Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Беларуская нацыя. Шляхі яднання.

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А без яе – зусім не жыць.
Л. Геніюш
belarus_pagonja_frame

На жаль, мы жывем у ганебны час, калі патаптаны ўсе свабоды і правы грамадзян: свабода слова, свабода веравызнання, свабода сходаў …. а самае галоўнае, што ў нашай краіне няма свабоды сумлення. Сучасныя беларускія ўлады душаць дротам не толькі нас, але і нашу творчасць, нашу мару, нашы думкі. I  ў гэтых умовах кансалідаваць, аб’яднаць нацыю можа толькі вяртанне да сваіх нацыянальных каранёў.

Беларусы – маладая, поўная сіл і надзей нацыя, якая проста абавязана аднавіць нацыянальную памяць, памяць, якую стагоддзямі знішчалі ворагі Беларусі і яе народа. У гэтай самай нацыянальнай памяці і хаваецца той падмурак, які можа кансалідаваць нас як адзіны нязломны маналіт пад назвай беларусы. Мы павінны ўспомніць пра сваіх нацыянальных герояў, бо ў кожным з нас жыве часцінка душы Скарыны, Купалы, Каліноўскага, Быкава … У сэрцы кожнага з нас ёсць парастак беларушчыны, які абавязкова прарасце … Якія б моцныя вятры на дзьмулі над краінай мы павінны адчуць сябе часткай адзінай нацыі, нацыі з тысячагадовай гісторыяй, нацыі паэтаў, навукоўцаў, нацыі мастакоў і Нобелеўскіх лаўрэатаў … і не важна да якой нацыянальнасці мы належым: да беларусаў, украінцаў, палякаў, габрэяў або расейцаў… важна толькі тое, што нам выпала доля жыць, працаваць, ствараць сем’і і нараджаць дзяцей у краіне, назва якой – Беларусь. І мы павінны зрабіць усё магчымае, што б захаваць сваю мову, сваю культуру, традыцыі і звычаі, бо без гэтага кансалідацыі нацыі не ўяўляецца магчымай. Усё гэта з’яўляецца падмуркам нашага агульнага беларускага дома, які мы павінны будаваць для нашых нашчадкаў. Сапраўдная кансалідацыя нацыі магчыма толькі пры ўмове абсалютнай талерантнасці і гнуткасці кожнага члена грамадства на падставе агульнай, вышэйшай ідэі будаўніцтва беларускага дома ў кантэксце агульнаеўрапейскай інтэграцыі.

Як сказаў Куденховэ-Калергi”Пан-Эўропа – гэта ўся Эўропа“, уключаючы Беларусь. Змены не прыйдуць лёгка. Трэба будзе чымсьці ахвяраваць, сутыкацца са складаным выбарам і прымаць з адкрытым забралам непрыемную праўду. Але я абсалютна ўпэўнены, што выбіраючы агульнаеўрапейскі шлях развіцця і аб’ядноўваючы менавіта на гэтай падставе нацыю, мы не памылімся ў выбары. І менавіта гэты выбар стане ў выніку для нас лёсавызначальным.

Першыя крокі заўсёды самыя цяжкія … здаецца што нічога не атрымаецца … што няма моцы … магчымасцяў … Але нягледзячы на ўсё гэта, мы павінны рухацца наперад, пераадольваць усе перашкоды на шляху да нашай мары: жыць у адзінай, свабоднай краіне, дзе людзей не будуць дзяліць па прыкмеце іх палітычных пераваг, дзе кожны будзе адчуваць сябе сціпла і ўтульна. Дзе кожны будзе сваім.

Э. Берк сказаў: “Каб зло перамагло, добрым людзям дастаткова нічога не рабіць.” Так давайце ж, нарэшце, пачнем нешта рабіць дзеля таго каб змяніць нашу краіну, каб яна расправіла плечы, распусціла косы і заняла “свой пачэсны пасад між народамі”. Давайце ж палюбім нашу краіну ўсім сэрцам ... усёй душою, бо гэта наш край .. наша зямля … зямля беларуская … Наша зямля – гэта маўклівая памяць аб няздзейсненай надзеі, маўклівае сведчанне, якое чакае свайго часу. І хто ведае, можа мы адправімся ў падарожжа па гісторыі, якое замкне гэтае кола … І памятай, беларус, што самы цёмны час перад світаннем …

Жыве Беларусь!
Вечна жыве!

Фарнэль Алесь

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *