Кіраўніку шведскай праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders Роберту Хорду 5 лістапада было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Пра гэта стала вядома толькі зараз, калі Хорд змясціў у facebook фота свайго пашпарту з пячаткай беларускай амбасады аб забароне ўезду.

Апошні раз  Роберт Хорд наведаў Беларусь у снежні 2010 года, пад час падзеяў, звязаных з выбарамі Прэзідэнта Беларусі.  Пасля разгону пратэстнай акцыі на Плошчы Незалежнасці Роберт Хорд паспеў наведаць офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна” перад тым, як туды ўварваліся супрацоўнікі міліцыі.

«Адмоўлена». Беларускія ўлады ў чарговы раз вырашылі не дазволіць мне трапіць у Беларусь. Я і мае калегі не змаглі наведаць краіну са снежня 2010 года ў сувязі з нашай «падрыўной» працай ў галіне правоў чалавека. Я думаю, гэта азначае, што мы робім добрую працу … напісаў Роберт Хорд на сваёй старонцы ў facebook .
На жаль, з кожным годам ў Беларусі ўсё большую частку “персонаў non grata” складаюць не тэрарысты і злачынцы, а тыя, хто крытыкуе існуючы рэжым, альбо можа данесьці іншаму свету дакладную інфармацыю пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне. Гэта вельмі выразна заўважна цягам апошніх гадоў, калі праз створаны ўладамі жалезны плот у Беларусь не змаглі патрапіць сотні грамадскіх дзеячоў, палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў з розных краінаў свету.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]