Брэсцкая абласная арганізацыя Партыі БНФ падала скаргу на распаўсюджванне выбарчай камісіяй несапраўдных звестак па колькасці партыйных вылучэнцаў у Брэсцкі гарсавет.
У афіцыйных звестках, прадстаўленых гарадской выбарчай камісіяй і неаднаразова апублікаваных на сайце Брэсцкага аблвыканкама, фігуруе толькі 6 кандыдатаў ад Партыі БНФ у Брэсцкі гарсавет. Насамрэч, вылучана і зарэгістравана кандыдатамі 7 партыйных вылучэнцаў.

На выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Брэсцкая арганізацыя Партыі БНФ вылучыла 7 кандыдатаў у Брэсцкі гарсавет. На пасяджэнні гарадской выбарчай камісіі 20 лютага 2014г. усе 7 вылучэнцаў былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты: глядзіце афіцыйныя звесткі.

Аднак ў афіцыйных звестках, прадстаўленых Брэсцкай гарадской выбарчай камісіяй і неаднаразова апублікаваных на сайце Брэсцкага аблвыканкама, фігуруе толькі 6 кандыдатаў ад Партыі БНФ у Брэсцкі гарадскі савет дэпутатаў:

  1. Сведения о выдвижении кандидатов в депутаты местных Советов депутатов.
  2. Сведения о регистрации кандидатов в депутаты местных Советов депутатов.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі лічыць, што члены Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі павіны валодаць дастатковымі кампетэнцыямі, у тым ліку матэматычнымі здольнасцямі, для падсумавання колькасці кандыдатаў, вылучаных у гарсавет, таму як іх праца ў далейшым будзе ўплываць на дакладнасць падліку галасоў выбаршчыкаў:

— Няправільна указаная колькасць кандыдатаў ад Партыі БНФ у Брэсцкі гарсавет скажае агульную статыстыку. Акрамя таго, несапраўдныя звесткі, якія Брэсцкая гарадская выбарчая камісія прадставіла для публікацыі ў сетцы інтэрнэт, наносяць шкоду дзелавой рэпутацыі Партыі БНФ, —

заявіў Дзмітрый Шыманскі.

Рада Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ выказвае недавер тым членам камісіі, якія адказныя за прадстаўленне несапраўдных звестак і падала адпаведную скаргу ў Брэсцкі гарвыканкам і ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію.

У скарзе заяўнікі просяць спыніць паўнамоцтвы членаў Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі, адказных за прадстаўленне несапраўдных дадзеных і апублікаваць абвяржэнне распаўсюджаных у інтэрнэце звестак па колькасці кандыдатаў, вылучаных ад Партыі БНФ на сайце Брэсцкага аблвыканкама.

[supsystic-social-sharing id="1"]