Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Пскоў, Бранск, Смаленск. Нашая нястрачаная спадчына

Аляксандр Лукашэнка зрабіў сапраўдную сенсацыю на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў, згадаўшы пра колішнюю прыналежнасць да Беларусі пскоўскіх, бранскіх і смаленскіх зямель. Ці не занадта гучна сказана? І як было насамрэч? Пiша Андрэй Янушкевіч.

Lithuania-15861-800x659

Гісторыя ўзаемаадносін Масквы, якая з сярэдзіны XIV стагоддзя прэтэндавала на цэнтральную ролю сярод усходнерускіх княстваў, і Вялікага Княства Літоўскага, магутнага кангламерату балцкіх і славянскіх зямель са сталіцай у Вільні, якое таксама імкнулася аб’яднаць Русь, мае пакручасты і супярэчлівы характар. У часы Гедыміна, Альгерда і Вітаўта нашая старажытная дзяржава імкнулася ўплываць на справы ў рускіх княствах, а дзе гэта было магчыма – браць іх пад свой кантроль і ўключаць у свой склад.

Пскоў быў найменш прывязаны да ВКЛ. Ён ніколі намінальна не ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, але з канца ХІІІ стагоддзя, калі там валадарыў князь літоўскага паходжання Даўмонт, ён заўсёды знаходзіўся ў сферы непасрэднага ўплыву ВКЛ. Пскову даводзілася, каб захаваць самастойнасць, умела лавіраваць паміж крыжацкімі Інфлянтамі, нашай Літвой і Ноўгарадам, які вельмі цікавіў Маскву. У 1342 г. на княскі пасад у горадзе сеў сын Альгерда Андрэй, які правіў тут з перапынкамі ажно да 1399 г. Хіба не трэба тлумачыць, якой палітычнай лініі ён прытрымліваўся. Ад сваіх правоў на Пскоў нашая гістарычная дзяржава адмовілася толькі ў 1449 г., калі Масква і Вільня, заключыўшы своеасаблівы “пакт аб ненападзенні”, падзялілі сферы ўплыву ў рэгіёне. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на пскоўскія землі, імкнучыся захаваць мір на ўсходніх межах. Такім чынам, прынамсі паўтара стагоддзя Пскоў уваходзіў у арбіту палітычных інтарэсаў нашых продкаў.

Бранск у параўнанні з Псковам быў горадам невялікага значэння. Працяглы час у ХІІІ–XIV стагоддзі ён знаходзіўся пад уладай смаленскіх князёў, пакуль у 1356 годзе не апынуўся ў складзе ВКЛ. Тут ён знаходзіўся ажно да 1500 г. Характар прыяднання Бранска да Расіі добра адлюстроўвае, што аніякай добраахвотнай цягі ў саміх бранцаў да гэтага не было. Бранск быў узяты войскамі Івана ІІІ падманам, калі мясцовы намеснік Станіслаў Барташэвіч аб’язджаў навакольныя воласці. Ён быў заспеты знянацку, а здраднікі, купленыя маскоўцамі, патаемна ўначы ў адсутнасць намесніка адчынілі браму замка. Дарэчы, ніводзін маскоўскі летапіс не згадвае пра гэтую “паслугу”. Пецярбургскі гісторык Міхаіл Кром робіць адназначную выснову, што такія гарады, як Бранск да канца захоўвалі лаяльнасць Вільні, якая давала ім шырокае самакіраванне і саслоўныя вольнасці. Толькі пад ціскам ваеннай сілы з боку Масквы насельніцтва невялічкіх гарадоў скаралася, каб захаваць жыццё і маёмасць.

У адрозненне ад Бранска, Смаленск быў буйным горадам і важным стратэгічным цэнтрам на перасячэнні дарог з захаду на ўсход, паміж Вільняй і Масквой. Той, хто валодаў Смаленскам, трымаў пад кантролем усе суседнія дробныя ўдзельныя княствы і ўмацаваныя гарады. За ВКЛ Смаленск трывала замацаваўся за князем Вітаўтам у 1404 г. Нядзіўна, што ўзмацнелае Маскоўскае княства з пачатку XVІ стагоддзя некалькі разоў спрабавала захапіць Смаленск. Гэта ўдалося зрабіць толькі пры канцы ліпеня 1514 г. А да тых часоў смаляне вельмі добра пачуваліся ў ВКЛ, маючы шырокія правы як у самакіраванні, так і ў гандлёва-эканамічнай сферы. Жыхары горада сапраўды адчувалі сябе грамадзянамі, і ім было што абараняць пры маскоўскіх аблогах. Розныя крыніцы сведчаць, што жыхары Смаленска мужна і стойка абаранялі свой горад пры самых невыносных умовах. Асабліва жорсткімі былі аблогі ў пачатку і ўлетку 1513 г. Здача горада ў 1514 г. тлумачыцца хутчэй за ўсё знясіленасцю абаронцаў і безнадзейнасцю прыходу дапамогі з цэнтру, а таксама дзеяннямі Міхайлы Глінскага, які падбухторыў частку смалян на здраду. Але ніякага масавага жадання перайсці на бок Расіі насельніцтва не выказвала. Зусім невыпадкова маскоўскія ўлады неўзабаве пасля авалодання горадам вырашылі “перафарматаваць” склад жыхарства – карэнных смалян папросту вывезлі ў глыб Расіі, замяніўшы іх на лаяльных памешчыкаў і мяшчан з іншых расійскіх гарадоў. Вось так Маскоўская дзяржава 500 гадоў таму павялічвала сваю тэрыторыю на захадзе.

Чаму ж, запытаецеся вы, нястрачаная спадчына? Таму што спадчынай застаецца памяць, і ў нашай беларускай гісторыі Бранск, Смаленск і Пскоў назаўсёды застануцца важнай старонкай.

Крынiца: budzma.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *