Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

У Берасці БНФ заклікае вывесці расейскія вайсковыя базы з Беларусі

“Сёння расейскія вайсковыя базы, – заўтра крымскі сцэнар”, “Расейскія вайскоўцы – прэч з Беларусі!”. Пад такімі лозунгамі актывісты і кандыдаты ў дэпутаты Партыі БНФ у Берасці прынялі ўдзел у агітацыйным пікеце, які праводзілі сёння актывісты дэмакратычных сіл.

Як адзначана на агітацыйных стэндах, Партыя БНФ рашуча асуджае расейскую ваенную агрэсію ў Крыме супраць украінскай дзяржавы і выказвае сваю поўную салідарнасць з народам Украіны, новым украінскім урадам і карэннымі жыхарамі Крыму ў іх імкненні захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ адзначыў, што выбаршчыкі актыўна падтрымлівалі антываенную пазіцыю партыі:

– У нас яшчэ жыве памяць пра ўсе жахі, якія прыносіць вайна. Натуральна, людзі не могуць нават уявіць, каб паміж нашымі бліжэйшымі суседзямі пачаўся узброены канфлікт, які можа закрануць і нашу краіну. Але для Беларусі гэта выразны прыклад, як расейскія ваенныя аб’екты могуць уплываць на палітыку нашай краіны. Крызісная сітуацыя ў Крыме, дзе з кожным днём расце напружанасць, выразна дэманструе, як расейскія ваенныя аб’екты на тэрыторыі іншай дзяржавы могуць ператварыцца ў плацдармы ваеннай агрэсіі. Мы рашуча выступаем за вывад усіх расейскіх ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі,

– адзначыў Дзмітрый Шыманскі.

Пікет, які цягнуўся 2 гадзіны, выклікаў вялікую ўвагу выбаршчыкаў. Актывісты Партыі БНФ таксама раздавалі партыйны бюлетэнь, збіралі подпісы за правядзенне Народнага рэферэндуму, размаўлялі з выбаршчыкамі наконт лакальных праблем мікрараёна.

У пікеце бралі ўдзел таксама актывісты і кандыдаты ў дэпутаты Берасцейскага гарсавета ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”,  Партыі левых “Справядлівы свет”.

8 070_

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *