25 мая ЛГБТ-актывісты плануюць правесці ў сталіцы першы ва Украіне маштабны гей-прайд , у межах якога будуць фотавыставы, кінапаказы, дыскусіі і Марш роўнасці.Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Плануецца, што адстойваць свае правы выйдуць 500 удзельнікаў прайду, у руках у іх будуць плакаты з лозунгамі «Усе розныя — усе роўныя», «Роўныя падаткі — роўныя правы», «ЛГБТ — за сям’і і ўзаемападтрымку».

Арганізатары прайду запрасілі партнёраў з іншых гарадоў і краін. Беларускі ЛГБТ-актывіст Сяргей Андросенка паведаміў, што беларуская дэлегацыя ўжо ў Кіеве. «У гэтым годзе на 90% дэлегацыя складаецца з дзяўчат і трансгендэраў. У мінулым годзе, наадварот, было больш хлопцаў», — адзначыў Андросенка.

У Еўропе гей-прайды праводзяцца яшчэ з 70-х гадоў. Да прыкладу, у леташнім прайдзе ў Берліне прынялі ўдзел 700 тыс. чалавек.

Ва ўкраінскай сталіцы адбудзецца менавіта праваабарончая акцыя з патрабаваннямі забяспечыць роўныя ўмовы і магчымасці для жыхароў Украіны, якія належаць да ЛГБТ-супольнасці. Марш падтрымалі шматлікія праваабарончыя арганізацыі, міжнародныя структуры, місіі Еўрасаюза і замежных дзяржаў — такіх як Нідэрланды, Швецыя, Нарвегія, Вялікабрытанія, ЗША, Германія і інш.

Партнёрам КіеўПрайду2013 выступае Мюнхен — горад-пабрацім ўкраінскай сталіцы.

Мерапрыемства адбудзецца з захаваннем патрабаванняў украінскага заканадаўства адносна правядзення публічных акцый, бяспека ўдзельнікаў мерапрыемства забяспечвацца атрадамі ГУМВД Украіны ў горадзе Кіеве.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]