Штодзённая  праца пачынаецца а 10 раніцы, таму мы прачнуліся крыху раней, паснедалі і прыняліся за справы.

Расклад да абеда быў такі: ты таскаеш цэглу вось з той хаты, ты дапамагаеш мне на 3 паверсе, ты гатуеш сняданак, а ты, а ты, а ты…

Пасля працы мы аб’ядналіся за сталом. Таксама да нас далучыліся будаўнікі, якія дапамагаюць “Дзедзічу” будаваць Дом еўрапейскіх сустрэч.

Пасля абеда амаль усе удзельнікі летніка сабраліся на ганку і абмяркоўвалі, што было ўчора. Галоўнай тэмай была гульня ў асацыяцыі, у якой мы высветлілі нашыя падабенствы да розных рэчаў. Прайшоў час і ганак стаў пустым — усе разышліся па сваіх справах. Хтосьці пайшоў на возера ці на 2 паверх спаць, а некаторыя людзі засталіся на кухне і гатавалі кампот з ягад, якія назбіралі Наста і Юля.

З розных бакоў усе пачалі падцягвацца на кухню, як толькі кампот быў гатовы. Мы ўзялі кубкі, печыва і пайшлі да вогнішча. Там і правялі астатні час. Размовы, гульні, не абыйшлося і без страшных гісторый. Будаўнік, які застаўся ночыць з намі, распавел аб тым, што аднойчы здарылася з яго напарнікам у нашым будучым Доме сустрэч. Яго сябр убачыў здань скрывавленай бабулі, якая па мясцовым легендам некалі, яшчэ ў польскі час, жыла ў гэтай хаце і людзі лічылі яе вядзьмаркай. Хочаце верце, хочаце не, але ў прыбіральню дакладна страшна стала хадзіць! (:

Потым Рома прыцягнуў да вогнішча гітару і мы разам спявалі песні. Так і скончыўся другі дзень у весцы Залессе.

[supsystic-social-sharing id="1"]