Учора, 14 лютага, на вуліцы Савецкая дзедзічы разам з сябрамі з гісторыка-культурнага абэяднання «Харугва» зладзілі невялікую святочную акцыю — каля 1000 мінакоў атрымалі беларускамоўныя валянцінкі.

Фота: euroradio.fm

Ідэя такой акцыі паўстала ў рамках праекту «НАША МОВА». Распачалася акцыя раней за само свята — у сацыяльных сетках быў абвешчаны конкурс на лепшую паштоўку пад назвай «Кахай па-беларуску», ахвотныя дасылалі свае варыянты беларускамоўных валянцінак.

Перамог у конкурсе Яўген Ангалюк, студэнт-маркетолаг з Берасця. На паштоўцы — шчаслівы снегавік з чырвоным сэрцайкам у далоні — усё ж такі свята ў халодны зімовы месяц, хаця сёлета надвор’е нас здзіўляе і радуе.

Пра раздачу паштовак распавяла адна з удзельніц акцыі, Таццяна:

«Людзі ўспрымаюць нашу ініцыятыву па-рознаму. Прыемна, калі адказваюць па-беларуску, прыемна, калі просяць яшчэ паштоўку для сяброўкі. Некаторыя шукаюць падвох — пытаюцца, што мы за фірма такая. Мне здаецца, гэта добрая акцыя — яна канешне ніякая не лёсавызначальная для беларускай мовы ці грамадства, але для тых, хто атрымаў нашыя валянцінкі у гэтае свята стала крыху цяплей».

Наступны конкурс у рамках праекту «Наша мова» — «Берасцейскі ВЕРШнік» распачнецца ўжо на наступным тыдні. Сачыце за падрабязнасцямі на нашым сайце і у сацыяльных сетках.

[supsystic-social-sharing id="1"]