Упершыню за адзінаццаць год у Берасці адбылася няўрадавая дэманстрацыя дазволеная ўладамі.

Дэманстрацыя пачалася у 11 гадзін, калі калона, што збіралася амаль паўгадзіны, пачала рухацца па праспекце Машэрава ў бок вуліцы Леніна. Людзі ідуць па тратуары, над галовамі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, у руках плакаты, а машыны, што едуць міма, сігналяць. Мінакі спыняюцца, некаторыя фатаграфуюць, іншыя глядзяць уважліва ды здзіўлена, як жа гэта бачыць дэманстрацыю з нацыянальнымі сцягамі пасярод Берасця, а не на забытым богам стадыёне «Лакаматыў»? Асабліва запомніўся яскравы момант: на адным з прыпынкаў, да нас звяртаецца пажылы мужчына, сардэчна паціскае дэманстрантам рукі, усміхаецца. І ў гэтым такім простым яго дзеянні столькі адчуваецца ўвагі, згоды. А калона час ад часу скандуе «Жыве Беларусь!»

Па прыкладных падліках арганізатараў на дэманстрацыю прыйшло каля 200 чалавек. Трэба адзначыць тое, што мерапрыемства сабрала розныя партыі і грамадскія арганізацыі: сацыял-дэмакратаў, камуністаў, БНФ, і прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Арганізатарам дэманстрацыі выступіла Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (БСДП(Г)).

Мэта дэманстрацыі — святкаванне Міжнароднага дня салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы, аб’яднанне намаганняў грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы (нізкі ўзровень жыцця насельніцтва, пастаянны рост коштаў на тавары і паслугі).

Як адзначыў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, Дзмітрый Шыманскі сённяшняя акцыя прадэманстравала еднасць прадстаўнікоў розных дэмакратычных арганізацый, якія сабраліся разам пад рознымі сцягамі:

— Гэта кажа пра тое, што мы можам аб’яднацца для дасягнення адзінай мэты, можам знайсці агульную мову з прадстаўнікамі розных ідэалогій. Для нас гэтая акцыя — легальная магчымасць выказаць пратэст супраць сітуацыі у краіне: супраць расейскіх вайсковых баз, супраць росту коштаў на навучанне студэнтаў, супраць далейшага збяднення медыцыны, супраць адсутнасці ў народа магчымасці кантраляваць уладу. Я лічу, што сваіх вынікаў мы дасягнулі.

Прадстаўнікі партыі БНФ выйшлі на дэманстрацыю з бел-чырвона-белымі сцягамі плакатамі: «Народны кантроль: выбары, грошы, улада», «Цвіль у дзіцячай бальніцы: хто вінаваты?», «Сёння расейская вайсковая база, заўтра – 22 чэрвеня», «Кошт навучання у ВНУ прывязаць да ўзроўню інфляцыі».

Шэсце скончылася ў 12.00 ля фантана на плошчы Леніна, акурат насупраць будынка аблвыканкама. Напрыканцы з прамовай выступіў старшыня Берасцейскай філіі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі.

Міліцыянты і людзі ў цывільным суправаджалі дэманстрантаў падчас шэсця, аднак трэба адзначыць, што затрыманняў ці нейкіх непаразуменняў з прадстаўнікамі ўлады не было.

[supsystic-social-sharing id="1"]