Першая этнавечарына пад назвай «Зюзя-фэст» прайшла 27 верасня ў Брэсце. Яе арганізавала моладзевая ініцыятыва «Зюзя-club» і прадстаўнікі праекту «Бацькі.by».

На фэст у сценах гарадскога Дома культуры сабралася каля 70 прыхільнікаў традыцый ад мала да вяліка. Мэта мерапрыемства — паказаць, што ёсць іншы від адпачынку, акрамя звычайных дыскатэк і канцэртаў. Такое больш сэнсоўнае, змястоўнае мерапрыемства з нейкім цікавым падмуркам старажытных беларускіх традыцый.

Як адзначыла адна з арганізатараў, Воля, «сабраліся знаёмыя аднадумцы-гісторыкі, якія ведаюць, як можа адпачыць брэсцкая моладзь, якой часам няма куды пайсці ўвечары». Зюзя — гэта персанаж беларускай міфалогіі, які вельмі падобны да Дзеда Мароза. Ён увасабляе марозную сцюжу і холад. У гэты вечар ролю Зюзі прымерыў на сябе Юрась Сальнікаў — адзін з арганізатараў вечарыны.

Вядучая Воля Крусь паклікала ўсіх у кола і адзначыла, што кожны сёння павінен сысці з парай. Але не ўсё так проста: трэба было пачапаць каленкі суседа, паабдымаць яго, гучна назваць сваё імя, сыграць у гульню «дзынь-дзынь» і добра ведаць назвы кветак на беларускай мове.

artsiadziba_zuzia-fest-4 artsiadziba_zuzia-fest-5

Бліжэй да сёмай гадзіны вечара далучыўся заяўлены галоўны госць — тэатр старадаўняй культуры «Яварына» з Мінску. Госці фэсту пад гукі народных «яварынскіх» інструментаў маглі патанчыць «Ойру», «Удавец» ды іншыя танцы. Жадаючых патанчыць было шмат: асабліва дзяўчын, якіх было ў два разы больш за хлопцаў.

artsiadziba_zuzia-fest-9

artsiadziba_zuzia-fest-10

— Мне здаецца, што гэта першая такая маштабная ў Беларусі этнавечарына, і гэта таго варта было, — кажа Таццяна, адна з удзельніц фэсту. — Я нават не з’ехала, а вырашыла застацца на імпрэзу. Я танчу сярэднавечыя танцы і таму мне гэтая тэма блізкая.

artsiadziba_zuzia-fest-3-7

Арганізатары абяцаюць, што хутка будзе і другі фэст. Але перад гэтым яны абмяркуюць плюсы і мінусы ды падвядуць вынікі.

artsiadziba_zuzia-fest-1 artsiadziba_zuzia-fest-2 artsiadziba_zuzia-fest-6 artsiadziba_zuzia-fest-8

Крыніца: artsiadziba.by

[supsystic-social-sharing id="1"]