Адрасам чарговага будаўнічага канфлікту з’яўляецца дваровая тэрыторыя каля дому №76/1 на вуліцы Карбышава, дзе мяркуецца пачаць узвядзенне шматпавярховага будынку. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Супраць новабудоўлі выступаюць не толькі жыхары згаданага дому па вуліцы Карбышава, але і двух суседніх будынкаў. На іх погляд, планаваць шматпавярхоўку ў такім шчыльна забудаваным квартале азначае істотнае пагаршэнне ўмоваў пражывання цяперашніх жыхароў, бо нават зараз дваровая тэрыторыя фактычна адсутнічае: замест прадугледжаных 10 квадратных метраў зямлі на чалавека, тут атрымліваецца толькі 2 метры.

Жыхары пажадалі абмеркаваць праблемы гэтага кварталу з прадстаўнікамі ўлады, аднак засталіся незадаволеныя вынікамі, бо запрошаныя на сустрэчу галоўны архітэктар горада Алег Ляшук, намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Якубоўскі, адказныя асобы санітарных службаў і МНС запэўнівалі, што будаўніцтва шматпавярховага дому адпавядае нормам, а дваровая тэрыторыя нават будзе добраўпарадкавана пасля таго, як скончыцца будоўля. Але мясцовыя жыхары спадзяюцца, што праект “ушчыльнення” усё ж будзе перагледжаны (ва ўсялякім разе, улады паабяцалі разгледзіць пытанне пра карэкціроўку сваіх першапачатковых планаў) і шматпавярхоўка на гэтым месцы не з’явіцца.
Крыніца: spring96.org

 

[supsystic-social-sharing id="1"]