Еўрамайдан у Кіеве для беларусаў сапраўды стаўся ўжо трэндавым месцам. Дзеячы ад палітыкі і грамадзянскай супольнасці, мастацтва і музыкі палічылі за гонар наведаць і пабачыць на ўласныя вочы, рэвалюцыйныя будні сталіцы Украіны.

Асабіста я, прыняў рашэнне адправіцца туды кіруючыся хутчэй не логікай, а эмоцыямі.

Прычынай – стаўся прагляд жывой трансляцыі разгону сілавікамі горсткі студэнтаў і мільённыя акцыі пратэстаў, з штурмам адміністрацыі Прэзідэнта Украіны і захопам шэрагу будынкаў вакол плошчы Незалежнасці.

Як высветлілася, у тую самую ноч разгону, якая сталася каталізатарам таго, што зараз адбываецца ва Украіне, на плошчы прысутнічаў і наш зямляк – берасцеец Іван Стасюк. На кадрах было заўважна, як лунае бел-чырвона-белы сцяг. Мо гэта быў ягоны? Аформіўшы камандзіроўку, збіраю рэчы, ўдакладняю свой маршрут і выяжджаю ў падарожжа…

Частка першая.

Першы прыпынак – Луцк. Ноч. Моладзь з мясцовай ініцыятывы сустракае і паказвае намётавае мястэчка. Да генератару падлучана цеплавая пушка, вакол гараць вогнішчы ў бочках, дзяжурыць ахова. Прысутнічаюць нават два міліцыянты, выдзеленыя, па словах арганізатараў луцкага “Еўрамайдану”, адмыслова для беспекі пратэстоўцаў. З ранішніх ужо гутарак даведваюся, што ў асноўным мэта “рэгіянальных” “Еўрамайданаў” — гэта інфармаванне насельніцтва пра перспектывы пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС ды адпраўка валанцёраў у Кіеў. Менавіта ў Кіеве і вырашаюцца “асноўныя пытанні” на думку прыхільнікаў еўраінтэграцыі Украіны.
Бліжэй да дзевяці раніцы паступова падцягваюцца людзі, збольшага свядома, хаця хапае і мінакоў, аматараў дармовай гарбаты і канцэртаў, што стараюцца ладзіць штодзённа. Самая актыўная частка — валанцёры грамадска-палітычных арганізацыяў і студэнты — пастаянна ладзіць акцыі пратэстаў, салідарнасці з кіеўскім “Еўрамайданам” і пікетуюць будынкі дзяржустановаў. Кардынальнага плёну, праўда гэта не нясе.
Абласная Рада, у складзе якой большасць месцаў належыць праўладным абраннікам, усяляк не прапускае прапановы дэпутатаў ад апазіцыі. На што тыя адказваюць усё новымі акцыямі пратэсту. “Зусім іншая сітуацыя ў Львове”, — кажа адна з актывістак луцкага “Майдану”. Тамтэйшыя жыхары абвясцілі агульнаабласны страйк, што больш уплывова чым акцыі. Украінскае грамадства і ўлада даўно ўжо да іх прызвычаіліся і маюць пэўны ўзаемны імунітэт…

Кіеў. Сталіцу Украіны ўбачыў а шостай ранку. Аднекуль здалёк даносіліся гукі ці то музыкі, ці то прамовы. Кіруючыся на гэтыя гукі ўрэшце трапляеш на вялікі пляц, дзе бачыш некалькі дзесяткаў вялізных намётаў з прымацаванымі сцягамі на любы колер і густ. Будзь то дзяржаўныя і аб’яднанай Еўропы, будзь то партыйныя і кааліцыйныя. Гэта – “Майдан”.

“Майдан”, натуральна адразу робіць уражанне. Лічы ноч, толькі шостая раніцы, а з галоўнай сцэны нехта прамаўляе, нехта падбадзёрвае ды спявае. Вакол намётавага мястэчка арганізаваныя барыкады. На іх звяртаеш увагу не адразу. Самае відовішчнае – сцэна. Яна месціцца наўпрост пасярэдзіне плошчы Незалежнасці, ля падзяляючай яе вуліцы Храшчацік. Ужо зрання бачу студэнтаў, якія рыхтуюцца да чарговага шэсця ў падтрымку затрыманых, ці то да будынку пракуратуры ці аднаго з судоў. Паўсюдна бачна людзей у касках, карысная рэч для мінімалізацыі траўмаў у выпадках сутычак з сілавікамі.

Ля прылеглых будынкаў ідзе раздача ежы, гарбаты, вопраткі і сродкаў гігіены. Некаторыя пратэстоўцы знаходзяцца тут ужо некалькі тыдняў. У будынку Кіеўскай гарадской адміністрацыі (Кіеўрады) месціцца штаб рэвалюцыі. Трапіць туды можна толькі цьвярозым, праз самаахову “Еўрамайдану”. На першым паверсе стаяць барыкады на выпадак штурму, на другім арганізаваныя месцы для начлегу, медыцынскі пункт, пункт гігіены і тая ж самая раздача ежы. Шмат хто наракае на тое, што “Еўрамайдан” з-за сваёй статычнасці паступова можа пераўтварыццы ў начлежку для бяздомных.

У будынку Прафсаюзаў, што прылягае да плошчы Незалежнасці, знаходзіцца прэс-цэнтр. У ім журналісты атрымліваюць акрэдытацыю, праходзяць прэс-канферэнцыі палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, таксама там ёсць Wi-Fi. Журналістаў сапраўды шмат, з усіх куткоў Свету. Адчуваецца напружаная праца.

Мая дарога на Еўрамайдан. Частка другая.

Украінцы – народ ветлівы, калі ж да таго ты прыехаў падтрымаць “Еўрамайдан”, то заўжды знойдзеш месца дзе пераночыць, прыняць душ і знайсці новых сяброў. Беларусаў яны вельмі любяць. А іх у сваю чаргу на “Майдане” вельмі шмат. Пастаянная прысутнасць адчуваецца. То тут то там лунаюць нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, прамаўляюць са сцэны дзеячы розных арганізацый.

Я трапіў туды акурат у той час, калі Сяргей Міхалок і гурт Ляпис Трубецкой выступілі з канцэртам ды выказалі словы падтрымкі. Кіеўляне нават вывесілі бел-чырвона-белы сцяг на шпіле аднаго з прылеглых да плошчы Незалежнасці будынкаў падчас выступу гурту. “Check-in” у Кіеве і фота ў “Instagram” стаўся сапраўды трэндам.

Апроч пастаянных канцэртаў і акцыяў, да “Еўрамайдану” перыядычна падыходзяць гэтак званыя “цітушкі”, асобы ў штацкім, альбо найміты правакатары. Адкрытых сутычак, як напрыклад на акцыях апазіцыі ў Беларусі, не назіраецца. Ахова намагаецца як мага хутчэй іх вылічыць і выправадзіць за межы намётавага мястэчка. Але “весяліцца” не толькі ўлада. Па начох у калоны збіраюцца экіпіраваныя ў каскі хлопцы і шпацыруюць па Кіеву ў кірунку будынкаў, у ахове якіх знаходзяцца мясцовыя сілавікі (“Беркут”). Задача – не засумаваць ноччу і падтрымаць баявы настрой.

Сітуацыя ва Украіне адрозніваецца ад беларускай хаця б тым, што мясцовы бізнэс без перашкодаў можа абраць “той ці іншы бок барыкадаў”. Напрыклад, сетка рэстаранаў сушы ў ваколіцах плошчы Незалежнасці бясплатна раздае вайфай, дазваляе карыстацца разеткамі і частуе гарбатай альбо кавай.

Напрыканцы хацелася б дадаць крыху пра беларускіх дзяўчат на “Еўрамайдане”. Кожная з іх, па розных прычынах апынулася ў гэты час у Кіеве. Хтосці прыехаў патусавацца, хтосці падтрымаць “Еўрамайдан”, а некаторыя з іх ужо стала жывуць ва Украіне па некалькі год. Прапануем вашай увазе фотападборку: “Беларусачкі на Еўрамайдане”, за якімі канешне ж уважліва сочыць Юлія Цімашэнка, з банэру на Каляднай елцы 🙂

P.S.: Дапісваючы другую частку артыкулу даведаўся ад сяброў з Кіеву, што Вярхоўная Рада Украіны прыняла шэраг законаў, у змесце якіх прасочваюцца прыкметы канстытуцыйнага перавароту. Шэраг апазіцыйных палітыкаў заклікалі да мабілізацыі ўсіх прыхільнікаў рэвалюцыі да прыезду ў Кіеў.

17.01.2014
Ігнат Вітажэнец.

 

[supsystic-social-sharing id="1"]