Цяпер беларусы маюць шанец атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжою таксама дзякуючы падтрыманню праграмы ім. Стэфана Банаха.

Кіраўнікі праграмы падкрэсліваюць, што ўзяць удзел у ёй можа кожны, незалежна ад палітычных поглядаў.

Польскае Міністэрства замежных справаў пры супрацы з Міністэрствам навукі ды вышэйшай адукацыі абвесцілі пра пачатак новай стыпендыяльнай праграмы для студэнтаў, якія вывучаюць эканоміку, тэхнічныя, прыродазнаўчыя ці сельскагаспадарчыя навукі або займаюцца еўрапейскімі даследаваннямі, паходзячы пры гэтым з краінаў «Усходняга партнёрства» (Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія ці Азербайджан).

Хоць «Усходняе партнёрства» – праект Еўразвязу, стыпендыяльная праграма імя Стэфана Банаха паўстала з ініцыятывы польскага боку і будзе дзеяць толькі ў Польшчы.

Ацэньваць здольнасці кандыдатаў будзе прыёмная камісія, у склад якой увойдуць прадстаўнікі Міністэрства навукі ды вышэйшай адукацыі, якія маюць досвед у наборы замежных студэнтаў. Сумоўе адбудзецца ў сталіцах краінаў «Усходняга партнёрства», дзе жывуць кандыдаты, якія самі абяруць сабе польскую вучэльню для навучання.

Заяўкі можна падаваць да 21 чэрвеня. Вынікі абвесцяць 2 жніўня.

Стыпендыі прапаноўваюцца на двухгадовае навучанне ў магістратуры польскіх дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў. На першым этапе праграмы ў 2013/2014 навучальным годзе прымуць 50 студэнтаў, у наступным – ужо 100.

Пасля першага года навучання стыпендыяты будуць мець магчымасць паехаць у іншыя краіны Еўразвязу ў межах праекту міжнароднага абмену «Erasmus» (калі яны абяруць універсітэт, які заключыў адпаведныя дамовы з еўрапейскімі ўніверсітэтамі).

Крыніца: adukacyja.info

[supsystic-social-sharing id="1"]