У нашую свядомасць трывала ўвайшлі вобразы дуэлянтаў-мушкецёраў з кніг Аляксандра Дзюма. Аднак і на нашых землях у далёкім XVI стагоддзі разыгрываліся зацятыя паядынкі-двубоі паміж шляхцічамі, не менш драматычныя, чым вядомыя па літаратуры французскія ўзоры.
duel

Выклік на двубой меў старую традыцыю і выцякаў з пастулату пра тое, што Бог справядліва дае перамогу не мацнейшаму, а таму, чыя праўда. У сярэднія вякі адкрытыя і шчырыя паядынкі нават ухваляліся, прытым не толькі дзяржавай, але і царквой. Свой уплыў мела і традыцыя рыцарскіх турніраў – неадменны элемент сярэднявечнай культуры і мадэлі паводзін. І хоць турніры не надта моцна прывіліся на нашых землях, рыцарская годнасць заўсёды лічылася адным з прыярытэтаў сапраўднага шляхціча.

З надыходам эпохі Рэнесансу паняцце гонару перажывае змены. Яно робіцца больш індывідуальным і ўніверсальным, не датычыным толькі паводзінаў на полі бою ці турнірнага паядынку. Гэта было звязана і з тым, што шляхціч усё больш засяроджваўся на кар’еры на магнацкім і гаспадарскім дварах, а не імкнуўся вызначыцца ў ваенных выправах вялікага князя. Паядынкі робяцца своеасаблівым рытуалам, з разгорнутымі правіламі і складанымі парадкамі. З элементу рыцарскай культуры яны ператвараюцца ў абавязковы элемент дворскай культуры, дзе ўменне абараніць свой гонар з дапамогай зброі альбо фізічнай сілы яшчэ ўхвалялася.  Рытуалізацыя і рэгламентацыя двубояў дзіўным чынам так ускладніла справу, што да самога паядынку часта і не даходзіла. Пры выкліку на паядынак пачыналася спаборніцтва, дзе бакі даказвалі сваю рацыю з дапамогай эфектнай рыторыкі і пышнай аргументацыі. Нярэдка звярталіся да пасярэднікаў – манархаў альбо сваіх магнацкіх пратэктараў, каб тыя выступалі арбітрамі ў канфлікце.

Інтэлектуальная эліта доўгі час абараняла прывілеяванае права шляхты на паядынак. Так, вядомы гуманіст Андрэй Фрыч-Маджэўскі абгрунтоўваў непарыўнасць шляхецкага гонару і права ўзяцца за зброю дзеля яго абароны. Той, хто здатны выйсці на двубой, мае вялікае сэрца і мужнасць, пісаў ён. Храніст Лукаш Гурніцкі у сваім апісанні ідэальнага двараніна-шляхціча звязваў рыцарскую сутнасць шляхціча з гатоўнасцю біцца за свой гонар ці, прынамсі, пры невыканальных абставінах, выходзіць на выклік у поўным узбраенні.

Аднак паступова вырастаў і іншы пункт гледжання, у якім правядзенне двубояў не ўхвалялася. Канфлікты, якія перараджаліся ў паядынкі, няхай і дзеля абароны гонару, з цягам часу сталі сур’ёзнай сацыяльнай і нават дэмаграфічнай праблемай. Канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны ў 1559 г. скардзіўся каралю, што паядынкі сталі настолькі частымі, што за імі хаваюць самыя сапраўдныя забойствы. Ён заклікае змяніць стаўленне да двубояў, якое да таго часу было цалкам талерантным. Так, напрыклад, у польскай “Карэктуры правоў “ 1532 г. раненні і забойствы падчас паядынкаў не лічыліся злачынствам з адпаведнай адказнасцю, а караліся толькі выплатай “пагалоўшчыны”, даволі пад’ёмнай, хоць і немалой, сумы грошай. У грамадстве, асабліва сярод тых, хто дакрануўся да гуманістычных каштоўнасцей, нарастае думка аб паядынках як чужых, варварскіх звычаях, неўласцівых хрысціяніну. Прыкладам, храніст Марцін Кромер наўпрост пісаў, што двубоі не ёсць праявай “Божага суду”, а ўсяго толькі прымітыўная форма “высвятлення адносін” з дапамогай мяча. І гэта не мае нічога агульнага з сапраўдным правам, дзе любое забойства лічыцца злачынствам і патрабуе свайго суду.

Такі погляд паступова распаўсюджваўся ва ўсёй Еўропе, якую ў XVI стагоддзі затапілі паядынкі, што ўспыхвалі паміж шляхцічамі з найменшай нагоды. Асабліва моцна гэта назіралася ў Італіі і Францыі. У 1564 г. яны забараняюцца Трыдэнцкім саборам, з якога пачалася эпоха Контррэфармацыі.  Удзельнікам двубояў пагражала канфіскацыя маёмасці і царкоўнае пракляцце. Ні больш, ні менш.

Рэч Паспалітую не абмінулі гэтыя працэсы ўтаймавання двубояў. У 1588 г. на сойме была прынятая адмысловая канстытуцыя “Пра дуэлі”, якая стала своеасаблівай вяхой у развіцці поглядаў нашых продкаў на паядынкі, так моцна распаўсюджаныя да таго часу. Дарэчы, сам факт патрэбы прыняцця такой спецыяльнай ухвалы адлюстроўвае, наколькі шырокай была гэтая з’ява ў грамадскім жыцці. Цяпер двубой трактаваўся як нехрысціянскі учынак. Заклік да яго караўся паўгадавым тэрмінам у вязніцы і выплатай 60 грыўнаў штрафу. Аднак заставалася выключэнне – у асаблівых выпадках абразы гонару дазвол на паядынак мог даць кароль. Такім чынам, сама па сабе такая форма разбіральніцтва адносін між бакамі не адкідвалася. Такія ж нормы ўвайшлі і ў 11 раздзел Статута ВКЛ 1588 г. У ім гаварылася, што шляхціч вымушаны ісці на двубой, каб адказаць на абразлівыя словы, а гэта не мае нічога агульнага са шляхецкім гонарам і добрай славай. Адсюль праўнікамі рабілася выснова, што рэагаваць на такія абразы ніжэй годнасці сапраўднага шляхціча. Як бачым, Статут даваў і маральнае абгрунтаванне непатрэбнасці і шкоднасці двубояў, заклікаючы вырашаць канфлікты ў судзе. Дуэль цяпер разглядалася як з’ява, якая пагражае публічнаму спакою: “Пан Бог тым бываеть обрушон, также і покой посполітый ображон”. Як вынік, пры выкліку на дуэль заахвочваўся зварот у судовыя органы. Менавіта такія паводзіны з пункту гледжання права і маралі лічыліся слушнымі і добрасумленнымі.

Але старая рыцарская традыцыя працягвала жыць і часта ўступала ў супярэчнасць з законам яшчэ і ў наступных стагоддзях. Аб выпадках двубояў на канкрэтных прыкладах, як да прыняцця “дуэлянцкай” Канстытуцыі 1588 г., так і пазней, раскажам наступным разам. Тут хаваецца шмат цікавага і каларытнага…

Крыніца: budzma.by

[supsystic-social-sharing id="1"]