Па інфармацыі арганізатараў выступу гурта Dzieciuki ў берасьцейскім Pub House, пасьля тэлефанаваньня з КДБ кіраўніцтва пляцоўкі вырашыла не праводзіць мерапрыемства.

Канцэрт «Дзецюкоў» у Берасьці меўся прайсьці 28 лютага на пляцоўцы Pub House, але ўвечары 25 лютага арганізатарам паведамілі, што выступ не адбудзецца. «Адміністрацыі бару тэлефанавалі з КДБ і сказалі, што канцэрт гэтага гурта праводзіць непажадана, бо на іх менскім канцэрце згадвалі пра Майдан і махалі бел-чырвона-белымі сьцягамі», — паведаміў Яўген Скрабутан, які займаўся прыездам гарадзенскай каманды ў Берасьце. Кіраўніцтва Pub House вырашыла не рызыкаваць і не спрачацца ды выступ адмяніла.

Для вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава забарона канцэрту ў Берасьці не апынулася раптоўнай навіною, бо канцэрты яго каманды ўжо забараняліся тройчы за яе паўтарагадовую гісторыю. Алесь іранічна заўважае, што берасьцейскім уладам варта выказаць падзяку: «Яны даволі талерантна падыйшлі да справы. Мы даведаліся за тры дні, а маглі б прыехаць і пагрукацца ў зачыненыя дзьверы клюбу. Ці наогул атрымаць па галаве дубінкамі. Я ня ведаю чаму яны спужаліся сьцягоў. Мне вельмі цяжка паставіць сябе на іх месца, таму мне падаецца, што гэта нейкая параноя».

Самі Dzieciuki склаўшы рукі не сядзяць і рыхтуюцца да даўно заплянаванага эўрапейскага туру з прэзэнтацыяй альбому «Гарадзенскі гармідар». Траса пачынаецца з канцэрту ў Кракаве 1 сакавіка, потым будуць выступы ў польскіх Хожаве, Зялёнай Гуры, Лодзі, чэскіх Цешыне, Брно, Хадоніне, Кладне і Празе, у славацкім Пезінку, у Вене, Бэрліне. Скончыцца тур канцэртам у Варшаве 15 сакавіка.

Падрабязьней пра тур «Дзецюкоў» можна дазнацца на старонцы ў Facebook.

Крыніца: tuzin.fm

[supsystic-social-sharing id="1"]