nn.by падрыхтавала цікавы матэрыял пра тое якія краіны Еўрасаюза атрымліваюць датацыі з бюджэта, а якія наадварот, плоцяць больш чым астатнія.

На гэтай схеме можна бачыць, хто ў бюджэт Еўрасаюза больш плаціць (аранжавым), а хто — атрымлівае (салатавым).

Сума датацый па розных лініях пазначаная на белым фоне, сума выплат у бюджэт — на чорным.

Сістэма субсідый прадуманая так, каб выраўнаць узровень развіцця краін Еўрасаюза. Паводле разлікаў, такое выраўноўванне прывядзе з часам да ўзмацнення ЕС як цэлага, а таксама забяспечыць нацыянальную бяспеку ЕС як у сферы харчовай самадастатковасці, так і ў інфраструктуры і энэргетычнай палітыцы.

Найбольшы донар ЕС — Нямеччына.

Краіны ж Цэнтральнай і Усходняй Еўропы атрымліваюць немалую дапамогу. Апошнія сем гадоў Польшча штогод атрымлівала ад ЕС каля 11 мільярдаў еўра (=14 мільярдаў даляраў). Літва — каля 1,3 мільярда еўра (= 1,7 млрд даляраў). Для параўнання: Беларусь у тры разы большая, чым Літва.

Сума датацый разлічваецца ў залежнасці ад памеру ВУП краіны, патрэбаў таго ці іншага сектараў, а таксама ўмоваў, якія краіна выгандлявала ў часе складаных унутрыеўрапейскіх перамоваў. Літва на грошы Еўрасаюза пераабсталявала школы і ўніверсітэты, разбудавала аэрапорты, інвеставала ў турыстычныя аб’екты і аўтатрасы. Вялізныя сумы атрымліваюць з еўрабюджэту сяляне. Крайне важнымі былі праекты падлучэння энэргасетак да еўрасаюзаўскіх, што дае падушку бяспекі на выпадак энэргетычнага шантажу.

Акурат сёння ў Брусэлі распачаўся чарговы саміт Еўрасаюза, на якім будзе прынятае рашэнне аб бюджэце на 2014–2020 гады. Брытанія, Нідэрланды, Швецыя і Фінляндыя хацелі б змяншэння аб’ёму еўрасаюзаўскіх вытрат. Францыя і бяднейшыя краіны, наадварот, пярэчаць абразанню фондаў. Францыя атрымлівае шмат на падтрымку сваёй вялікай сельскай гаспадаркі. А бяднейшыя краіны разлічваюць на грошы з ЕС на розныя патрэбы.

СГ

Крыніца: nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]