Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Пры зносе драўлянай забудовы ў Гомелі парушалася прыродаахоўнае заканадаўства

Пры руйнаванні драўлянай забудовы ў цэнтры Гомеля парушалася прыродаахоўнае заканадаўства. Гэта вынікае з адказу, які атрымаў на сваю заяву жыхар Гомеля Кастусь Жукоўскі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Нагадаем, у цэнтры Гомеля, нягледзячы на пратэст грамадскасці, руйнуецца ўнікальная драўляная забудова. Актывісты розных грамадскіх арганізацый – «Талакі», «ТБМ», неабыякавыя грамадзяне спрабуюць пераканаць улады захаваць дамы, упрыгожаныя драўлянымі карункамі, уласцівымі толькі для паўднёва-ўсходняга рэгіёну Палесся, надаць ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

З Гомельскай гар-раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на сваю заяву Кастусь Жукоўскі атрымаў адказ, што пры зносе дамоў на вуліцы Валатаўской устаноўлены факт спальвання адходаў ад разборкі будынкаў. За парушэнне патрабаванняў абыходжання з адходамі індывідуальны прадпрымальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ў памеры 500 тысяч рублёў.

Гомельская гар-раённая інспекцыя прыроды выказала Кастусю Жукоўскаму падзяку «за чулыя адносіны да навакольнага асяроддзя Гомеля».

Разам з тым, актывісты ўпэўнены, што калі б усе кантралюючыя і праваахоўныя органы, а таксама мясцовыя ўлады звярнулі б пільную ўвагу на знос драўлянага Гомеля, то парушэнняў было б выяўлена вельмі шмат, і не толькі прыродаахоўнага заканадаўства.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *