Колькасць хлопцаў, якіх можна прызваць, падае, а лік прызыўнікоў не змяняецца ўжо дзесяцігоддзе. Таму трапіць у беларускае войска штогод становіцца ўсё лягчэй.

Сёння першыя хлопцы, што патрапілі пад вясенні прызыў 2013 году, адправяцца ў часткі. Агулам для службы знайшліся каля 9 тыс. чалавек — стандартная лічба, якой папаўняюць беларускае войска штогод.

Але трапіць у лік шчаслічыўкаў сёлета нашмат лягчэй, чым, напрыклад, дзесяцігоддзе таму. Шанцы 18-гадовага хлопца трапіць у беларускае войска за апошняе дзесяцігоддзе павялічыліся прыкладна на 57%.

Звязана гэта найперш з дэмаграфічным правалам. Паводле дадзеных Белстату, у 2002 годзе дзяцей да 17 гадоў у Беларусі было 376 тысяч, а ў 2012 стала 216 тысяч. Прапорцыя хлопчыкаў застаецца звычайна нязменнай, але ж колькасць 18-гадовых прызыўнікоў у 2003 і 2013 гадах адпаведна моцна адрознівалася. І, што сумна для тых, за кім ваенкаматы сочаць, беларуская дэмаграфія і надалей будзе не на баку маладых людзей без права на адтэрміноўку.

Адтэрміновак, дарэчы, за апошняе дзесяцігоддзе стала меней. Спачатку ў 2010 адтэрміноўкі ад службы пазбавілі завочнікаў з ВНУ (хаця думалі пра ўсіх платнікаў увогуле). У 2012 Мінабароны значна скараціла пералік хваробаў, праз якія ў войска не бяруць. Так супала, што скарачэнне прыйшлося на найбольш распаўсюджаныя захворванні, паводле якіх непрыдатнымі прызнаваліся да паловы ўсіх прызыўнікоў, што маюць праблемы са здароўем. Напрыклад, скаліёз. А сёлета ў войска сталі браць і завочнікаў з каледжаў і ПТВ.

І пакуль хваробы даюць усё меней шанцаў у войска не пайсці, адзінай дакладнай нагодай для адтэрміноўкі застаецца адукацыя. Прычым нагода гэта становіцца ўсё больш папулярнай: калі два гады таму 65% усіх адтэрміновак былі звязаныя з працягам навучання, то цяпер такіх 70%. Хаця саміх хлопцаў з адтэрміноўкамі стала меней прыкладна на 15 тысячаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе тэрміновая служба можа працягвацца болей за год. Столькі служыць даводзіцца тым хлопцам, хто не мае вышэйшай адукацыі. Большасць еўрапейскіх краін адмянілі прызыў, альбо значна абмежавалі яго. Напрыклад, ва Украіне на службу бяруць толькі тых, каму няма яшчэ 25 гадоў.

Верагодна, у бліжэйшыя гады служыць у Беларусі ўсё ж будзе каму. Але прыйдзецца гэта рабіць амаль усім, хто можа.

Крыніца: generation.by

[supsystic-social-sharing id="1"]