Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Еўраклуб

Грамадзянскія кампетэнцыі: што патрэбна беларусу, каб стаць грамадзянінам

Гэты артыкул — спроба прааналізаваць выклікі, якія сёння стаяць перад беларускім грамадствам з пункту гледжання пабудовы дэмакратыі, і сфармуляваць грамадзянскія кампетэнцыі, якія патрэбны для дасягнення гэтай мэты. Фармаванне такіх кампетэнцый і будзе галоўнай задачай грамадзянскай адукацыі ў сучаснай Беларусі.

Ключавыя кампетэнцыі, як гэта прапісана ў дакументах Еўрапарламента і Рады Еўропы, ёсць сістэмай ведаў (knowledge), уменняў (skills) і каштоўнаснага стаўлення ці пазіцыі (attitudes). Да гэтай сістэмы дадаецца крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне прымаць рашэнні, кіраваць сваімі эмоцыямі, не губляцца перад праблемамі і г.д.

Як вядома, рамкавыя ўмовы, прапанаваныя Еўрапарламентам і Радай Еўропы, прадугледжваюць 8 груп ключавых кампетэнцый (гл. малюнак). Разгледзім асобна грамадзянскія кампетэнцыі, прапісаныя ў тым жа дакуменце. Яны таксама складаюцца з ведаў, уменняў і каштоўнаснага стаўлення.

Веды:

  • веданне паняццяў дэмакратыі, справядлівасці, роўнасці, грамадзянства і грамадзянскіх правоў;
  • веданне таго, як яны выкарыстоўваюцца рознымі інстытутамі на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным, еўрапейскім і міжнародным узроўнях;
  • веданне як сучасных падзей, так і асноўных падзей ды тэндэнцый нацыянальнай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі;
  • уяўленне аб мэтах, каштоўнасцях і палітыцы грамадскіх і палітычных рухаў;
  • веданне працэсу еўрапейскай інтэграцыі ды еўрапейскіх структураў, асноўных мэтаў і каштоўнасцяў, а таксама дасведчанасць у разнастайнасці і культурнай ідэнтыфікацыі ў Еўропе.

Уменні:

  • здольнасць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з іншымі ў публічнай сферы;
  • здольнасць выяўляць салідарнасць і зацікаўленасць у вырашэнні праблем, якія ўплываюць на мясцовыя і шырэйшыя супольнасці;
  • навыкі крытычнай і творчай рэфлексіі;
  • канструктыўны ўдзел як у дзейнасці супольнасцяў, так і ў прыняцці рашэнняў на ўсіх узроўнях: ад мясцовага да нацыянальнага і еўрапейскага, уключна з галасаваннем;

Каштоўнаснае стаўленне:

  • павага да правоў чалавека, уключна з роўнасцю як асновай дэмакратыі;
  • павага і разуменне адрозненняў паміж сістэмамі каштоўнасцяў розных рэлігійных і этнічных груп;
  • пачуццё прыналежнасці да сваёй мясцовасці, краіны, ЕС і Еўропы, свету;
  • жаданне ўдзельнічаць у дэмакратычным прыняцці рашэнняў на ўсіх узроўнях;
  • пачуццё адказнасці, разуменне і павага да агульных каштоўнасцяў (напрыкл. — павага да дэмакратычных прынцыпаў);
  • канструктыўны ўдзел (уключае грамадскую дзейнасць, падтрымку сацыяльнай разнастайнасці і згуртаванасці ды ўстойлівага развіцця, гатовасць паважаць каштоўнасці і прыватнае жыццё іншых людзей).

Калі прааналізаваць, што закладзена ў рамкавыя ўмовы Еўрапарламента і Рады Еўропы, мы ўбачым, што грамадзянскія кампетэнцыі ў еўрапейскім разуменні ўключаюць у сябе веды, уменні і каштоўнасці, патрэбныя для сацыялізацыі ды жыцця ў гатовай дэмакратыі, а не ў той, якую яшчэ трэба адваяваць і пабудаваць.

У нас грамадства далёкае ад дэмакратыі. Мы маем іншыя выклікі, таму Еўрапейскія рамкі грамадзянскіх кампетэнцый для нас занадта вузкія. Перад беларускім грамадствам стаяць задачы пазбаўлення ад аўтарытарызму ды пабудовы дэмакратыі, таму і грамадзянскія кампетэнцыі, патрэбныя для гэтай мэты, могуць адрознівацца ад грамадзянскіх і сацыяльных кампетэнцый, сфармуляваных у дакументах Рады Еўропы.

Прааналізаваўшы гэтыя выклікі, можна будзе сфармуляваць кампетэнцыі, адэкватныя патрэбам сучаснага беларускага грамадства і грамадзяніна, каб шукаць механізмы іх фармавання сродкамі грамадзянскай адукацыі.

Аўтарытарызм: версія 2.0

У якасці асноўнага дакумента, які апісвае сітуацыю ў сучасным свеце, разгледзім вынікі даследаванняў, якія правяла ў 2009 арганізацыя «Freedom House» разам з радыё «Свабодная Еўропа» і «Свабодная Азія». У прыватнасці, даклад экспертаў, які носіць назву «Падрыў дэмакратыі: дыктатары XXI стагоддзя». У ім праводзіцца аналіз агульных рысаў аўтарытарных рэжымаў XXI стагоддзя, а таксама таго, якім чынам яны здолелі ў апошнія гады дамагчыся значнага скарачэння палітычных свабодаў ва ўсім свеце.

У дакладзе вызначаны асноўныя небяспекі, якія сыходзяць ад аўтарытарных рэжымаў сёння. Гэта:

• Перафармулёўка і скажэнне паняцця дэмакратыі (Democracy Redefined);
• Інтэрнэт пад пагрозай (Internet Under Threat);
• Міжнародная дапамога аўтарытарным рэжымам (Authoritarian Foreign Aid);
• Кантраляванне і ўплыў на палітыку дэмакратычных інстытутаў (Rules-Based Organizations Under Siege);
• Несвабодная адукацыя — інструмент для разлажэння наступнага пакалення (Illiberal Education — Tainting the Next Generation).

Асноўныя высновы экспертаў наступныя:

– Сёння аўтарытарныя рэжымы расхістваюць дэмакратыю больш дасканалымі і вытанчанымі спосабамі, атрымоўваючы на гэтыя мэты шчодрае фінансаванне. Новы клас дыктатараў увасабляе самую сур’ёзную пагрозу пабудове міжнароднай сістэмы, заснаванай на ўладзе закону, захаванні правоў чалавека і адкрытым выказванні думак.

-Сучасныя аўтакратыі карыстаюцца як традыцыйнымі, так і інавацыйнымі падыходамі дзеля сваіх мэтаў. Сярод традыцыйных дзеянняў, скіраваных на падрыў дэмакратыі: маніпуляванне прававой сістэмай, кантроль над сродкамі масавай інфармацыі ды наўпростае запалохванне. Тут нічога новага з часоў Сталіна ці Мао — дыктатура і ёсць дыктатура!

У дакладзе таксама зазначаецца, што сучасныя аўтакратычныя рэжымы:

– выкарыстоўваюць з падрыўнымі мэтамі дыскусіі ды зносіны на прасторах інтэрнэту (кідаюць у бой цэлыя войскі каментатараў і правакатараў для зводу ў бок і зрыву цалкам разумных і правамерных онлайнавых дыскусій);

– прыстасаваліся да сучаснага глабальнага капіталізму, выкарыстоўваючы рынак для ўзмацнення свайго кантролю: камерцыйныя медыі адцягваюць увагу ад палітыкі і праблемаў; грамадзянам дазволена атрымліваць асалоду ад асабістых свабодаў, у тым ліку паездак за мяжу ды багацця спажывецкіх тавараў, немагчымых у колішнім СССР;

– новыя аўтарытарныя рэжымы таксама фармуюць міжнародныя каштоўнасці, выкарыстоўваючы самыя перадавыя і добра фундаваныя медыйныя прадпрыемствы. Напрыклад, Крэмль запусціў і шчодра фінансуе тэлеканал «Russia Today», спадарожнікавы тэлеэфір запоўнены рознажанравымі кітайскім ды іранскімі каналамі;

– прыкладаюць масу сілаў для падрыву дзейнасці міжнародных арганізацый, што дзейнічаюць на аснове ўсталяваных правіл і выступаюць у падтрымку дэмакратыі ды правоў чалавека. Сярод іх Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў і Еўрапейскі суд па правах чалавека. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый гэтыя краіны ствараюць часовыя кааліцыі для пазбягання крытыкі на свой адрас, выступаюць супраць прыняцця санкцыяў і прасоўваюць антыдэмакратычныя захады;

– замест татальнага кантролю выкарыстоўваюць «кіраваны палітычны дыскурс», у якім ужо нібыта адсутнічае відавочны дыктат. Такая кіраванасць забяспечваецца за кошт замоўчвання некаторых навінаў ці інфармацыі або іх перапрацоўкі.

Выклікі, якія стаяць перад беларускім грамадствам

Як мы бачым, праблемы і метады дзеяння, найбольш характэрныя для сучасных аўтарытарных рэжымаў, апісаных у дакладзе, прысутнічаюць і ў Беларусі. У такіх умовах грамадзянскія кампетэнцыі, прызначаныя для паўнавартаснага існавання ў дэмакратычнай цывілізаванай прасторы, не патрэбныя для жыцця ў цяперашняй Беларусі. Больш за тое — яны перашкаджаюць сацыялізацыі. Гэта правакуе адцёк маладых найбольш адукаваных і амбітных людзей з краіны.

Разам з традыцыйнымі метадамі знішчэння дэмакратычных інстытутаў і адносінаў (такімі, як рэпрэсіўны ціск на эканоміку, судовую сістэму, армію, адукацыю, медыцыну…), кіруючы рэжым таксама выкарыстоўвае ўсё больш хітрыя і завуаляваныя метады, якія існуюць у інфармацыйным грамадстве. Сярод іх:

• Дыскрэдытацыя брэндаў. Мы бачым, як на вачах некалі моцныя, аўтарытэтныя ды гучныя дэмакратычныя арганізацыі ды палітычныя структуры нібыта драбнеюць, пазбаўляюцца інтэлектуалаў, расколваюцца на часткі. Але адмыслова не ліквідуюцца дзяржавай, а працягваюць існаваць, дэманструючы грамадзянам сваю слабасць і недзеяздольнасць.

• Знішчэнне і дыскрэдытацыя яркіх асобаў і лідэраў. Тут найбольш яскравы прыклад — палітычныя зняволеныя: кандыдаты ў прэзідэнты, сябры іх перадвыбарчых штабоў, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Апошняга ўлады нейтралізавалі за тое, што яго арганізацыя фіксавала факты парушэння беларускага заканадаўства, у тым ліку фальсіфікацыі выбараў. Аўтарытэтнага ў свеце і вядомага, бадай, кожнай беларускай сям’і праваабаронцу прапаганда ператварыла ў злодзея і падатканяплатніка.

• Выкарыстанне псеўданезалежнай і незалежнай прэсы. Незалежная прэса паступова жаўцее, адштурхоўваючы ад сябе эліту і адцягваючы ўвагу дэмакратычнага электарату ад сур’ёзных тэмаў.

• Стварэнне псеўдадэмакратычных структураў грамадзянскай супольнасці. Тут гаворка ідзе не толькі пра БРСМ і «Белую Русь». Цяпер з боку ўлады сур’ёзна вядзецца пра стварэнне «канструктыўнай апазіцыі».

• Выкарыстанне сацыяльных сетак, нанятых каментатараў. Сацыяльныя сеткі, форумы робяцца пляцоўкамі прапаганды і адтулінамі для выпуску пары ў віртуальную прастору для незадаволеных, тым самым зніжаецца сацыяльная і пратэставая актыўнасць.

• Немагчымасць працаваць адкрыта. Структуры грамадзянскай супольнасці загнаныя ў падполле, вымушаны хаваць інфармацыю, таму грамадству цяжка зарыентавацца, хто ёсць кім. Адсюль лёгкасць маніпулявання нават сябрамі адной арганізацыі.

• Расколы грамадства паводле розных параметраў: кожны месяц нам прапануюць групы, якія мы мусім зненавідзець: прадпрымальнікі, апазіцыя (пятая калона), заможныя, банкіры, палякі, аўтамабілісты (што скупілі валюту), беларускамоўныя, неправаслаўныя і г.д.

• Свядомае знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы, культуры краінатворчай нацыі. Сённяшняя дзяржава не зацікаўлена, каб беларусы ўсвядомілі свае нацыянальныя карані, аднавілі традыцыйныя каштоўнасці. Тады ж высветліцца, што абсалютная большасць нашых грамадзянаў — прадстаўнікі заходняй цывілізацыі: яны маюць еўрапейскую ментальнасць і каштоўнасці, а дэмакратыя — гэта наш цывілізацыйны выбар. Цяпер уладам лягчэй маніпуляваць масавай свядомасцю, навязаць нам шлях у нікуды.

• Выкарыстанне дзеля сваіх мэтаў інстытутаў замежных краінаў. Праграмы дэмакратычнага свету, скіраваныя на супрацоўніцтва з недэмакратычнымі ўладамі і псеўдаграмадскімі структурамі толькі шкодзяць пабудове грамадзянскай супольнасці Беларусі, разбураюць веру ў дэмакратычную салідарнасць.

Для выжывання ў такіх умовах замест грамадзянскіх кампетэнцый, прапісаных у еўрапейскіх дакументах, сённяшняму беларусу патрэбны канфармізм, пасіўнасць, уменне падпарадкоўвацца, уменне апраўдаць сваю неграмадзянскую ці далёкую ад маралі пазіцыю.

Крытычнае мысленне трэба завуаляваць дэмагогіяй, уменне вырашаць праблемы замяніць пазіцыяй «мая хата з краю». Для кар’ернага росту спатрэбяцца навыкі маніпуляцыі людзьмі і групамі людзей. Што праўда, крэатыўнасць і ўменне кіраваць эмоцыямі давядзецца пакінуць — гэтыя кампетэнцы крытычна важныя для фізічнага існавання і прыстасавання да беларускай рэчаіснасці.

Ключавыя кампетэнцыі для беларускага грамадства

Аднак, грамадзянскія кампетэнцыі — гэта не кампетэнцыі для выжывання. Яны маюць прынамсі тры вымярэнні. У плане індывідуальнай перспектывы — гэта кампетэнцыі для паўнавартаснай самарэалізацыі ды самаактуалізацыі асобы, яе сацыяльнай інклюзіўнасці і актыўнай грамадзянскасці, працаўладкавання і кар’еры. З пункту гледжання перспектывы для грамадства — гэта кампетэнцыі для існавання канструктыўнай дэмакратыі. І трэцяе вымярэнне — перспектыва для далейшага развіцця і рынку працы — гэта навыкі для інавацый.

Калі ўлічыць гэтыя перспектывы, то сучаснаму беларускаму грамадзяніну найбольш патрэбны :

• Юрыдычныя кампетэнцыі. Гэта найперш юрыдычныя веды. У школах няма практычна-арыентаванага юрыдычнага мінімуму: падліку падаткаў, асноваў працоўнага права, правоў грамадзяніна. Кожная грамадская арганізацыя Беларусі павінна праводзіць прававы лікбез для сваёй мэтавай групы. Найпершая задача беларусаў — вяртанне законнасці.

• Уменне прымаць адказныя рашэнні і ўменне бараніць свой выбар.

• Крытычнае мысленне: уменне адрозніць інфармацыю ад прапаганды, веданне прыёмаў, якімі карыстаюцца медыі для прамыўкі мазгоў, уменне аналізаваць, выбудоўваць лагічныя ланцугі.

• Кампетэнцыя «шукаць і знаходзіць праўдзівую інфармацыю».

• Моўныя кампетэнцыі ў беларускіх умовах трэба аднесці да грамадзянскіх. Беларусам як мага хутчэй неабходна вырвацца з рускамоўнай інфармацыйнай прасторы. Рускамоўная прастора — не свабодная, не сучасная і не дэмакратычная, паколькі не ёсць свабоднай Расія, дзяржаўны строй якой згаданыя эксперты вызначылі як «выбарна-капіталістычная клептакратыя». Звяртаючыся да расійскіх крыніц, мы маем скажоную, апрацаваную тымі ж «хітрымі» метадамі інфармацыйнага грамадства карціну свету.

• Культурная самаідэнтыфікацыя і культурнае самавыяўленне. Усведамленне, што дэмакратыя — частка нашай культуры, нашай ментальнасці.

• Імунітэт ад спробаў раскалоць беларускае грамадства па лініях, па якіх ніколі не праходзіў падзел.

Ну і асноўнае — вяртанне ў грамадства каштоўнасцяў. З самага верху нам навязваюць скажоныя сямейныя каштоўнасці, на прыгонна-кантрактнай працы знікае прафесійная этыка, у школах дзяцей заганяюць у піянеры і БРСМ. А калі ты адзін раз пераступіў мараль ці пайшоў супраць уласнай волі — і надалей можна быць амаральным… Сёння настаўнікі адкрыта збіраюць грошы на аднолькавыя ручкі, каб дзецям лягчэй было спісваць на экзаменах, бухгалтары падганяюць пад патрэбныя лічбы справаздачы, дактары выпісваюць тыя лекі, якія трэба прадаць, няма маральнага асуджэння злачынцаў, што сфальсіфікавалі выбары…

У Беларусі паступова знікла праўда, справядлівасць, а разам з імі і вера ў лепшыя перспектывы.

Таму сярод задачаў грамадзянскай адукацыі на першае месца трэба ставіць выхаванне грамадзянскай мужнасці: казаць праўду, адстойваць правы, не падпарадкоўвацца амаральным і незаконным загадам. Сёння быць нармальным чалавекам з маральнага пункту гледжання патрабуе ад беларусаў грамадзянскай мужнасці. І толькі вызначыўшыся ў сваёй грамадзянскай, прафесійнай пазіцыі, заснаванай на каштоўнасцях, можна казаць пра наступныя крокі.

Задачу фармавання грамадзянскіх кампетэнцый немагчыма вырашыць толькі сродкамі грамадзянскай адукацыі. Тут неабходны змены ў самім грамадстве, якое вызначыць запатрабаванасць тых кампетэнцый.

Міжнародныя эксперты прызналі, што дасёння палітыкі і дзяржаўныя дзеячы ў дэмакратычных краінах не здолелі знайсці эфектыўны падыход да пазбягання небяспекаў, якія нясе ўсяму свету аўтарытарызм новай версіі. Але ясна адно: замест нас саміх нашую частку працы ніхто не зробіць.

Тамара Мацкевіч

Крыніца: Часопіс «Адукатар» №22 (2012), с. 16 – 19

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *