі час быць не хацелася нікому – а каралеўская карона абяцала моц, славу і незалежнасць.

На жаль, палякі разумелі гэта не горш за Вітаўта, таму ужо адпраўленую яму імператарам Жыгімонтам каралеўскую карону перахапілі і ў Вільню не прапусцілі. Неўзабаве састарэлы Вітаўт памёр, так і не захаваўшы каралеўскага тытула, а ад ідэі Каралеўства Літвы як быццам адмовіліся.

Адмовіліся, але не назаўсёды. У 20 стагоддзі з’явіўся яшчэ адзін князь, які атрымаў тытул Караля Літвы. З папярэднімі каралямі ён сваяком не быў, больш за гэта – ён нават не быў ні літоўцам, ні беларусам. Звалі князя Вільгельм фон Урах, адзіным яго звязкам з ВКЛ была жонка, якая вяла паходжанне ад караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Аўгуста III.

Вільгельм-фон-УрахБудучы манарх нарадзіўся у сям’і вюртэмбергскага герцага, таксама Вільгельма фон Ураха, і прынцэсы Манака, у юнацтве ён не думаў ні аб якім літоўскім троне. Аднак каралём зрабіцца марыў – у 1913 году ледзь не сеў на трон незалежнай Албаніі.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, вялікім дзяржавам не стала часу шукаць вакантныя троны для безгаспадарных сыноў герцагаў. Але у 1917 годзе сітуацыя кардынальна змянілася. У Расійскай Імперыі працягвалася рэвалюцыя, армія развальвалася на вачах, кадэты і эсэры дзялілі ўладу, бальшавікі рыхтавалі свой пераварот, а потым забралі ўладу сабе. А ў Літве, Польшчы і на частцы беларускіх зямель яшчэ з 1915 года стаяла германскае войска. Зразумеўшы, што з усходнім суседам можна не лічыцца, Берлін пачаў ствараць на захопленых тэрыторыях новыя дзяржавы. У адным з наступных матэрыялаў мы распавядзем падрабязна, які лёс чакаў беларускія землі ў выпадку перамогі Германіі, а пакуль спынімся на Літве. У верасні 1917 года ў краіне быў створаны першы орган ўлады – Літоўская Тарыба (Рада Літвы). У лютым 1918 года Тарыба абвясціла незалежнасць Літвы, а ў ліпені таго ж года вырашыла, што новая дзяржава будзе канстытуцыйнай манархіяй, а на трон трэба пасадзіць нямецкага прынца-каталіка. Пасля разважанняў выбар прыйшоўся на вюртэмбергскага князя Вільгельма фон Ураха. Тое, што новая Каралеўства Літва будзе цалкам залежыць ад Германскай Імперыі, разумелі усе, але ў тагачасных рэаліях іншага выйсця не было. У выніку правіца Тарыбы запрасіла на трон фон Ураха. Апошні павінен быў паехаць у Літву, вывучыць літоўскую мову і зрабіцца каралём пад імем… Міндоўга II.

Ці не сапраўды, добрая іронія – нямецкі князь збіраўся працягнуць справу і ўзяць імя князя-паганца, які большую частку жыцця змагаўся з немцамі?

У склад каралеўства павінны былі ўвайсці не толькі літоўскія, але і значная частка беларускіх зямель. Так тэрыторыямі з пераважным беларускім насельніцтвам былі раёны Гародні, Аўгустава, Саколкі, Крынкі, Ашмян, Ваўкавыска, Слоніма, Дзятлава, Бельска. Ну і, канечне, тагачасная Вільня ніяк не нагадвала Вільнюс. Няма сумнення, што ўлады Літвы былі б не супраць аднаўлення Каралеўства Літва ў межах, якія былі пры Вітаўту, але наймацнейшыя дзяржавы рэгіёна – Германія і Савецкая Расія – гэтага відавочна не жадалі.

На шляху будучага Міндоўга II адразу ж стала мноства перашкодаў. Нягледзячы на тое,што Урах быў немцам, ён не належаў да дынастыі Гагенцолернаў, якая кіравала Германіяй, а кайзер і частка яго світы жадалі б бачыць на троне менавіта сваяка. З другога боку, левае крыло у Тарыбе наогул не жадала манархіі ў краіне. Нарэшце, пакуль ішлі спрэчкі, войскі Антанты зламалі супраціў кайзераўскіх армій, і Германская Імперыя пачала імкліва рухацца да канчатковай паразы. У выніку 2 лістапада 1918 года кандыдатура вюртэмбергскага князя была адменена, і слаўнае праўленне Міндоўга II, якое намінальна працягвалася каля 100 дзён, фактычна так і не пачалося, каранацыя, як і ў выпадку з Вітаўтам, не адбылася. Літва сталася рэспублікай, а з 1926 года – фактычна дыктатурай Антанаса Смятоны.

Вільгельм-фон-Урах-з-сямёй

А што ж сам Міндоўг Другі? А гэты князь, здаецца, быў з ліку людзей, якіх клічуць “пераможцы па жыцці”. Аб тым, што кароль-няўдаха ледзь не стаў уладаром Літвы і Албаніі, мы ўжо пісалі (да канца жыцця “манарх” так і не быў ніводнага разу ў Літве). Акрамя гэтага, фон Урах у гады першай Сусветнай вайны мусіў стаць каралём “незалежнай” Латарынгіі, такога ж васальнага каралеўства, як і Літва, але на Захадзе. У выніку праект “Латарынгія” быў закрыты. Нарэшце, прыкладна у той самы час паўстала пытанне аб троне княства Манака, дзе і нарадзіўся наш герой. Французы, якія традыцыйна малі найбольшы уплыў на маленькую дзяржаву, не пажадалі, каб яе трон заняў немец. І законны спадчыннік Вільгельм фон Урах (а ў гэтым выпадку ён быў менавіта законным спадчыннікам) не атрымаў нічога. Прэтэндаваць на чатыры кароны і не атрымаць ніводнай – а вы б здолелі так?

Дзяніс Буркоўскі

budzma.by

[supsystic-social-sharing id="1"]