У межах кампаніі «Наша мова» пачынаецца чарговы конкурс. На гэты раз берасцейцаў чакае фотаконкурс «Фотамаўленне». Усё што патрэбна ўдзельнікам – гэта апарат, які робіць любой якасці фотаздымкі і ўвага з назіральнасцю.
Конкурс накіраваны на усіх берасцейцаў, якія могуць і жадаюць здымаць усё, што звязана з беларускай мовай. Ніякіх абмежаванняў.

У фотаконкурсе будзе 2 намінацыі, па якіх будуць адбірацца працы і вызначацца пераможцы:
Першая намінацыя – «Мова якой ганаруся»
Умовы: фотаздымкі рэкламы, аб’яў, тэкстаў, назваў прадуктаў, прац на беларускай мове. І самае галоўнае, Вы ганарыцеся гэтымі назвамі, таму што яны на роднай мове і вучаць быць бліжэй да роднага.
Другая намінацыя – «Беларуская бязглуздзіца»
Умовы: фотаздымкі з памылкамі ў выкарыстанні беларускіх слоў: няправільны пераклад, трасянка ў тэксце. Напрыклад, недарэчныя назвы вуліц, назвы прадуктаў у крамах (крама «Марцін», напрыклад), на беларускіх білбордах і г.д.
Удзельнікі конкурсу павінны даслаць фотаздымкі на электронны адрас: [email protected].
Працы на фотаконкурс прымаюцца да 14 траўня (да 23-59).
Лепшы фотаздымак у кожнай з намінацыяў, як і ў папярэдніх конкурсах, вызначаць берасцейцы з дапамогай адкрытага інтэрнэт-галасавання ў суполцы «Наша мова». Акрамя гэтага, журы з прафесійных фатографаў дадаткова вызначыць па адным пераможцы ў кожнай з намінацыяў.
Падказка: усе, хто можа, рыхтуюцца да чэмпіяната міра па хакеі, вакол шмат нагодаў для фотаздымкаў па гэтай тэматыцы.
Пераможцы атрымаюць прызы — MP3-плэеры ад кампаніі “Наша мова”.
Наперад, фатографы!
З.Ы. Арганізатары маюць права зняць з галасавання прысланую на конкурс працу, калі падчас галасавання за яе будуць выкарыстоўвацца сістэмы АЎТАМАТЫЧНАЙ накруткі лайкаў і рэпостаў.
Прэс-служба АРР «Дзедзіч»
[supsystic-social-sharing id="1"]