Большасць гандлёвых месцаў на рынках Брэста — “Юбілейны”, “ЦУМ”, “Лагуна”, “Варшаўскі” – па-ранейшаму зачыненыя, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У гандляроў няма ўпэўненасці, што пасля 1 ліпеня яны не будуць пакараныя за тое, што іх праца не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюзу.

Як паведамілі ў брэсцкім прадстаўніцтве РГА “Перспектыва”, калі спачатку прадпрымальнікі падтрымалі папераджальны страйк, што адбываўся ў Беларусі, дык зараз проста не маюць магчымасці працаваць легальна, бо тэхнічны рэгламент, які тычыцца прадукцыі лёгкай прамысловасці, абавязвае гандляроў мець дакументы, што падцвярджаюць якасць тавару. “Такіх дакументаў мы не маем і таму як мы можам працаваць, парушаючы закон? — распавялі прадпрымальнікі. — Атрымліваецца, што па закону мы не можам ажыццяўляць сваю дзейнасць, пакуль не будзе надрукавана афіцыйная пастанова пра тое, што ўвядзенне дадатковай сертыфікацыі тавара адкладзена”.

Пры гэтым у РГА”Перспектыва” заявілі, што зараз на рынках Брэста не працуюць каля 70% прадпрымальнікаў. Астатнім яны не замінаюць гандляваць, але папярэджваюць, што на цяперашні час гэта можа быць ўспрынята кантралюючымі структурамі як парушэнне заканадаўства.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]