Жыхары Пружан патрабуюць перанесці ў іншае месца фірмовую краму “Склад” Берасцейскага лікёра-гарэлачнага завода, якая нядаўна адчынілася насупраць сярэдняй школы № 4. Паводле Правабарончага цэнтра «Вясна».Людзі лічаць такое размяшчэнне крамы шкодным для дзяцей і падлеткаў.

Па словах пружанцаў, у горадзе добрай кавы няма дзе папіць, а вось з набыццём гарэлкі ніякіх праблем не існуе. Ля кожнай школы ёсць крама, дзе прадаюцца алкагольныя напоі, а каля сш №4 цяпер з’явілася яшчэ і спецыялізаваная. Гараджане лічаць, што трэба не толькі новую перанесці ад школы, але і старыя ліквідаваць, каб дзеці не бачылі дрэнных прыкладаў з боку дарослых, якія злоўжываюць алкаголем.

Намеснік старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Зубко лічыць, што паводле закону любая крама можа гандляваць гарэлкай, калі прытрымліваецца вызначаных правілаў. А праблема алкагалізацыі палягае значна глыбей. Па яго словах, не з крамаў трэба пачынаць, а тым больш “Склад” абсталяваны відэаназіраннем і дзецям там рабіць няма чаго наогул. Хацелася б, кажа Зубко, каб крамаў з гарэлкай было няшмат, як у Швецыі, але пакуль мы так жыць не можам.

Былы дырэктар сш № 4, грамадскі актывіст  Іван Здановіч упэўнены, што лікёра-гарэлачную краму трэба прыбраць ад школы, бо прыклад дарослых для дзяцей заразны. Такой жа думкі прытрымліваюцца святары, вернікі і сотня тых гараджан, падпісаўшыя заяву, у якой просяць мясцовыя ўлады аднесці краму  “Склад” ад школы — зрабіць першы крок у антыалкагольнай кампаніі.

Па меркаваннях пружанцаў, пакуль эканоміка дзяржавы будзе залежаць ад “п’яных грошай”, змагацца за цвярозы лад жыцця вельмі цяжка.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]