У мінулую нядзелю берасцейскі праект “Я быў тут” выправіў восень выніковай сустрэчай “Усе тут”. На адмысловым кватэрніку можна было пачуць песні пад гітару, вершы ад гасцей імпрэзы, беларускую мову, гісторыкаў, планы на будучыню і сустрэць берасцейскае мастацтва нажыва.

Даведка: пра праект, каманду і галоўных герояў можна даведацца з анонса АРР “Дзедзіч”.

Імпрэза “Усе тут” адзначылася падзеяй – 15 год АРР “Дзедзіч”. Атрымаўся яшчэ і сапраўдны юбілейны Дзень народзінаў у цёплай кампаніі сяброў: берасцейскія музыкі The Fraiz, модныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова” і вершы на Савецкай у выглядзе Юліі Козел.

Зміцер Шыманскі, кіраўнік АРР “Дзедзіч”, адкрыў маленькую тайну: хутка стартуе Школа валанцёраў. Зміцер заўважыў, што ў Берасці ёсць шмат грамадскіх арганізацый, якім патрэбна валанцёрская дапамога (напрыклад, Таварыства аховы беспрытульных жывёл, Чырвоны крыж, экалагічныя арганізацыі і г. д.). З. Шыманскі кажа, што існуе шмат актыўнай моладзі, якая не ведае, якім чынам рэалізаваць сябе, знайсці нейкую цікавую актыўнасць за сценамі школы ці ўніверсітэту.

Самыя яскравыя і выразныя моманты праекту “Я быў тут”

Першае месца – гістарычным дзеячам і галоўным героям праекту: Мікалай Радзівіл Чорны, Вітаўт, Ягайла, Саламон Грынберг, Юліян Урсын Нямцэвіч. Героі некаторы час “пажылі” на берасцейскіх вуліцах і нагадалі сучасным жыхарам Берасця пра свае значныя постаці ў гісторыі.

Мастацкі вобраз праекту “Я быў тут” надала маладая і таленавітая берасцейская мастачка і дызайнер – Вольга Стрыжнёва.

Дызайнерка праекту падзялілася, што не ведала нічога пра Саламона Грынберга і яго аптэку. Таксама Воля заўважыла, што трэба больш праектаў з легендамі, гісторыямі не пра Беларусь цалкам, а капнуць глыбей у гісторыю.

Трэцяя значная падзея – інтэрактыўная гульня “Файна! Родна! Годна!”. Удзельнікі каманд праходзілі па трох маршрутах, рабілі фота- і відэа-сэлфі, спрабавалі быць сапраўднымі акторамі і распавядалі прахожым пра гістарычныя падзеі. Усе заданні гульні былі звязаны з гісторыяй Берасця.

Вашыя сэлфі з галоўнымі героямі на вуліцах Берасця. Фотаздымкі рабілі пад час інтэрактыўнай гульні і напрацягу праекту, з хэштэгам #byutut.

Пра ідэю праекту распавядае Алена Каховіч, адна з удзельніц каманды:

Праект атрымаўся, дзякуючы школе мэнэджэраў “Акадэмія Першых – 2014”. Сэнс школы заключаецца ў тым, што напрацягу навучання вучні распрацоўваюць праект і яго ідэю. Самыя лепшыя працы, у межах Акадэміі, реалізуюцца ў розных гарадах Беларусі.

Пра вынікі праекту “Я быў тут”:

Берасцейцы кажуць, што файная ідэя ладзіць такія праекты. Хтосьці адзначыў, што адабраныя асобы для праекту і так знакамітыя, напрыклад Радзівіл Чорны ці Вітаўт. Дзеячы вызначаны на помніку тысячагоддзя.

Алена прывяла адмоўны прыклад наконт “знакамітасці” герояў праекту. Па словах дзяўчыны праводзілася даследванне гісторыка-культурнай кампаніяй “Берасце старадаўняе”, з якога атрымалася, што пазнаць Радзівіла Чорнага на помніку тысячагоддзя змаглі толькі 15 чалавек. Алена лічыць, што ніколі не будзе лішнім нагадаць берасцейцам пра гістарычных асоб.

Даведка: пачытаць пра апытанку берасцейцаў можна ў суполцы кампаніі.

Пра задачы праекту:

Мы хацелі даць галоўную інфармацыю пра гістарычных дзеячаў берасцейцам. А далей, ужо самастойна, людзі займаліся бы міні-даследваннем па прыведзяных тэмах. У афіцыйнай суполцы «Я быў тут” мы распавядаем не толькі пра выбраныя постаці, але і закранаем іншыя значныя асобы для Берасця.

Другой задачай праекта было распавесці пра культурныя суполкі горада. Напрыклад, Мова Нанова, Вершы на Савецкай.

Напрыканцы гутаркі Алена дадала, што па вясне берасцейцаў чакае штосьці падобнае да праекту “Я быў тут”, але больш маштабнае.

У СМІ было шмат як станоўчых, так і адмоўных водгукаў наконт месца знаходжання выяў гістарычных асоб. Каардынатары праекту кажуць:

Мы адмыслова расклейвалі выявы асоб на гістарычных будынках і месцах, якія ў хуткім часе будуць зруйнаваны. Напрыклад, дом на рагу вуліц Дзяржынскага і Камсамольскай (каля рэдакцыі Брэсцкага кур’ера), які шмат гадоў стаіць у занядбаным стане на цэнтральнай вуліцы. Гэта сур’ёзная праблема для горада. Таму, такой формай, магчыма не вельмі візуальна прывабнай, хацелі прыцягнуць увагу да праблемы.

Тэкст: Наталля Гарайкіна

Прапаноўваем фотарэпартаж з выніковай імпрэзы «Усе тут» ад Васіля Бруха:

[supsystic-social-sharing id="1"]