Жыхар Брэста Міхаіл Лукашук 13 гадоў таму падаў дакументы на прыватызацыю дома і зямельнага ўчастка ва УП праектны інстытут “Брэстгіпразем”, заплаціўшы патрэбную суму для афармлення дакументаў. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Але патрэбныя дакументы так і не атрымаў. Спачатку супрацоўнікі “Брэстгіпразема” прасілі пачакаць да новых зменаў у заканадаўстве. Але змянілася заканадаўства і разам з тым аплата за дакументы. З Лукашука сталі патрабаваць даплаты. Мужчына заўпарціўся і адмовіўся даплаціць грошы па прычыне таго, што здаў дакументы да зменаў і цалкам разлічыўся за паслугі.

За дапамогай Міхаіл Лукашук звярнуўся да брэсцкіх праваабаронцаў.

Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, пасля 13 гадоў змаганняў, гары спісаных папер, ужо нават калі знікла вера ў перамогу, перамога прыйшла. Спадар Лукашук атрымаў адказ з упраўлення Дзяржаўнай камунальнай маёмасці РБ, што прадпрыемства “Брэстгіпразем” павінна за свой кошт зрабіць яму ўсе дакументы, паколькі свае абавязкі ў адносінах да “Брэстгіпразема” грамадзянін выканаў цалкам.

Праўда, Міхаіл Лукашук канчаткова паверыць сваёй перамозе толькі тады, калі будзе трымаць дакументы на руках.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]