Берасце – сапраўдны гістарычны скарб постацяў, якія ўслаўлялі, развівалі і абаранялі родны куток. Гэта і Казімір Лышчынскі, Мікалай Радзівіл Чорны, Саламон Грынберг, Юліян Урсын Нямцэвіч, Ягайла, Вітаўт, Уладзімір Васількавіч і іншыя героі. Падрабязна спынюся на асобах, якія ўшанаваў берасцейскі праект “Я быў тут” пад эгідай АРР “Дзедзіч”.

Даведка: каманда праекта “Я быў тут” – тры ідэйныя берасцейскія дзяўчыны (Алена Каховіч, Вольга Сыраватка і Вольга Ярамчук).

Алена Каховіч пра назву праекта.

Я думаю ўсе бачылі надпісы кшалту “тут быў Вася”. У свядомасці людзей запраектавана захаваць нешта пасля сябе. У гісторыі Берасця такіх прыкладаў шмат. Хтосьці славіў горад сваёй плённай навуковай працай, хтосьці ўнёскам у архітэктурнае аблічча горада, а хтосьці падараваў гораду Магдэбургскае права.

Героі праекту “Я быў тут”:

Мікалай Радзівіл Чорны – канцлер Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), ваявода віленскі, заснавальнік Нясвіжскай лініі роду Радзівілаў. У Берасці Мікалай адчыніў друкарню і ў 1563 годзе была выдадзена Берасцейская Біблія.

Саламон Грынберг – архітэктар, пабудаваў у Берасці аптэку ў 1923 годзе, якая працуе і сёння.

Юліян Урсын Нямцэвіч – ад’ютант і сакратар Т. Касьцюшкі. Вучыўся ў Брэсцкім езуіцкім калегіўме 7 год.

Ягайла – вялікі князь літоўскі падараваў у 1390 годзе Берасцю Магдэбургскае права.

Вітаўт – адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў ВКЛ. Фундатар шматлікіх берасцейскіх храмаў. У свой час пацвердзіў Магдэбургскае права.

Падрабязна пазнаёміцца з гістарычнымі постацямі Берасця можна ў групе праекта “Я быў тут”.

Алена Каховіч пра постаці праекта.

Асобы для праекта адбіраліся трошкі хаатычна, але кожны з іх зрабіў значны ўнёсак у развіццё горада ў розныя часы. Часу, калі Берасце ўваходзіла ў склад ВКЛ, надаецца асобая ўвага. Але, і Нямцэвіч, і Грынберг рабілі таксама важныя справы ў свой час.

Прагульваючыся па берасцейскіх вуліцах прыемна і нечакана было сустрэць гістарычных асоб, пра некаторых папоўніць свае веды, напрыклад пра Саламона Грынберга і яго аптэку. Як паведаміла Алена Каховіч, з 17 па 24 лістапада будзе праводзіцца фотаконкурс “Зрабі сэлфі з гістарычнай постацю”. Трэба знайсці на вуліцах Берасця выяву асобы (Ягайлы, Вітаўта, Грынберга, Нямцэвіча ці Радзівіла) і зрабіць з імі так званае сэлфі і абавязкова паставіць хэштэг #byutut. Пасля будуць собраны ўсе фотаздымкі з хэштэгам і адабраны лепшыя. Пераможцаў чакаюць падарункі з гістарычнай тэматыкай!

Дзяўчыны з праекту адзначылі, што дапамагала і малявала гістарычныя постаці берасцейская мастачка Вольга Стрыжнёва.

Інфадаведка:

Група “Я быў тут”

З пытаннямі можна звяртацца да Алены Каховіч ці пісаць на пошту [email protected]

 

Аўтар тэксту і фотаздымкаў: Наталля Гарайкіна 

[supsystic-social-sharing id="1"]