У сувязі з блакаваннем шэрагу сайтаў я сутыкнуўся з праблемай, як жа мне зручней чытаць навіны на Хартыі і naviny.by, якія гляджу штодня і па некалькі разоў.

Сыходныя дадзеныя:

Карыстаюся mozilla firefox. Навіны праглядаю ў рэжыме rss-стужкі. Яны ў мяне акуратна адна за адной пашыхтаваныя на паліцы закладак. Клікаю толькі на тыя загалоўкі, якія мне цікавыя. Так я не марную час на адкрыццё сайту, гартанне старонак.

Хоць маю браўзер Tor, яго часам лянота запускаць для прагляду толькі пары стужак. На кампе стаіць і Opera (для яе карыстальнікаў усё проста — рэжым «turbo»).

Таму пачаў шукаць дадатак-ананімайзер, які б карэктна працаваў з маёй мазіллай. Пратэсціраваў тыя, што прапанаваў tut.by у гэтай навіне.

1. Hola нават не захацела ўсталёўвацца — тыпу ў мяне браўзер састарэў (неаднаразова сутыкаўся з такой абвесткай, відаць, з-за беларускай мовы ў браўзеры).
2. Hide My Ass — усталявалася, але нічога не адчыняе. Выдаліў.
3. ZenMate — усталявалася. І скажу адразу — гэта мой канчатковы выбар!

Адразу адчыніліся ўсе мае rss-стужкі. Старонкі Хартыі і іншых блакаваных сайтаў адчыняюцца без затрымкі, як па звычайным падлучэнні. Праверана на Белпартызане, Салідарнасці, Naviny.by, prokopovi.ch.

У ZenMate ёсць магчымасць выбраць краіну, у якой вы як бы сядзіце 🙂

Ёсць магчымасць у 2 клікі адключыць плагін і уключыць яго па-новай.

Сацыяльная сетка «Укантакце» пасля ўсталёўкі ананімайзера моцна здзівілася, што я знаходжуся ў Нямеччыне і папрасіла мяне увесці нумар тэлефона. Ну, ок 🙂 Фэйсбук прамаўчаў і проста адчыніў маю старонку.

Ніякіх іншых памылак пакуль не знайшоў, таму настойліва рэкамендую ставіць.

Спампаваць ZenMate можна тут: https://zenmate.com. Або знайсці яго праз пошук у паліцы дадаткаў вашага браўзера. ZenMate можна ўсталяваць на Chrome, Firefox, Opera і Android.

Я не настойваю, каб вы выкарыстоўвалі менавіта гэты спосаб заставацца ў курсе падзей. Я проста вырашыў падзяліцца з вамі сваім досведам у абыходзе блакіроўкі. Але, думаю, калі вы чытаеце гэты тэкст, вас не трэба пераконваць, наколькі важна мець доступ да інфармацыі.  І наколькі агідна цэнзура.

Заставайцеся на сувязі з рэальнасцю!

break-free [supsystic-social-sharing id="1"]