Журналіст-праваабаронца Тамара Шчапёткіна з Бярозы ў гонар Дня Волі вывесіла на сваім балконе нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг (на фота). Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Т. Шчапёткіна была здзіўлена ранняму званку непасрэдна ў дзверы кватэры.  Жанчына падумала, што суседзі, паколькі ўсе астатнія спачатку карыстаюцца дамафонам.

За дзвярыма стаяў малады чалавек у цывільным. Ён прадставіўся ўчастковым Сяргеем Несцяровічам, хаця пасведчання пры гэтым не паказаў. У кватэру зайсці адмовіўся і спытаў Шчапёткіну, што ў яе вісіць за вакном бел-чырвона-белага колеру.

— А вы што не ведаеце, што гэта такое?- здзіўлена спытала Шчапёткіна.

— Не, — сказаў участковы.

— Беларускі гістарычны сцяг, -растлумачыла жанчына.

— Дык у нас жа чырвона-зялёны, — няўпэўнена працягваў Сяргей Несцяровіч.

— Гэта дзяржаўны.

— Я прыйшоў, бо грамадзяне паскардзіліся, што тое, што вісіць у вас за вакном, іх абражае.

— А словы на будынках з трох літар, якія “радуюць” вока гадамі, іх не абражаюць? — абурана спытала Тамара Шчапёткіна.

— Не, да іх яны прывыклі, — бесхітрасна адказаў ахоўнік парадку.

— Дык пакажыце заяву гэтых грамадзян.

—  Яны стаяць на вуліцы. Вам будзе павестка, прыйдзеце ў міліцыю, — папярэдзіў участковы.

— Чаму вы прымушаеце зняць наш гістарычны сцяг?

— Я не прымушаю. А калі вам будзе павестка ў міліцыю, дык ведайце, па якому пытанню. Больш я вас не затрымліваю, — сказаў участковы Сяргей Несцяровіч, збягаючы ўніз па лесвіцы.

Унізе  яго чакалі чацвёра таварышаў таксама ў цывільным.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]